12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXXII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш адкрылася ў адміністрацыйным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14 у Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэтым годзе ўдзел у выставе-кірмашы прымаюць каля 20 краін, сярод якіх - удзельнікі ЕАЭС, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Куба, Кітай і іншыя.
Міністр інфармацыі Марат Маркаў адзначыў, што выстава ўжо многія гады з'яўляецца адной з самых яркіх падзей у духоўным жыцці беларусаў. "Яна аб'ядноўвае пісьменнікаў, выдаўцоў і аматараў новых цікавых кніг з розных краін. Міжнародная выстава набыла заслужаную вядомасць у сусветнай кніжнай супольнасці, і пацвярджэннем гэтага з'яўляецца ўдзел у ёй гасцей з больш як двух дзясяткаў краін", - адзначыў ён. Міністр падкрэсліў, што цэнтральным інструментам на гэты раз выступае Еўразійскі эканамічны саюз, у якім у год дзесяцігоддзя стварэння старшынствуе Беларусь.
Марат Маркаў таксама падкрэсліў, што ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі на выставе шырока прадстаўлены кнігі, што раскрываюць подзвіг народа, які адстаяў сваю свабоду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "Паказальна, што кніжныя праекты беларускіх выдаўцоў дакладна паказваюць міралюбнасць Беларусі і наша імкненне да добрасуседства і супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. У гэтым сутнасць суверэннай знешняй палітыкі нашага Прэзідэнта", - адзначыў ён.
Сёння ў ходзе выставы адбудзецца яшчэ адна значная падзея - міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час". "У гэтым годзе галоўная тэма дыскусіі - "Культура і інфармацыя як напрамкі развіцця гуманітарнай прасторы". Такая тэма невыпадковая, паколькі свет сапраўдных кніг заўсёды звязаны з барацьбой за захаванне гуманістычных асноў, гістарычнай праўды, згоды і справядлівасці на планеце. Менавіта згода і справядлівасць - гэта дзве вялікія каштоўнасці Беларусі, кіраўніцтва якой выбудоўвае мірную будучыню краіны, каб перадаць яе дзецям", - адзначыў міністр.
Марат Маркаў перакананы, што Мінская кніжная выстава, як і раней, будзе садзейнічаць папулярызацыі чытання добрай кнігі, умацаванню супрацоўніцтва паміж пісьменнікамі і выдаўцамі нашых краін, а таксама ўзаемаразуменню паміж народамі. Выстава прадоўжыць работу да 16 сакавіка.
12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам ХХХII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу і ХI Міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.
"Мінская выстаўка-кірмаш, з'яўляючыся ўнікальнай падзеяй грамадскага, культурнага і духоўнага жыцця Беларусі, мае высокі міжнародны статус і кожны год прыцягвае ўвагу тысяч людзей", - гаворыцца ў прывітанні.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ва ўсе часы кніга была і застаецца галоўнай крыніцай ведаў, часткай інтэлектуальнай спадчыны продкаў і сёння, у век інфармацыйных тэхналогій, садзейнічае ўмацаванню адзінства народа і служыць выхаванню лепшых маральных якасцей у моладзі.
Знамянальна, што цяперашні форум праходзіць у час 80-годдзя Вялікай Перамогі і гэтай падзеі прысвечаны многія мерапрыемствы і стэнды выстаўкі, якія расказваюць пра подзвігі, гераічную барацьбу і генацыд беларускага народа, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Перакананы, традыцыйныя сустрэчы літаратараў і аматараў кнігі адкрываюць новыя гарызонты для гуманітарнага супрацоўніцтва, збліжэння краін і народаў", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім удзельнікам і гасцям выстаўкі плённай работы і творчага натхнення, цікавых сустрэч і прыемных уражанняў.