Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

1 Nov 2017

У Беларусі выканалі 500-ю аперацыю па перасадцы печані

У Беларусі выканалі 500-ю аперацыю па перасадцы печані

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі выканалі 500-ю аперацыю па перасадцы печані, паведаміў журналістам кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак Алег Румо, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аперацыя прайшла 29 кастрычніка, хірургічнае ўмяшанне было цалкам стандартным. 53-гадовы пацыент, у якога развіўся цыроз печані на фоне віруснага гепатыту С, сёння адчувае сябе добра. Ён даволі актыўны, самастойна перамяшчаецца.

Першая аперацыя па трансплантацыі печані ў краіне была выканана ў ноч з 2 на 3 красавіка 2008 года. Паводле слоў Алега Румо, гэта была вялікая падзея ў жыцці краіны. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў калектыў клінікі, які выканаў тую самую першую аперацыю. Кіраўнік дзяржавы тады адзначыў, што за першай абавязкова будуць пяцісотая і пяцітысячная. "І менавіта для гэтага выканана першая аперацыя, а не проста для таго, каб паказаць, што мы гэта можам", - сказаў кіраўнік РНПЦ.

З таго моманту мінула менш за дзесяць гадоў, і важная вяха пройдзена. Чарговы агучаны Прэзідэнтам рубеж - 5 тыс. аперацый, паводле слоў Алега Румо, не завоблачны. Для калектыву гэта вельмі важна. "Калі мы зрабілі сотую аперацыю па трансплантацыі печані, а гэта было ў 2011 годзе, мы адчулі сябе сапраўдным прафесіянальным калектывам, якому пад сілу вырашаць вялікія задачы. Зрабіўшы 500 такіх аперацый, мы ўвайшлі ў своеасаблівую супольнасць людзей, якія гэтыя аперацыі робяць даўно і на вельмі высокім узроўні", - адзначыў ён. За даволі кароткі перыяд часу цэнтру ўдалося не толькі выйсці на паказчык 50 і больш аперацый па трансплантацыі печані ў год, а паставіць такія хірургічныя ўмяшанні на паток. За кожным праведзеным умяшаннем стаіць канкрэтнае выратаванае жыццё пацыента і надзея на будучыню.

Паказаннем для трансплантацыі печані з'яўляецца прагноз для жыцця менш за 12 месяцаў, растлумачыў загадчык аддзялення трансплантацыі РНПЦ Сяргей Караткоў. Людзі, якія прыходзяць на перасадку, гэта інваліды першай групы. Для прыняцця рашэння аб неабходнасці выканання гэтай аперацыі праводзіцца кансіліум з удзелам вядучых спецыялістаў - такі механізм фарміравання ліста чакання. Сёння перасадкі печані чакаюць каля 90 чалавек. У сярэднім час чакання складае каля трох месяцаў.

У РНПЦ выконваецца больш за 300 аперацый па трансплантацыі органаў у год. За апошнія два дні праведзены ўжо шэсць аперацый, што, паводле слоў Алега Румо, вялікае напружанне для ўсяго калектыву. "Няма і дня без аперацый па забору органаў або іх трансплантацыі. Акрамя нашага цэнтра ў краіне гэтыя аперацыі яшчэ выконваюцца і ў іншых цэнтрах. Агульная колькасць трансплантаваных органаў перасягае 500 штогадова", - расказаў кіраўнік цэнтра. Спецыялісты таксама назвалі агульную колькасць аперацый па трансплантацыі органаў. Гэта больш за 3 тыс. перасадак нырак, 270 - сэрцаў, 8 аперацый па трансплантацыі лёгкіх. Акрамя таго, выканана адна перасадка комплексу "сэрца-лёгкія", 10 - комплексу "печань-нырка", 20 - "падстраўнікавая залоза-нырка" і 2 - "сэрца-нырка". Асаблівая катэгорыя пацыентаў - дзеці. Штогод у краіне маленькім пацыентам выконваецца ад 6 да 10 аперацый па трансплантацыі печані і ад 15 да 20 - нырак. "Калі акумуляваць наш агульны вопыт, то гэта 56 трансплантацый печані, выкананых пацыентам ад 4 месяцаў да 17 гадоў, і каля 170 аперацый па трансплантацыі нырак дзецям ад 2 гадоў і старэйшым", - удакладніў Алег Румо.

Колькасць аперацый па перасадцы органаў іншаземцам складае да 10 працэнтаў ад іх агульнай колькасці. Заробленыя грошы ідуць на лячэнне беларусаў, стымуляванне працы супрацоўнікаў, куплю абсталявання. Нарошчванне колькасці аперацый іншаземным пацыентам у РНПЦ не з'яўляецца самамэтай. Прыярытэт - лячэнню беларусаў. Пры гэтым адно выкананае ўмяшанне іншаземцу - гэта тры, а тое і чатыры дадатковыя аперацыі беларусам.

 Што датычыцца перспектыў у галіне транспланталогіі, Алег Румо ўпэўнены, што ў недалёкім будучым, гаворачы на немедыцынскай мове, спецыялісты навучацца вырошчваць органы. "Тады зможам пазбегнуць выкарыстання органаў памерлых людзей. Не таму што гэта дрэнна. Проста калі орган прыдатны ідэальна, інакш кажучы вырашчаны з тваіх уласных тканак і клетак, адпадае мноства праблем. Упэўнены, на працягу бліжэйшых 30-50 гадоў гэта праблема будзе вырашана", - адзначыў кіраўнік цэнтра.

Як паведамлялася, у краіне пабудуюць новы цэнтр транспланталогіі. Кіраўнік дзяржавы ўжо даў адпаведнае даручэнне. Цяпер ідзе прапрацоўка пытанняў, звязаных з праектнай дакументацыяй, арганізацыяй будаўніцтва. Ужо да 2021-2022 года калектыў РНПЦ пераедзе ў новы будынак і пачне аказваць дапамогу пацыентам у новых умовах.

Дарэчы, за час, калі журналісты размаўлялі са спецыялістамі, у РНПЦ ужо выканалі 501-ю аперацыю па перасадцы печані і пачалі выконваць 502-ю.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі