Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

21 Снж 2018

"Ваш поспех - прыклад сапраўднага патрыятызму" - Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды работнікам розных сфер


21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў Палацы Незалежнасці ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам розных сфер дзейнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"За кожным высокім званнем, ордэнам, медалём - гісторыя чалавека. Чалавека-стваральніка, таленавітага, працавітага, адданага сваёй справе і краіне. Менавіта такія людзі сабраліся сёння ў гэтай зале. Тут прадстаўнікі амаль усіх сфер дзейнасці, прафесій і рангаў. Жыхары розных куткоў Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, усіх іх аб'ядноўвае агульнае імкненне зрабіць краіну больш прыгожай, багатай і паспяховай, абараніць мір і ўмацаваць суверэнітэт. "Сваімі дасягненнямі, перамогамі, добрымі справамі вы ўвайшлі ў гісторыю адыходзячага года, у гісторыю краіны. Праславілі не толькі сваё імя, але і сваю малую і вялікую радзіму", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ ўчора прысутнымі ў зале ганарыліся толькі блізкія, сябры і калегі. А сёння іх убачаць амаль усе жыхары Беларусі, даведаюцца мільёны суайчыннікаў, заўтра прачытаюць пра кожнага з іх у прэсе. "Для іх ваш поспех - прыклад сапраўднага патрыятызму, які праяўляецца ў канкрэтных справах і канкрэтных учынках", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ордэны і медалі, а таксама дыпломы аб прысваенні ганаровых званняў кіраўнік дзяржавы ўручыў за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, смелыя і рашучыя дзеянні ў абставінах, звязаных з рызыкай для жыцця, вялікі асабісты ўклад у развіццё беларускай журналістыкі, прамысловасці, сельскагаспадарчай і будаўнічай галін, значныя дасягненні ў сферах энергетыкі, навукі, медыцынскага і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адукацыі, культуры і спорту.

У ліку ўзнагароджаных - лепшыя спецыялісты рэальнага сектара эканомікі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Яны прадстаўляюць прадпрыемствы, якія не толькі паспяхова вырабляюць высакаякасную прадукцыю, але і адраджаюць вёскі, займаюцца дабрачыннасцю. Так, ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны генеральны дырэктар ЗАТ "Вітэкс" Віктар Цярэшчанка, ордэнам Пашаны - генеральны дырэктар Мінскага завода колавых цягачоў Ігар Летаў.

Ганаровае званне "Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь" прысвоена гендырэктару ААТ "Мастоўдрэў" Сяргею Асосаву, намесніку начальніка вытворчасці ААТ "Нафтан" Уладзіславу Нікалаеву, галоўнаму інжынеру Аршанскага станкабудаўнічага завода "Чырвоны барацьбіт" Аляксандру Шацкаму. Шэраг работнікаў былі ўдастоены ганаровых званняў заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, заслужаных будаўнікоў, архітэктараў, энергетыкаў.

"Мы ганарымся высокімі дасягненнямі нашых вучоных, урачоў, педагогаў у навукова-даследчай і практычнай рабоце, а таксама вынікамі важнай для дзяржавы місіі органаў сацыяльнай абароны. Захапляемся творчымі поспехамі беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва, дастойнымі выступленнямі і гучнымі перамогамі айчынных спартсменаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт уручыў ордэн Айчыны III ступені генеральнаму дырэктару Дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання парашковай металургіі Аляксандру Ільюшчанку і рэктару Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзіміру Шымаву. Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Ірына Абельская, дырэктар віцебскай гімназіі нумар 8 Раіса Грабоўская, ордэнам Францыска Скарыны - прафесар кафедры камерцыйнай дзейнасці на ўнутраным і знешнім рынках Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Генадзь Каралёнак і старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Гусачэнка.

Вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зоі Белахвосцік прысвоена ганаровае званне "Народны артыст Беларусі". Кіраўнік дзяржавы таксама прысвоіў ганаровыя званні артыстам, дзеячам мастацтваў, культуры і навукі, работнікам адукацыі і сацыяльнай абароны, спартсменам і трэнерам.

Асаблівыя словы віншавання Аляксандр Лукашэнка адрасаваў супрацоўнікам Беларускага тэлеграфнага агенцтва, якое 23 студзеня адзначае вялікі юбілей. "Вось ужо сто гадоў яно выконвае важнейшую місію - фіксуе і захоўвае гісторыю нашай краіны. Яшчэ адна добрая падстава ўзнагародзіць нашых журналістаў", - заявіў Прэзідэнт.

Ордэнам Пашаны ўзнагароджана вядучы рэдактар галоўнага выпуску БЕЛТА Аліна Шрубок. Медаль "За працоўныя заслугі" кіраўнік дзяржавы ўручыў намесніку генеральнага дырэктара - начальніку цэнтра знешніх камунікацый БЕЛТА Марце Чвей.

"Традыцыйна ў гэты ўрачысты дзень мы дзякуем прадстаўнікам сілавых структур, якія абараняюць нашу Айчыну, забяспечваюць мір і бяспеку ў нашай краіне. З пачуццём гонару і вялікай павагі ўручаем ордэн за праяўленую мужнасць", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт уручыў ордэн "За асабістую мужнасць" начальніку Мінскага аэраклуба імя двойчы Героя Савецкага Саюза С.І.Грыцаўца Мікалаю Мачанскаму, які, ажыццяўляючы палёт, змог пасадзіць палаючы верталёт. Ордэна Пашаны быў удастоены старшыня Беларускай грамадскай арганізацыі афіцэраў інжынерных войскаў Павел Гутэнка.

"Упэўнены, што гэтыя ўзнагароды натхняць вас на чарговыя здзяйсненні, адкрыюць перспектывы далейшага прафесійнага росту, прадаставяць новыя магчымасці для творчай рэалізацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт таксама павіншаваў прысутных і ўсіх жыхароў краіны з надыходзячым Новым годам і пажадаў, каб ён быў такім жа плённым і багатым на добрыя справы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі