Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

30 Снж 2019

У раскошнай атмасферы і з удзелам Прэзідэнта - у Палацы Незалежнасці прайшоў першы Венскі баль

У раскошнай атмасферы і з удзелам Прэзідэнта - у Палацы Незалежнасці прайшоў першы Венскі баль
30 снежня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Першы ў гісторыі сучаснай Беларусі Венскі баль прайшоў у Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод удзельнікаў і гасцей свята - Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прэм'ер-міністр Сяргей Румас, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання і дыпламатычнага корпуса.

Але галоўныя персоны, да каго на свяце была прыкавана ўсеагульная ўвага, - гэта, безумоўна, дэбютанты, якія атрымалі запрашэнне на баль дзякуючы сваім поспехам у вучобе, творчасці, спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці. Гэта моладзь, студэнты ВНУ, навучэнцы іншых устаноў адукацыі. Усяго больш за 360 удзельнікаў.

Венскія балі аднесены да помнікаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і з'яўляюцца неад'емнай часткай сусветнай культуры. Баль у Мінску праходзіў у адпаведнасці са шматвяковымі традыцыямі і крытэрыямі ЮНЕСКА. Праграма свята ўключала дзве часткі - класічную і адвольную.

Адкрылася ўрачыстасць паланэзам у выкананні дэбютантаў: дзяўчат у беласнежных сукенках з мініяцюрнымі букетамі ў руках і юнакоў у чорных фраках.

"Цяпер я з вялікім задавальненнем гляджу на вас, юных, шчаслівых, з бліскучымі вачамі. На дзяўчат у цудоўных бальных сукенках, юнакоў у фраках і парадных мундзірах. Я вельмі ганаруся (і вы гэта ведаеце) прыгажосцю нашага народа. Вы сёння - увасабленне гэтага народа. Ведаю, што гэта прыгажосць гарманічна спалучаецца з розумам, адукаванасцю і працавітасцю. Гэта тыя якасці, якімі славіцца беларуская нацыя і якія робяць нас асаблівымі і адрозніваюць ад іншых народаў", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў прывітальным звароце да ўдзельнікаў балю.

Прадстаўніцы прыгожага полу, як таго і патрабуе дрэс-код балю, былі апрануты ў сукенкі мяккіх колераў: ружовыя, блакітныя, салатавыя, крэмавыя, светла-жоўтыя. Мужчыны адзеліся ў фракі, смокінгі, мундзіры. Хваляваліся і тыя, і іншыя. "Гэта такое адказнае мерапрыемства. Нячаста даводзіцца нам танцамі займацца, таму, вядома, хваляванне прысутнічае, - прызналася журналістам да пачатку балю Наталля Качанава. - На фоне такіх маладых, паспяховых хлопцаў і дзяўчат хочацца выглядаць годна".

Для Наталлі Качанавай гэта ўжо другі навагодні баль, таму як чалавек ужо вопытны яна дапамагала ў падрыхтоўцы да ўрачыстасці кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Ігару Сергяенку - некалькі разоў разам рэпеціравалі. "У яго атрымлівалася выдатна", - запэўніла старшыня Савета Рэспублікі.

Пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вергетэр у размове з карэспандэнтам БЕЛТА расказала, што для яе вялікі гонар прымаць удзел у Венскім балі ў Мінску. Яна падкрэсліла, што еўрапейскія бальныя традыцыі вельмі гарманічна ўпісваюцца ў беларускую рэчаіснасць, пры гэтым набываюць асаблівы нацыянальны каларыт. Напрыклад, пасол шыла бальную сукенку ў беларускага дызайнера Наталлі Ляхавец і засталася вельмі задаволена вынікам. Праўда, на гэты раз Алаізія Вергетэр не танцавала з-за праблем са здароўем, але паабяцала да наступнага балю з дапамогай беларускіх урачоў прыйсці ў форму.

Маладыя ўдзельнікі балю расказалі журналістам, што таксама рыхтаваліся да свята загадзя і дасканала: шылі ўборы, падбіралі аксесуары, рэпеціравалі класічныя па, штудзіравалі асновы этыкету. "Спачатку наступалі адзін аднаму на ногі, але потым выправіліся", - расказала адна з удзельніц Дзіяна Валахановіч, навучэнка гімназіі нумар 1 Стоўбцаў. Дзяўчына прызналася, што ў час балю мае намер выкарыстаць атрыманыя веды па мастацтве этыкету. "Нам гаварылі, што, калі веер прыкласці ў складзеным выглядзе да левай шчакі, гэта знак: малады чалавек вам сімпатычны. Але, магчыма, гэтага ніхто не рассакрэціць", - адзначыла яна.

Прытрымліваючыся ўказанняў распарадчыка балю і танцмайстра, удзельнікі свята выканалі польку, падэпатынер, галоп і паўночную кадрылю. Калі быў аб'яўлены традыцыйны венскі вальс і загучала музыка Штрауса, у зале вальсавалі практычна ўсе. Да танцуючых пар далучыўся і кіраўнік дзяржавы.

Акрамя дэбютантаў, выступілі таксама прафесійныя артысты, сярод якіх салістка Венскай дзяржаўнай оперы лаўрэат міжнародных конкурсаў Зарана Кушплер, заслужаныя артысты Беларусі Аксана Волкава і Уладзімір Громаў. Майстар-класы для гасцей балю правёў танцмайстар школы Томаша Эльмаера.

Ад імя аўстрыйскай дэлегацыі Алаізія Вергетэр падзякавала за цудоўны вечар. "Гэта вялікая радасць быць тут і бачыць, наколькі добра аўстрыйскія традыцыі, любоў да элегантнасці, прыгажосці кладуцца на беларускую зямлю. У гэтым няма для мне нічога дзіўнага. Дастаткова ўспомніць імя вялікага беларускага музыканта Міхала  Агінскага, які напісаў такія прыгожыя паланэзы, якімі адкрываецца баль", - сказала пасол. У знак удзячнасці яна зрабіла сімвалічны падарунак. Баль, нагадала яна, па-нямецку азначае шар. Таму ў якасці прэзента яна паднесла шкляны шар беларускай фабрыкі "Нёман", напоўнены круглымі аўстрыйскімі цукеркамі, і пажадала, каб правядзенне венскіх баляў стала ў Беларусі добрай традыцыяй.

"Я вельмі рады, вы сказалі, што заходнія традыцыі добра кладуцца на беларускую зямлю, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі ў адказ на словы пасла. - Ну нарэшце! Дзякуй вам за гэтыя добрыя словы. Я так і думаў, што рана ці позна гэтыя добрыя традыцыі будуць пакладзены ў цэнтр Еўропы". Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову праводзіць венскія балі штогод пры падтрымцы аўстрыйскага боку.

"Культура і мастацтва - гэта тыя рэчы, якія аб'ядноўваюць групы людзей, народы і краіны, нягледзячы нават на палітычныя рознагалоссі паміж імі, - адзначыў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які таксама быў сярод удзельнікаў балю. - Мы ў дыпламатычнай рабоце ўдзяляем гэтай тэме вельмі вялікую ўвагу. Думаю, і тое, што ў гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаюць прадстаўнікі Аўстрыі, таксама будзе садзейнічаць збліжэнню нашых народаў".

Пасля класічнай часткі баль прадоўжыўся адвольнай праграмай, у тым ліку больш сучаснымі кампазіцыямі. На  завяршэнне была захавана яшчэ адна добрая традыцыя венскіх баляў - дабрачыннасць. Падарачны сертыфікат ад кампаніі А1 атрымала міжнародная грамадская арганізацыя "SOS-Дзіцячыя вёскі Беларусі".

Кожнага з удзельнікаў балю чакалі навагоднія падарункі. У хуткім часе да іх дабавіцца яшчэ адзін прэзент, які падрыхтуюць па даручэнні Прэзідэнта, - фільм аб праведзеным урачыстым мерапрыемстве.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі