Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

4 Крс 2019

Уладзімір Дворнік назначаны віцэ-прэм'ерам Беларусі

Уладзімір Дворнік назначаны віцэ-прэм'ерам Беларусі

4 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Уладзіміра Дворніка намеснікам прэм'ер-міністра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў Уладзіміра Дворніка як даволі вопытнага чалавека, які прайшоў добрую школу не толькі абласнога ўзроўню, што важна для работы ў кіраўніцтве ўрада, але і ў сферы сельскай гаспадаркі. "І шышкі там набівалі, і падалі, і паднімаліся. Усё ў вас было, а гэта неацэнны вопыт, які спатрэбіцца на рабоце віцэ-прэм'ерам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзімір Дворнік на пасадзе віцэ-прэм'ера будзе ў тым ліку курыраваць пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу, лясной гаспадаркі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. "Тое, з чым вы пастаянна сутыкаліся ў сваёй рабоце", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў Беларусі ў кадравай рабоце захоўваецца прынцып ратацыі, які выкарыстоўваецца і за мяжой. "Таму кіраўніку Адміністрацыі пастаўлена задача ўносіць прапановы па ратацыі кадраў. Тое, што мы робім у праваахоўных органах, - нядаўна ў МУС чарговы раз адбылася ратацыя. Людзі павінны неяк рухацца і па вертыкалі, і па гарызанталі. Думаю, што такі час настаў і для губернатара Гомельскай вобласці", - заявіў беларускі лідар.

Гаворачы пра Гомельскую вобласць, Прэзідэнт асабліва адзначыў сваё стаўленне да жыхароў рэгіёна: "Яно заўсёды было не проста паважлівае. Я з вялікай любоўю стаўлюся да гомельскіх людзей, таму што ў свой час і пацярпелі яны значна, і выкарабкаліся мы разам з гэтай бяды. Гомельская вобласць ужо не тая, што была, хоць, зразумела, не без праблем".

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што на пасаду кіраўніка рэгіёна будзе знойдзена дастойная замена, а пакуль асноўная нагрузка ляжа на першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама і памочніка Прэзідэнта ў гэтай вобласці. "Я вас прасіў, каб вы выклікалі да сябе свайго першага намесніка і памочніка Прэзідэнта, і каб яны ўдваіх запрагаліся і працавалі ў Гомельскай вобласці, пакуль не будзе афіцыйна вырашана пытанне па губернатару. Думаю, што вы з імі сустрэліся, перагаварылі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу Уладзіміра Дворніка, што нават на пасадзе віцэ-прэм'ера за ім застанецца Гомельская вобласць у кадравых адносінах, у плане дапамогі новаму кіраўніцтву па ўваходжанні ў курс спраў. "Каб вы маглі дапамагчы ўвайсці ў курс спраў новаму губернатару, новым людзям, якія прыйдуць вам на змену, каб яны мелі магчымасць задаць пытанні, пракансультавацца ў вас. І рухацца наперад", - растлумачыў Прэзідэнт.

Уладзімір Дворнік нарадзіўся 16 красавіка 1963 года ў вёсцы Ровенская Слабада Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Працаваў трактарыстам калгаса імя Дзяржынскага Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, галоўным ветэрынарным урачом калгаса "Усход" Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці, галоўным ветэрынарным урачом, намеснікам старшыні калгаса "Дружба" Мазырскага раёна, галоўным дзяржаўным ветэрынарным урачом Мазырскага раёна, дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Саўгас-камбінат "Зара" Мазырскага раёна, старшынёй Мазырскага раённага выканаўчага камітэта.

Да гэтага часу працаваў на пасадзе старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі