Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

9 Май 2018

У Беларусі святкуюць Дзень Перамогі

У Беларусі святкуюць Дзень Перамогі

9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Рэспубліцы Беларусь 9 мая адзначаецца Дзень Перамогі - свята, здабытае ў цяжкіх баях за свабоду і незалежнасць Радзімы, вялікай працай у тыле, барацьбой партызан і падпольшчыкаў на часова акупіраваных тэрыторыях.

Для жыхароў краіны гэта не толькі святочны дзень, але яшчэ і дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім, хто набліжаў Перамогу. Савецкі народ адыграў вырашальную ролю ў барацьбе супраць фашызму і вынес на сваіх плячах асноўны цяжар вайны, вызначыўшы будучыню ўсёй сусветнай цывілізацыі.

9 мая 1945 года была заваявана перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якая доўжылася 1418 дзён і начэй. На краіну абрушыўся ўдар нябачанай сілы, а шлях да Вялікай Перамогі пачынаўся на беларускай зямлі 22 чэрвеня 1941 года.

Беларусь стала арэнай многіх самых вялікіх бітваў Вялікай Айчыннай. Першымі наступ ворага адбівалі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войскаў прыкрыцця. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы, а таксама Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і іншыя беларускія гарады.

Пасля пачатку акупацыі ў Беларусі разгарнулася нябачанае па сваёй масавасці і ўпартасці супраціўленне ворагу. На тэрыторыі Беларусі ваенныя дзеянні прадаўжаліся па 28 ліпеня 1944 года, калі ў выніку правядзення аперацыі "Баграціён" наша краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Беларусы - адна з найбольш пацярпелых у выніку вайны нацый. Гітлераўцы правялі ў Беларусі больш за 140 карных аперацый. Трагічным сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва стала вёска Хатынь, у якой былі забіты 149 жыхароў і спалены 28 двароў.

На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. У іх ліку чацвёрты па велічыні ў Еўропе лагер смерці - Трасцянец, дзе былі знішчаны 206,5 тыс. чалавек.

У баявых дзеяннях у гады вайны ўдзельнічалі 34,4 млн савецкіх ваеннаслужачых, у тым ліку больш за 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Супраць нямецкіх захопнікаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі змагаліся звыш 374 тыс. партызан, больш за 70 тыс. удзельнікаў налічвала антыфашысцкае падполле.

Беларусь у вайне страціла больш за палавіну свайго нацыянальнага багацця. Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Велізарнымі былі людскія страты. Паводле даных сучасных даследчыкаў, за гады вайны загінула амаль трэць жыхароў Беларусі.

Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу над фашысцкай агрэсіяй атрымаў прызнанне ва ўсім свеце. На міжнароднай канферэнцыі 1945 года ў Сан-Францыска, якая была склікана для ўтварэння Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, было прынята рашэнне аб уключэнні Беларусі ў лік краін-заснавальніц.

Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захоўваецца на працягу ўсіх пасляваенных гадоў. За праяўленыя масавыя гераізм і мужнасць у барацьбе супраць агрэсараў сталіцы Беларусі - гораду Мінску ў ліку 12 гарадоў былога Савецкага Саюза было прысвоена ганаровае званне горада-героя. Званне крэпасці-героя атрымала Брэсцкая крэпасць. Узнагародамі адзначаны іншыя гарады Беларусі. Аб ахвярах вайны і подзвігу народа сведчаць шматлікія абеліскі, помнікі, мемарыяльныя комплексы, Курганы Славы. У Беларусі іх амаль 6 тыс. Важнай навуковай і культурнай установай з'яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Помнікам подзвігу беларускага народа стаў 146-томны збор гісторыка-дакументальных хронік "Памяць", у выданні якога прымала ўдзел Беларускае тэлеграфнае агенцтва. У іх пайменна называюцца байцы Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях за Беларусь, воіны-землякі, якія аддалі жыццё на франтах вайны, партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары - ахвяры нацысцкага генацыду, а таксама ўдзельнікі вайны, якія вярнуліся на радзіму.

Вялікай Айчыннай вайне прысвечаны шматлікія творы літаратуры і мастацтва. У гонар знамянальных падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной, праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы. Паўсюдна вядзецца работа па паляпшэнні ўмоў жыцця ветэранаў вайны.

У летапісе Беларусі не было бітвы больш бязлітаснай, чым Вялікая Айчынная вайна, не было подзвігу больш значнага, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, уратаваў чалавецтва ад нацызму. Памяць аб страшнай вайне і Вялікай Перамозе не можа згаснуць: яна навечна ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям'і. Перажытая трагедыя і дасягнутая Перамога - вечная крыніца болю і горычы, гонару і славы беларускага народа.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі