Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

7 Jan 2018

Хакейная каманда Беларусі перамагла Расію ў фінале Каляднага турніру

Хакейная каманда Беларусі перамагла Расію ў фінале Каляднага турніру

8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каманда Беларусі перамагла сапернікаў з Расіі з лікам 6:1 (4:0, 1:1, 1:0) у фінале XIV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Фіналісты спаборніцтваў упэўнена правялі папярэднюю частку, атрымаўшы па тры перамогі. Расійскую зборную прадстаўлялі ігракі з вялікім вопытам гульні на прафесійным узроўні. Каманда сапернікаў беларусаў упэўнена правяла напярэдадні матч супраць чэхаў. Барацьба ў фінале чакалася ўпартай, аднак шмат што вырашыў вынік першых 20 мінут сустрэчы ў "Чыжоўка-Арэне".

Гаспадары пляцоўкі ўжо на 3-й мінуце стартавага перыяду адкрылі лік. Пасля кідка з сярэдняй дыстанцыі Андрэя Глебава нападаючы Аляксандр Кулакоў падкарэкціраваў траекторыю палёта шайбы, падставіўшы клюшку - 1:0. Расіяне паспяхова правялі адрэзак у сярэдзіне перыяду і доўгі час трымалі сапернікаў у напружанні, пагражаючы небяспечнымі кідкамі. Аднак хуткая атака беларусаў дала магчымасць вызначыцца Даніэлю Корса, які хутка аформіў галявы дубль. Замацаваў перавагу беларускай каманды Дзмітрый Мялешка - 4:0.

У самым пачатку другога перыяду беларусы закінулі пятую шайбу ў вароты расіян, пасля чаго госці значна прыбавілі ў скорасці. Моманты каля варот гаспадароў пляцоўкі ўзнікалі даволі часта. На 27-й мінуце матчу алімпійскі чэмпіён Сяргей Святлоў змог дабіць шайбу, якая затрымалася ў шчытках галкіпера. У сярэдзіне другога перыяду расіяне таксама атрымалі магчымасць згуляць у большасці і змаглі нават вызначыцца, але шайба не была залічана, паколькі аказалася ў сетцы не па правілах. У канцы перыяду госці двойчы аказваліся ў меншасці, але закінуць да перапынку беларусы больш не змаглі.

У заключным перыядзе расіяне мелі некалькі магчымасцей, каб скараціць адставанне ў ліку, але выдатна на апошнім рубяжы абароны дзейнічаў на працягу ўсёй гульні галкіпер Сцяпан Гарачэўскіх. Канчатковы лік у фінальнай сустрэчы ўстанавіў Аляксандр Лукашэнка, які за чатыры секунды да сірэны з пятачка змог трапіць у вароты сапернікаў - 6:1.

Каманды Беларусі і Расіі раней 11 разоў сустракаліся ў фінале Каляднага турніру аматараў хакея. Яшчэ двойчы ў вырашальны раўнд спаборніцтваў выходзілі хакеісты Фінляндыі.

Бронзавым прызёрам спаборніцтваў стала каманда Чэхіі, якая была мацнейшая за зборную ААЭ - 11:2.

Лепшымі ігракамі XIV Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі прызнаны: варатар - Сцяпан Гарачэўскіх (Беларусь), абаронца - Ян Галубоўскі (Расія), нападаючы - Павел Белы (Беларусь), лепшым бамбардзірам стаў Вацлаў Крал (Чэхія) - 18 балаў (10 галоў і 8 перадач).

У ходзе цырымоніі ўзнагароджання адбылося і ўшаноўванне лепшых ігракоў рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба" ў старэйшай узроставай групе. Лепшым варатаром прызнаны Дзмітрый Краснухін, абаронцам - Аляксандр Галавач, нападаючым - Ягор Рындзевіч (усе - "Мядзведзь"). Лепшым бамбардзірам стаў Мікалай Лукашэнка ("Грыфоны") - 16 балаў (10+6).

Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі праводзіцца ў Мінску з 2005 года. Беларуская каманда 11-ы раз выйграла гэтыя спаборніцтвы. Тройчы поспех святкавала расійская дружына (2007, 2011, 2015).

Арганізатарамі турніру выступаюць Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Федэрацыя хакея Беларусі, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкам, НАК, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і БРСМ.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі