Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

29 Jun 2021

"У вас ёсць дастойны і магутны бэкграўнд" - Лукашэнка адкрыў Рэспубліканскі баль выпускнікоў


29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў удзел у адкрыцці Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гледзячы сёння на вас, прыгожых, маладых і паспяховых ужо, я адчуваю гонар за Беларусь, - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да выпускнікоў. - За тых, хто ствараў незалежную краіну, у якой нашы дзеці атрымліваюць дастойную адукацыю, а лепшыя з лепшых адзначаюць свае першыя поспехі на такім высокім узроўні".

"Я ганаруся вашымі бацькамі, якія выгадавалі цудоўных людзей. Педагогамі і выкладчыкамі, якія дапамаглі вам знайсці сябе. І, вядома, кожным з вас", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, наколькі складана бывае зразумець сваё прызначэнне, асвоіць прафесію. Тыя, хто запрошаны на баль выпускнікоў, свой выбар ужо зрабілі, яны ўжо сталі ўладальнікамі дыпломаў аб вышэйшай адукацыі. "Шчыра вас віншую і жадаю хутчэй пераадолець чарговую вяршыню - стаць прафесіяналам у сваёй справе. Перайсці на новы ўзровень жыцця, дзе ваш рэальны статус будуць вызначаць не колькасць падпісчыкаў і лайкі, а павага людзей, у тым ліку будучых калег. Прызнанне і павага, заслужыць якія можна толькі сумленнай і карпатлівай працай, сваёй прыстойнасцю і справядлівым стаўленнем да людзей", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя традыцыйных святочных слоў і пажаданняў кіраўнік дзяржавы таксама адрасаваў прысутным і сур'ёзныя, канцэптуальныя пасылы.

"Не мы выбіраем час, а час выбірае нас. У кожнага пакалення свае выклікі. Яны фарміруюць характар не толькі асобна ўзятага чалавека, але і ўсёй нацыі, - заявіў беларускі лідар. - Вам ёсць на што абаперціся. Вы новае пакаленне духоўна моцнага народа, які захаваў нацыянальную ідэнтычнасць, не маючы ўласнай дзяржавы на працягу стагоддзяў. Проста ўдумайцеся ў тое, што я сказаў. Вы наследнікі герояў, якія ў страшнай вайне разам з брацкімі савецкімі народамі абаранілі родную зямлю і выратавалі Еўропу ад нацызму".

Сучасная моладзь можа таксама ганарыцца сваімі бацькамі, якія з гонарам прайшлі выпрабаванні разрухай і нявызначанасцю 1990-х гадоў, сваёй працай стварылі незалежную дзяржаву і прадаўжаюць працаваць на карысць краіны, упэўнены Прэзідэнт.

"Іншымі словамі, у вас ёсць дастойны і магутны, як цяпер модна гаварыць, бэкграўнд. Бэкграўнд сучаснай беларускай нацыі. Таму беражыце дасягнутае - мір, спрадвечныя традыцыі і нашы каштоўнасці. Беражыце гісторыю, якой мы сёння па праву ганарымся", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на тое, каб прадстаўнікі маладога пакалення ў цяжкія для краіны перыяды былі асцярожней у меркаваннях і ўчынках.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў выпускнікам мірнага, паспяховага і шчаслівага жыцця, а таксама быць дастойнымі тых, хто ствараў для іх будучыню. "У вас сёння вельмі вялікі дзень, і вы будзеце яго памятаць праз гады. Але гэта ўсё ж пясчынка ў вашым жыцці, - заўважыў беларускі лідар. - Усё наперадзе, і самае галоўнае - дзеці". Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, як важна думаць пра будучыню і рабіць правільна, каб потым не было сорамна перад дзецьмі.

"Кожны раз, сустракаючыся з выпускнікамі года, углядаючыся ў твары, я бачу вочы ўпэўненых, мэтанакіраваных, а галоўнае, па-добраму амбіцыйных людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён пажадаў, каб ім і ў далейшым заўсёды спадарожнічаў поспех, а побач былі добрыя настаўнікі. "Але калі раптам у пачатку працоўнага шляху не апраўдаюцца якія-небудзь спадзяванні, не спяшайцеся расчароўвацца ў выбранай прафесіі. Дайце самі сабе шанц. Магчыма, не адразу, але ўсё будзе: і прызнанне заслуг, і кар'ерны рост, і матэрыяльны дабрабыт. Усё заўсёды атрымліваецца ў людзей, якія стойка ідуць да сваёй мэты, якія адданыя сваёй справе і краіне", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Не спяшайцеся пакідаць сваю краіну і бегчы на землі запаветныя, цёплыя, нібыта самыя-самыя шчаслівыя. Не спяшайцеся. Пабегчы туды прасцей, чым потым вярнуцца", - сказаў беларускі лідар.

У час Рэспубліканскага балю таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання яго ўдзельнікаў. Падзякі Прэзідэнта былі ўдастоены лепшыя педагогі і выпускнікі беларускіх ВНУ.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі