Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

6 Aug 2021

"Ужо святое для гродзенцаў месца" - Лукашэнка адкрыў у Гродне новы мост цераз Нёман


6 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця аўтамабільнага моста Усходні цераз Нёман, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На цырымоніі таксама прысутнічалі ўлады горада і вобласці, кіраўнікі і работнікі праектных і будаўнічых арганізацый, якія ўдзельнічалі ў рэканструкцыі моста, прадстаўнікі грамадскасці.

"Дзякуй, што вы прыйшлі. Не прыйсці вы не маглі, асабліва будаўнікі: нам трэба зрабіць справаздачу перад краінай - грошы на гэты мост выдзяляла ўся краіна, - адзначыў Прэзідэнт. - Дзякую вам яшчэ раз за тое, што мы сустрэліся на гэтым ужо, напэўна, святым для гродзенцаў месцы".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Усходні мост цераз Нёман - самы высокі ў Беларусі, яго вышыня складае 32,5 метра над узроўнем вады. "Мы збіралі грошы з усёй краіны, каб яго аднавіць. Я разумеў, што без гэтага моста Гродна задыхнецца. І былы ваш губернатар, і цяперашні дабіваліся таго, каб хутчэй яго аднавіць. І дзякуй будаўнікам - за рэкордна кароткі тэрмін (усяго паўтара года) яны стварылі такі цуд, найпрыгажэйшы мост", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Новы мост стаў падарункам для жыхароў рэгіёна да гадавіны вызвалення Гродзеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прэзідэнт нагадаў, што Гродна быў вызвалены Чырвонай Арміяй у ліпені 1944-га, а ўжо да жніўня вораг быў поўнасцю выбіты з тэрыторыі СССР. І няхай да пераможнага мая 1945-га заставалася амаль 10 месяцаў, стала відавочна: крах Трэцяга рэйха фактычна прадвызначаны.

"Гэта дзякуючы ім, савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам, мы мірна жывём на сваёй зямлі і абсалютна ўпэўнены ў сваёй будучыні. У гэтым я вас абсалютна запэўніваю. Вы нават можаце не перажываць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Так, мы цяпер не супакойваемся, глядзім, што адбываецца па перыметры. Мы ўсё бачым, не ўсё можам пакуль сказаць. Але вы нават не перажывайце: наша зямля заўсёды будзе нашай".

Усходні мост цераз Нёман у прамым сэнсе звязаў эпохі. Яго фундамент закладзены ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі тымі людзьмі, хто бачыў вайну і ведаў, які нетрывалы мір, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Таму ў 60-я гады мост планавалі выкарыстоўваць у інтарэсах ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. З яго ў выпадку неабходнасці можна было ажыццявіць ракетны залп. На шчасце, для такіх мэт ён не спатрэбіўся, дадаў Прэзідэнт.

"Хіба не маглі аднавіць гэты цуд? Сёння нам выпала ўнікальная магчымасць аб'яднаць бясцэнны вопыт папярэдняга пакалення з найноўшымі тэхналогіямі цяперашняй будаўнічай галіны. Усё, што мы ўзводзім і ўмацоўваем, - масты, дарогі, гарады, незалежнасць нашай суверэннай дзяржавы - таксама павінна стаць асновай для будучых дасягненняў нашых дзяцей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб новы мост цераз Нёман, які прайшоў ужо некалькі выпрабаванняў на трываласць, вытрымаўшы ўдары стыхіі, стаў сімвалам захавання нацыянальнай памяці беларусаў, гісторыі і традыцый. Ён яшчэ раз падзякаваў усім спецыялістам за гэта, паводле яго слоў, сапраўды грандыёзнае збудаванне. Прэзідэнт павіншаваў іх і ветэранаў працы з надыходзячым прафесійным святам - Днём будаўніка.

"Дарагія будаўнікі, вы зрабілі важны падарунак не толькі жыхарам Гродна, але і ўсёй краіне. Таму што ўсе дарогі, якія вядуць на Захад, праходзяць праз гэту святую зямлю, - заявіў беларускі лідар. - Мы будзем рабіць усё для таго, каб падтрымаць будаўнікоў. Таму што, калі няма будаўнікоў - няма краіны. Ёсць краіна, калі яна нешта будуе. Калі яна не будуе, значыць, гэта краіна застыла ў сваім развіцці".

Кіраўніку дзяржавы ўручылі сімвалічны ключ ад новага моста, а ён перадаў яго губернатару Уладзіміру Караніку.

Варта адзначыць, што ў Гродне сёння непагадзь. Практычна без перапынку ідзе дождж з моцнымі парывамі ветру.

"Яшчэ раз дзякуй. Сем гадзін было - патэлефанаваў мне губернатар. - Ну што будзем рабіць? Ён мне кажа: ведаеце, Аляксандр Рыгоравіч, нават калі лівень будзе сёння, трэба прыехаць і адкрыць Прэзідэнту гэты мост. Гэта будзе павага з боку краіны і Прэзідэнта да гродзенцаў. Выступаючы тут, мяне не пакідала думка: мудра ён зрабіў, што чарговы раз не адклаў гэту падзею. І я вельмі рады, што мне давялося пабываць на гэтым мосце", - падкрэсліў беларускі лідар.

Пад аўтамабільны мост у Гродне рэканструявалі пабудаваны больш як 40 гадоў таму чыгуначны мост, які ўзводзіўся па ініцыятыве ваенных у якасці рэзервовага аб'екта. Некаторы час ён стаяў закінуты. Затым было прынята рашэнне змяніць прызначэнне моста: ён стаў часткай новага вялікага кальца вакол Гродна.

Усходні мост цераз Нёман і аб'язную дарогу планавалі ўрачыста адкрыць да самой гадавіны вызвалення Гродна. Але з-за ліўняў і наступстваў стыхіі мерапрыемства было перанесена. Вышыня моста склала 32,5 м, даўжыня аб'екта - амаль 240 м, шырыня - 17,5 м. Прадугледжаны дзве паласы руху ў кожны бок.

Побач ёсць Румлёўскі мост, яго праектная прапускная здольнасць - 2300-2500 машын у гадзіну. Ужо на працягу пяці гадоў ён працуе з прапускной здольнасцю амаль 3250 аўто ў гадзіну. На гэтым участку з'яўляюцца непазбежныя пробкі, асабліва ў часы пік. Пабудаваць новы аўтамабільны мост цераз Нёман хацелі яшчэ ў часы СССР. Але тады тэхналогіі і вопыт праектных інстытутаў не дазвалялі гэтага зрабіць. Таму акрыццё Усходняга моста сапраўды доўгачаканая падзея для жыхароў абласнога цэнтра.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі