Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

10 Май 2026

У Беларусі святкуюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна

У Беларусі святкуюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна
10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў нашай краіне святкуюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Гэта свята ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта Беларусі нумар 157 ад 26 сакавіка 1998 года і адзначаецца штогод у другую нядзелю мая.

Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі адкрыцця плошчы Дзяржаўнага сцяга, 2 ліпеня 2013 года

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі нашай краіны як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Гэта сімвалы гістарычнай памяці, якія звязваюць разам гераічнае мінулае, сучаснасць і будучыню беларускай дзяржавы. Яны з'яўляюцца важнейшымі атрыбутамі суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.

Эталон герба і Палажэнне аб сцягу зацверджаны ўказам ад 7 чэрвеня 1995 года па выніках праведзенага 14 мая 1995 года рэспубліканскага рэферэндуму.

Эталон герба и Положение о флаге утверждены указом от 7 июня 1995 года по результатам проведенного 14 мая 1995 года республиканского референдума.

5 ліпеня 2004 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь", які вызначае апісанне і парадак іх выкарыстання. Апошнія змяненні ў выяве Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь былі зацверджаны ў студзені 2021 года.

12 красавіка 2023 года Прэзідэнтам быў падпісаны ўказ нумар 105, згодна з якім назва свята зменена з "Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь" на "Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь".

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева - кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у два радкі напісаны золатам словы "Рэспублiка Беларусь".

У выяве беларускага герба адлюстраваны асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянская еднасць, працавітасць, міралюбівасць. Размешчаны ў цэнтры герба контур Беларусі сімвалізуе суверэнітэт і тэрытарыяльнае адзінства краіны. Вянок з залатых каласоў, кветак лёну і канюшыны - дабрабыт і дастатак. Зямны шар - жаданне жыць у міры і згодзе, супрацоўнічаць з усімі краінамі, а ўзыходзячае сонца з'яўляецца сімвалам жыцця і найлепшай долі. Зорка сімвалізуе чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх думак, высокіх памкненняў народа.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос чырвонага і зялёнага колеру. Суадносіны шырыні палос чырвонага і зялёнага колеру - 2:1. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Дзяржаўны сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (вохра) колер.

Чырвоны колер сцяга сімвалізуе сілу, мужнасць, высакароднасць, энергію; зялёны - надзею, здароўе, маладосць, адраджэнне, працавітасць, стваральную працу, прыродную гармонію; белы - чысціню, беззаганнасць, прымірэнне, мудрасць, веды. Арнамент з'яўляецца сімвалам старажытнай культуры народа, яго духоўнага багацця. Арнамент на Дзяржаўным сцягу расказвае пра хлеб, ураджай і прадаўжэнне роду; услаўляе працавітасць і майстэрства - першааснову шчаслівай долі чалавека. Беларусь - першая ў свеце краіна, якая выкарыстала нацыянальны арнамент у якасці элемента дзяржаўнага сцяга.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, які выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве. Тэкст Дзяржаўнага гімна праслаўляе жаданне беларускага народа жыць у міры, яго працавітасць, гатоўнасць абараняць родную зямлю. Музыку да гімна напісаў беларускі кампазітар Н.Ф.Сакалоўскі, словы - беларускія паэты М.М.Клімковіч і У.І.Карызна.

У 2013 годзе ў Мінску на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай з'явілася плошча Дзяржаўнага сцяга. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 2 ліпеня. У цэнтры плошчы знаходзіцца 70-метровая стэла-флагшток, на якой устаноўлены самы вялікі ў краіне Дзяржаўны сцяг. Па перыметры плошчы размешчаны сем гранітных стэл з гербамі абласцей і беларускай сталіцы. Сіметрычна з двух бакоў ад лесвіцы размешчаны стэлы з тэкстам Дзяржаўнага гімна і геаграфічнай картай Беларусі.

Лукашэнка: абраная народам трыяда дзяржаўных сімвалаў стала неад'емнай часткай нашай паўсядзённасці

10 мая, Мiнск /Кар. БЕЛТА/. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка павiншаваў суайчыннiкаў з Днём Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

"Абраная народам трыяда дзяржаўных сімвалаў адлюстроўвае вопыт і традыцыі, няпросты гістарычны шлях нашай незалежнай і суверэннай дзяржавы, прыгажосць і самабытнасць сінявокай Беларусі. Яны разам з намі ў самыя адметныя моманты грамадскага жыцця і ўжо сталі неад'емнай часткай паўсядзённасці", - гаворыцца ў віншаванні.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што павага да герба, сцяга і гімна яднае беларусаў і ўзмацняе патрыятычны настрой у адносінах да важкіх дасягненняў краіны і суайчыннікаў. "І надалей гэтыя сімвалы будуць выклікаць пачуццё гонару, дачынення да лёсу Беларусі і адказнасці за яе будучыню", - падкрэслiў ён.

"Няхай у чыстым небе прыгожа лунае дзяржаўны сцяг, герб дэманструе ўсяму свету нашы волю, мудрасць і міралюбівасць, а душу кожнага кранаюць гукі дзіцячых галасоў падчас выканання гімна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пажадаў суайчыннiкам здароўя, дабрабыту, новых поспехаў і перамог.

Віншаванне Прэзідэнта Беларусі з Днём дзяржаўных сцяга, герба і гімна

Дарагія суайчыннікi!

Сардэчна віншую вас з Днём Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Абраная народам трыяда дзяржаўных сімвалаў адлюстроўвае вопыт і традыцыі, няпросты гістарычны шлях нашай незалежнай і суверэннай дзяржавы, прыгажосць і самабытнасць сінявокай Беларусі. Яны разам з намі ў самыя адметныя моманты грамадскага жыцця і ўжо сталі неад'емнай часткай паўсядзённасці.

Павага да герба, сцяга і гімна яднае нас і ўзмацняе патрыятычны настрой у адносінах да важкіх дасягненняў краіны і суайчыннікаў. І надалей гэтыя сімвалы будуць выклікаць пачуццё гонару, дачынення да лёсу Беларусі і адказнасці за яе будучыню.

Няхай у чыстым небе прыгожа лунае дзяржаўны сцяг, герб дэманструе ўсяму свету нашы волю, мудрасць і міралюбівасць, а душу кожнага кранаюць гукі дзіцячых галасоў падчас выканання гімна.

Жадаю здароўя, дабрабыту, новых поспехаў і перамог.

Аляксандр Лукашэнка,

10 мая 2026 года.


Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі