13 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр абароны Віктар Хрэнін, адказваючы на пытанні журналістаў, расказаў падрабязнасці закрытага даклада кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як растлумачыў міністр, даклад быў грунтоўны і датычыўся многіх тэм, у прыватнасці, стану спраў ва Узброеных Сілах, абстаноўкі на граніцы Беларусі з сумежнымі краінамі ў частцы ваеннай актыўнасці, ступені гатоўнасці УС да адбіцця патэнцыяльнай агрэсіі.
Адной з цэнтральных тэм, паводле слоў Віктара Хрэніна, стала падрыхтоўка да правядзення сумесных беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў "Захад-2025". Яна вядзецца ў строгай адпаведнасці з тымі ўказаннямі, якія былі дадзены раней. Усе асноўныя актыўныя мерапрыемствы і дзеянні войскаў будуць адбывацца ў цэнтры краіны, на асноўных палігонах УС Беларусі каля Барысава.
На гэты час прыбылі ўжо ў нашу краіну два расійскія падраздзяленні для ўдзелу ў гэтых вучэннях, яны пачынаюць размяшчэнне на палігоне. У сваю чаргу два падраздзяленні 120-й механізаванай брыгады УС Беларусі адбылі ў Расію, дзе будуць прымаць удзел у практычных мерапрыемствах гэтых вучэнняў.
Віктар Хрэнін заявіў аб гатоўнасці штабоў да правядзення вучэнняў "Захад-2025". Цяпер, паводле яго слоў, завяршаюцца мерапрыемствы па падрыхтоўцы палігонаў.
"Мы сябе адчуваем упэўнена, спакойна. Тэмы вучэнняў не скрываем, - падкрэсліў ён. - Гаворым, што асноўная - адпрацоўка абароны нашай тэрыторыі сумеснай рэгіянальнай групоўкай войскаў. Мерапрыемства планавае. Гэта не нейкае раптоўнае рашэнне". Па рашэнні кіраўнікоў дзяржаў, Беларусь і Расія праводзяць такія вучэнні кожныя два гады. На гэты раз "Захад-2025", як вядома, пройдзе з 12 па 16 верасня ў два этапы.
На першым этапе плануецца адпрацаваць работу штабоў па планаванні і кіраванні войскамі ў ходзе адбіцця агрэсіі на Саюзную дзяржаву. На другім - адпрацаваць пытанні вызвалення захопленых тэрыторый і стабілізацыі абстаноўкі. "Мы гэта адкрыта заяўляем і ў спакойным рэжыме збіраемся ўсё гэта выканаць", - сказаў міністр абароны.
Акрамя таго, у дакладзе Прэзідэнту размова ішла таксама аб падрыхтоўцы вучэнняў у рамках АДКБ, якія пройдуць на палігоне ў Віцебскай вобласці ў перыяд з 31 жніўня па 6 верасня. Частка падраздзяленняў расійскіх УС прыбыла ўжо, чакаецца прыбыццё воінскіх кантынгентаў іншых краін АДКБ. Віктар Хрэнін падкрэсліў, што гэтыя вучэнні таксама праводзяцца ў планавым рэжыме, абсалютна спакойна, і дэманструюць адкрытасць Беларусі і празрыстасць яе намераў.
Запрашэнні былі накіраваны ўсім дзяржавам - удзельніцам Венскага дакумента аб бяспецы. Гэта 56 краін. "Усім ім накіраваны запрашэнні. Пакуль мы чакаем адказаў. Сказаць, хто канкрэтна (будзе прысутнічаць. - Заўвага БЕЛТА), пакуль не магу", - сказаў міністр. Чакаецца, што адказы ад тых, хто хоча назіраць за вучэннямі, павінны паступіць да 20 жніўня.
Акрамя таго, у рамках двухбаковага міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Беларусь накіравала запрашэнні яшчэ ў 25 краін. У асноўным сярод іх дзяржавы - удзельніцы ШАС, АДКБ, СНД, іншыя дружалюбныя краіны. Гэта зроблена для таго, каб "яны маглі прыслаць сваіх прадстаўнікоў або, калі будзе такая магчымасць, кіраўнікоў абаронных ведамстваў, прыбыць назіраць за нашымі вучэннямі", растлумачыў Віктар Хрэнін.
"Але і гэта яшчэ не ўсё. У нас у краіне знаходзяцца больш як 30 ваенных аташэ, з іх дзевяць (з. - Заўвага БЕЛТА) краін НАТА. У іх таксама будзе магчымасць. Мы іх усіх запрашаем назіраць за нашымі вучэннямі. Тым самым мы яшчэ раз падкрэсліваем сваю міралюбнасць, адкрытасць і тое, што мы сапраўды хочам знізіць ваенную напружанасць, якую, на жаль, бачым, адчуваем. Мы робім першы крок. Хацелася б чакаць крокаў у адказ ад нашых суседзяў", - звярнуў увагу кіраўнік Мінабароны.
Адно з пытанняў журналістаў наконт маючых адбыцца вучэнняў датычылася магчымага задзейнічання новых спецыяльных элементаў, напрыклад, у абсталяванні тэрыторый. Якраз наконт гэтага - фарміравання ўмацраёнаў - былі даручэнні Прэзідэнта, калі ён наведваў такі аб'ект і знаёміўся з яго аснашчэннем у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці.
"Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы даручыў такія элементы ўмацраёнаў абсталяваць. Чатыры з пяці ўмацраёнаў ужо гатовы, актыўна выкарыстоўваюцца войскамі ў ходзе мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі. На вучэннях "Захад-2025" мы таксама плануем у двух з пяці раёнаў правесці трэніроўку нашых войскаў. Гэта будуць ваўкавыскі і смаргонскі напрамкі", - праінфармаваў міністр.
Паводле яго слоў, у цэлым на вучэннях будуць задзейнічаны многія сілы і сродкі УС, аснову складуць войскі Заходняга і Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання, але не абыдзецца, вядома, без сіл спецыяльных аперацый (ССА). "Усе падраздзяленні будуць дзейнічаць як на палігонах, так і на ўчастках мясцовасці на тэрыторыі Беларусі, у складзе батальённых тактычных груп, ротных тактычных груп, будзем трэніраваць і войскі, і штабы", - адзначыў ён.
Дарэчы, пра ССА міністр таксама далажыў Прэзідэнту. Размова ішла аб тым, як выконваюцца зацверджаныя кіраўніком дзяржавы планы развіцця УС і ў прыватнасці ССА, чыя арганізацыйная структура была перагледжана, істотна ўзмоцнена агнявая моц, перададзены ў падпарадкаванне рэактыўны і зенітна-ракетны палкі.
Журналісты спыталі Віктара Хрэніна, ці будуць на беларуска-расійскіх вучэннях адпрацоўвацца пытанні планавання прымянення ядзернай зброі і ракетнага комплексу "Арэшнік".
Кіраўнік ваеннага ведамства назваў ядзерную зброю важным элементам перш за ўсё стратэгічнага стрымлівання. "Як патрабуе кіраўнік дзяржавы, мы павінны быць гатовы да ўсяго. Мы бачым абстаноўку на нашых заходніх, паўночных граніцах і не можам спакойна назіраць за мілітарызацыяй і ваеннай актыўнасцю. Мы дэманструем сваю адкрытасць, міралюбнасць, але порах заўсёды трэба трымаць сухім", - сказаў Віктар Хрэнін.
Віктар Хрэнін падкрэсліў, што на вучэннях беларускія ваенныя з расійскімі калегамі таксама адпрацуюць пытанні планавання прымянення комплексу "Арэшнік". "Мы, вядома, і ў рамках вучэння "Захад" разам з нашымі расійскімі калегамі адпрацуем пытанні планавання прымянення гэтага віду ўзбраенняў", - сказаў ён.
Міністр абароны таксама звярнуў увагу на той факт, што кіраўніцтва краін НАТА спрабуе выкарыстаць "Захад-2025" як падставу для правядзення сваіх вучэнняў. "Больш за ўсё насцярожвае рашэнне польскага ваеннага кіраўніцтва аб стварэнні групоўкі больш як 30-34 тыс. ваеннаслужачых. Гэта ўжо сур'ёзная групоўка, паводле нашай ацэнкі. Трэба вельмі ўважліва глядзець (мы гэтым і будзем займацца) і рэагаваць. Калі яны будуць праяўляць нейкую агрэсію ў адносінах да Рэспублікі Беларусь, у нас ёсць, чым адказаць", - запэўніў ён.
Адно з пытанняў якраз датычылася гатоўнасці беларускай арміі адбіць магчымае нападзенне з боку патэнцыяльных праціўнікаў Беларусі. Гэта пытанне застаецца актуальным з улікам той напружанай абстаноўкі, якая складваецца каля беларускіх граніц.
"Гэта асноўная наша задача - быць гатовымі да адбіцця агрэсіі праціўніка. Уся дзейнасць нашых Узброеных Сіл менавіта на гэта і накіравана. Мы пастаянна займаемся ўдасканаленнем узроўню сваёй падрыхтоўкі, штабоў, войскаў, - адказаў Віктар Хрэнін. - Мы пастаянна ўдакладняем структуру Узброеных Сіл. Мы ўносім змяненні ў свае дакументы, формы і спосабы дзеяння войскаў. Мы глядзім на развіццё сродкаў узброенай барацьбы, якія сёння таксама вельмі імкліва развіваюцца - тыя ж беспілотныя лятальныя апараты, якія ўносяць вельмі сур'ёзныя змяненні на полі бою".
Міністр абароны нагадаў аб патрабаванні кіраўніка дзяржавы "не расслабляцца": "Мы менавіта гэтым і займаемся. Для гэтага мы праводзім вучэнні, трэніроўкі, адмабілізоўваем ваеннаабавязаных... Вы бачыце той вялікі комплекс мерапрыемстваў, якім цяпер займаюцца Узброеныя Сілы".
Пры гэтым, падкрэсліў ён, ва Узброеных Сілах Беларусі ёсць разуменне, што патэнцыяльныя праціўнікі назіраюць за гэтымі працэсамі і ацэньваюць беларускую армію. Менавіта таму даводзіцца ўлічваць, як яны могуць дзейнічаць супраць Беларусі. Гэтыя сцэнарыі разглядаюцца ў час усіх вучэнняў і штабных трэніровак. "Гэта мы і называем падрыхтоўкай і гатоўнасцю да адбіцця агрэсіі", - канстатаваў кіраўнік ваеннага ведамства.