Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

5 Ліс 2020

"Вы будаўнікі, якія ствараюць сучаснае і будучае краіны" - Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды і генеральскія пагоны


5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер дзейнасці, а таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Заўсёды з асаблівым пачуццём уваходжу ў гэту залу, таму што для мяне ўручэнне дзяржаўных узнагарод - цырымонія з глыбокім сэнсам. Гэта факт грамадскага прызнання вашых заслуг - заслуг людзей, чыёй працай забяспечваецца штодзённае жыццё краіны. Дэманстрацыя таго, як прафесіяналізм, працавітасць і мэтанакіраванасць дазваляюць чалавеку дасягнуць значных вынікаў у любімай справе, у поўнай меры рэалізаваць сябе ў нашай дзяржаве", - заявіў Прэзідэнт.

Удзельнікамі цырымоніі сталі 40 чалавек - работнікі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і сферы абслугоўвання, устаноў адукацыі, навукі і спорту, прадстаўнікі арміі і сілавых структур.

"Вы не проста паспяховыя людзі. Вы будаўнікі, якія ствараюць сучаснае і будучае краіны, будучае новых пакаленняў беларусаў, - звярнуўся да прысутных кіраўнік дзяржавы. - Кожны разважлівы чалавек ведае, што толькі вялікая стваральная праца з'яўляецца крыніцай дабрабыту як асобнай сям'і, так і дзяржавы. Вашы прафесійныя дасягненні - яскравае таго пацвярджэнне".

Сярод тых, хто атрымаў сёння дзяржаўныя ўзнагароды, вялікая група працаўнікоў вёскі: кіраўнікі перадавых прадпрыемстваў АПК, механізатары, аператары машыннага даення, работнікі жывёлагадоўчых комплексаў. Многія з іх удастоены ордэна Пашаны і звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі".

"Вы добра ведаеце, што лёгкі хлеб, малочныя рэкі і кісельныя берагі бываюць толькі ў казках. Сельская ж гаспадарка - гэта цэх пад адкрытым небам, дзе нават маленькі крок наперад у намалотах, надоях і прыбаўленнях у вазе - заўсёды вынік намаганняў соцень сельскіх працаўнікоў і работнікаў іншых сфер эканомікі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нізкі паклон вам і ў вашай асобе - усім аграрыям, якія не спалохаліся каранавіруса, не павяліся на абяцанкі палітыканаў і засталіся верныя свайму святому прызванню - карміць краіну і народ".

Сярод узнагароджаных ордэнам Пашаны - дырэктар ААТ "Хацілы-Агра" Вячаслаў Крыштафовіч, дырэктар Слуцкага хлебазавода Дзмітрый Чырэц і трактарыст-машыніст ААТ "Прынёманскі" Юрый Вітуля. Звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі" ўдастоены, у прыватнасці, дырэктар ЗАТ "Ніва" Рыгор Кавалёў і дырэктар ААТ "Агракамбінат "Юбілейны" Аляксандр Фірсін.

Прэзідэнт таксама ўручыў узнагароды вучоным, ваенным, работнікам сферы абслугоўвання, кіраўнікам ветэранскіх арганізацый, трэнерам і спартсменам.

У прыватнасці, ордэна "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўдастоены начальнік Дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны Юрый Шаплаўскі, ганаровага звання "Заслужаны юрыст" - загадчык кафедры крымінальнага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Грунтаў, "Заслужаны работнік сферы абслугоўвання" - начальнік упраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага гарвыканкама Якаў Родак, "Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл" - намеснік начальніка тылу УС па будаўніцтве і раскватараванні Мінабароны Сяргей Шышоў, "Заслужаны дзеяч навукі" - галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Логінаў.

Акрамя таго, трэнеру-выкладчыку Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту Мінгарвыканкама Аляксандру Кашкалдзе прысвоена ганаровае званне "Заслужаны трэнер", а спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор'і Вользе Сілкінай - "Заслужаны майстар спорту".

"Сёння мы таксама ўручаем новыя пагоны генералам, якія наглядна паказалі, як трэба служыць Айчыне, калі яна ў небяспецы, як трэба абараняць інтарэсы дзяржавы і свой народ, - сказаў у час цырымоніі Прэзідэнт. - Бо сапраўдны патрыятызм пераважна - гэта не словы, а справы, якія павышаюць якасць жыцця беларусаў і значна ўмацоўваюць нашу дзяржаву".

Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны генерал-лейтэнанта міністру абароны Віктару Хрэніну, старшыні КДБ Івану Тэртэлю і старшыні Дзяржпагранкамітэта Анатолю Лапо, а таксама пагоны дзяржаўнага саветніка юстыцыі 2-га класа генеральнаму пракурору Андрэю Шведу.

"Ад усёй душы віншую вас напярэдадні свята Вялікага Кастрычніка з заслужанымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. Перакананы, што разам мы зможам пераадолець цяжкасці, таму што мы народ і нас пераважная большасць. Мы ведаем, што рабіць, і зробім усё магчымае, каб абараніць і захаваць нашу Айчыну, заўтрашні дзень дзяцей і ўнукаў. Жадаю вам усім моцнага здароўя, вялікага асабістага шчасця і новых поспехаў на карысць вашых сем'яў і Беларусі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі