18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прапануецца перадаць функцыі рэгулятара ў турыстычнай сферы ад Міністэрства спорту і турызму Нацыянальнаму агенцтву па турызме. Гэта пытанне стала адной з тэм нарады Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адным з пытанняў, якое разглядаюць на нарадзе ў Прэзідэнта, стала дзяржаўнае кіраванне ў сферы турызму. Савет Міністраў падрыхтаваў указ, які прадугледжвае перадачу функцый рэгулятара ў турыстычнай сферы ад Міністэрства спорту Нацыянальнаму агенцтву па турызме. Агенцтва, у сваю чаргу, прапануецца перадаць у непасрэднае падпарадкаванне ўраду. Кіраўнік дзяржавы запрасіў кіраўніцтва Саўміна, каб атрымаць канкрэтныя адказы на шэраг пытанняў.
Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што перашкаджае дзеючаму рэгулятару эфектыўна кіраваць галіной і што зменіцца з прыняццем указа, які пакуль яшчэ не падпісаны.
"Які практычны механізм рэалізацыі заяўленых мэт: як, за кошт чаго айчынны турызм атрымае новы імпульс для развіцця?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што на наступную пяцігодку ўраду пастаўлена задача зрабіць турызм нацыянальным праектам, максімальна рэалізаваць яго эканамічны патэнцыял. "Беларусь (мы гэта ведаем) - вельмі цікавая краіна для турыстаў. Але справа ж не толькі ў цікавасці. Склалася такая сітуацыя (і нават цяпер, наколькі я гэта бачу ў сродках масавай інфармацыі), што свабодных месцаў сёння ў гасцініцах няма. І тыя, хто займаецца турызмам, сёння поўнасцю загружаны. Калі нават і хацелі б больш - немагчыма. Але для таго, каб было больш, Снапкоў (першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў. - Заўвага БЕЛТА) і іншыя прапануюць стварыць новае міністэрства, як я гаварыў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Каб павялічыць прыток турыстаў, прадоўжыў кіраўнік дзяржавы, спатрэбіцца павышэнне якасці паслуг і дадатковае развіццё інфраструктуры індустрыі гасціннасці. "Груба скажу: калі ў гасцініцах па сценках і пад ложкамі будуць поўзаць тараканы, то ніякія турысты сюды не паедуць. Узровень патрэбны такі, каб і беларусы часцей выбіралі адпачынак на роднай зямлі. Я думаю, яны і выбіраюць", - дадаў Прэзідэнт. Разам з тым, заўважыў ён, беларусы нярэдка выбіраюць адпачынак за мяжой, але гаворка пераважна ідзе пра тыя краіны, дзе ёсць выхад да мора, а клімат больш гарачы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якіх канкрэтных эканамічных паказчыкаў урад плануе дасягнуць у галіне да канца пяцігодкі і на сярэднетэрміновую перспектыву. Кіраўнік дзяржавы таксама абазначыў шэраг іншых пытанняў, якія даюць больш поўнае разуменне планаў развіцця айчыннай турыстычнай галіны.
"Нельга забываць пра важнейшы складнік - кадравае пытанне. Хто будзе рэалізоўваць вашы планы і праграмы? Як будзе выбудавана ўзаемадзеянне з рэгіёнамі? Якая пазіцыя губернатараў па пытанні гэтай рэарганізацыі?" - спытаў Прэзідэнт.
Разам з тым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, размова не ідзе аб рэформе дзеля рэформы. Стварэнне новай кіраўніцкай структуры ў сферы турызму не можа абмежавацца перайменаваннем і змяненнем падпарадкавання.
"Наспела неабходнасць кардынальных змяненняў форм і метадаў работы па развіцці турызму як унутры краіны, так і на знешніх рынках", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.