Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

22 Сак 2021

У Беларусі ўшаноўваюць памяць жыхароў Хатыні і тысяч іншых спаленых вёсак

У Беларусі ўшаноўваюць памяць жыхароў Хатыні і тысяч іншых спаленых вёсак

22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі сёння аддаюць даніну памяці жыхарам вёскі Хатынь, спаленай фашыстамі 22 сакавіка 1943 года. Успамінаючы Хатынь, мы ўспамінаем тысячы іншых беларускіх вёсак, па-зверску знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вёску Хатынь ужо не знайсці на картах Беларусі. На яе месцы ў памяць аб загінулых быў створаны мемарыяльны комплекс "Хатынь". Рашэнне наконт будаўніцтва мемарыяла было прынята ў 1966 годзе. Ініцыятарам яго стварэння быў першы сакратар ЦК БССР Пётр Машэраў. У агульным конкурсе на лепшы праект помніка жыхарам спаленай вёскі перамог калектыў архітэктараў, сярод якіх былі Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, а таксама скульптар Сяргей Селіханаў.

Першапачаткова меркавалася, што на месцы трагедыі ўзнікне мемарыял толькі спаленай Хатыні. Аднак потым праект быў перагледжаны, і Хатынь стала помнікам усім спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскам Беларусі.

Работа над праектам захапіла архітэктараў. Былі прыдуманы вянцы зрубаў на месцы былых дамоў, абеліскі ў выглядзе комінаў, а таксама званы Хатыні, якія гудуць над Беларуссю, расказваючы ўсяму свету пра трагедыю беларускіх вёсак. Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу "Хатынь" адбылося 5 ліпеня 1969 года.

Тэматычна хатынскі мемарыял складаецца з некалькіх частак, але мае адзінае кампазіцыйнае рашэнне, якое паўтарае планіроўку былой вёскі. У цэнтры комплексу бронзавая скульптура "Няскораны чалавек", вышыня якой складае больш за шэсць метраў. Гэта сімвал чалавека, які паўстаў жывым з агню, вынес адтуль цела мёртвага хлопчыка і нясе яго праз гады, гаворачы вечны праклён фашызму, праклён любому злу на Зямлі. Гэта зборны вобраз беларускага селяніна. Яго правобразам паслужыў сведка хатынскай трагедыі Іосіф Камінскі, які цудам застаўся ў жывых. Ён, абгарэлы, зранены, выбраўся з палаючага гумна і сярод трупаў аднавяскоўцаў знайшоў скалечанае цела свайго сына.

Побач са скульптурай - самкнутыя гранітныя пліты, якія нагадваюць дах гумна, у якім карнікі спалілі жыхароў Хатыні. На брацкай магіле мармуровы вянок памяці з сімвалічным зваротам загінулых да жывых з просьбай берагчы мір і спакой на зямлі: "Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на Зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхры пажараў жыццё не ўмірала!". З іншага боку вянка - адказ жывых загінулым: "Родныя вы нашы. Галовы ў смутку вялікім схіліўшы, стаім перад вамі. Вы не скарыліся фашысцкім забойцам у чорныя дні ліхалецця. Вы прынялі смерць, але полымя любові да Радзімы нашай савецкай не згасне. Памяць пра вас у народзе неўміручая, як вечна наша Зямля і вечна яркае сонца над ёю".

Былая вуліца вёскі выкладзена шэрымі, пад колер попелу, жалезабетоннымі плітамі. У тых месцах, дзе раней былі сельскія дамы, пастаўлена 26 сімвалічных бетонных ніжніх вянкоў зрубаў і столькі ж абеліскаў, якія нагадваюць коміны, абпаленыя агнём. Перад кожным са спаленых дамоў устаноўлена адкрытая брамка як сімвал гасціннасці жыхароў вёскі. На комінах-абелісках - бронзавыя таблічкі з імёнамі тых, хто нарадзіўся і жыў у гэтым доме, а пазней загінуў у вогненным палоне. Зверху кожнага абеліска - хатынскі звон.

На тэрыторыі комплексу знаходзяцца адзіныя ў свеце Могілкі вёсак - 185 сімвалічных магіл, кожная з якіх нагадвае пра адну са спаленых разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але так і не адноўленыя беларускія вёскі. 186-я неадроджаная вёска - гэта сама Хатынь. Кожная сімвалічная магіла спаленай вёскі ўяўляе сабой папялішча, у цэнтры якога размешчаны п'едэстал у выглядзе языка полымя - сімвал таго, што паселішча было спалена. Тут жа ў жалобнай урне захоўваецца зямля са знішчанай карнікамі вёскі.

Яшчэ адзін мемарыяльны элемент хатынскага комплексу - Дрэва жыцця, на галінах якога ў алфавітным парадку пералічаны назвы 433 беларускіх вёсак, спаленых акупантамі разам з жыхарамі, але адноўленых пасля вайны. На мемарыяльнай Сцяне памяці ўстаноўлены памятныя пліты з назвамі 260 лагераў смерці і месцаў, дзе фашысты масава знішчалі на тэрыторыі Беларусі людзей. У памяць аб загінулых гарыць Вечны агонь.

Кожны з элементаў хатынскага мемарыяла мае сваю сімволіку, у якой заключаны глыбокі сэнс і арыгінальнае рашэнне тэмы перажытай жыхарамі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны трагедыі, няскоранасці і мужнасці беларускага народа.

У 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі была праведзена рэканструкцыя Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь". 24 красавіка 2004 года, у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у работах па аднаўленні мемарыяльнага комплексу.

Рэканструкцыя была завершана да 25 чэрвеня 2004 года. 1 ліпеня 2004 года ў Хатыні адбыўся ўрачысты мітынг. Комплекс "Хатынь" наведалі лідары Беларусі, Расіі і Украіны.

У Хатынь едуць людзі з розных краін, каб аддаць даніну памяці ўсім загінулым у полымі ваеннага ліхалецця беларусам. За гады існавання гэтага велічнага архітэктурна-мастацкага ансамбля яго наведалі амаль 40 млн чалавек з больш як 100 краін свету. У ліку ганаровых наведвальнікаў мемарыяла - Фідэль Кастра, Ясір Арафат, Рычард Ніксан, Раджыў Гандзі, Маўна Койвіста, Ху Цзінтаа. Комплекс "Хатынь" уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны.

У ДМК "Хатынь" ёсць два філіялы: мемарыяльныя архітэктурна-скульптурныя комплексы "Дальва" і "Курган Славы". Комплекс "Дальва" ўвекавечыў памяць пра жыхароў вёскі Дальва, спаленай разам з жыхарамі 19 чэрвеня 1944 года. Сучасны мемарыял адкрыты 15 ліпеня 1973 года. Курган Славы створаны ў гонар завяршэння аперацыі па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў "Баграціён". Яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 5 ліпеня 1969 года. Абодва мемарыялы ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Лёс Хатыні за гады Вялікай Айчыннай вайны падзялілі тысячы вёсак нашай краіны. Паводле апошніх даследаванняў, у Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў, больш за 9 тыс. вёсак. Некаторыя населеныя пункты так і не былі адноўлены.

Кожны год у Беларусі праходзіць шмат мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. У месцах гераічных бітваў і чалавечых трагедый створаны ўражальныя мемарыяльныя комплексы і ўстаноўлены абеліскі, распрацаваны ўнікальныя гістарычныя маршруты.

Пры падтрымцы дзяржавы адкрываюцца новыя мемарыяльныя комплексы. Так, у 2020 годзе ў Светлагорскім раёне з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі быў адкрыты мемарыяльны комплекс "Ала" на месцы знішчанай у гады вайны вёскі, дзе фашысты жывымі спалілі 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей. Мемарыяльны комплекс уключае тры функцыянальныя зоны: уваходную групу, мемарыяльную зону і злучае іх пешаходны маршрут па былой вясковай вуліцы. У цэнтры мемарыяльнай зоны - сімвалічны крыж і звон. Побач - званіца ў выглядзе стылізаванага вясковага гумна з колькасцю званоў па колькасці вёсак, жыхары якіх тут загінулі.

У Беларусі штогод праводзяцца работы па добраўпарадкаванні і капітальным рамонце мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой славы, воінскіх пахаванняў. Вядзецца пошукавая работа для ўстанаўлення даных аб загінулых у час вайны, у тым ліку палявыя пошукавыя работы. Савет Міністраў у лютым зацвердзіў дзяржаўную праграму "Увекавечанне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны" на 2021-2025 гады. Рэалізацыя дзяржпраграмы будзе садзейнічаць захаванню ваенна-гістарычнай спадчыны беларускага народа, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, выкананню міжнародных пагадненняў у ваенна-мемарыяльнай сферы.

У Год народнага адзінства беларуская моладзь ініцыявала навесці парадак на мемарыялах памяці спаленых вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны. У рамках патрыятычнага праекта "Сёстры Хатыні" да 22 сакавіка актывісты БРСМ добраўпарадкавалі больш за 120 аб'ектаў воінскай славы. Валанцёры прывялі ў парадак тэрыторыю спаленых у гады вайны вёсак Каранёва (Бешанковіцкі раён), Лабэцкія (Браслаўскі раён), мемарыяльнага комплексу спаленым вёскам у вёсцы Асташава (Лёзненскі раён), помніка спаленым вёскам у Пружанах, помніка жыхарам спаленай вёскі Вароні (Столінскі раён), брацкую магілу загінулым землякам вёсак Трахімавічы, Гарадкі, Вялікая Воля, Дуброўка (Дзятлаўскі раён), мемарыяльны комплекс "Месца спаленай вёскі Любча" (Навагрудскі раён) і інш.

Лукашэнка ў сувязі з гадавінай трагедыі ў Хатыні нагадаў аб важнасці гістарычнай памяці

22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў зварот суайчыннікам у сувязі з 78-й гадавінай Хатынскай трагедыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 22 сакавіка - самотная дата, паколькі ў гэты дзень у 1943 годзе нямецкія акупанты і іх саўдзельнікі-паліцаі сцерлі з зямлі вёску Хатынь.

"Згарэлыя зажыва, лютую смерць тады прынялі 149 бязвінных ахвяр, сярод якіх больш за палову былі дзеці. За гады вайны страшэнны лёс Хатыні зведалі жыхары тысяч беларускіх гарадоў і вёсак. Многія з іх так і не адрадзіліся", - гаворыцца ў звароце.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы свята захоўваюць памяць аб усіх ахвярах вайны. "Мы таксама не забылі, што гэтыя зверствы ўчыняліся ў тым ліку пад сцягамі, якія сёння нам спрабуюць навязаць у якасці нацыянальных сімвалаў. Такое гістарычнае бяспамяцтва - накшталт кашчунства", - выказаў перакананне беларускі лідар.

"Няхай самотныя званы Хатыні сёння пачуюць тыя, хто сее зерне зла і нянавісці, спрабуючы раскалоць краіну, разбурыць мір і спакой у нашым грамадстве. Гэтага не бываць, таму што мы адзіны народ і добра ведаем: трагедыя можа паўтарыцца, калі аб ёй забываюць. Памяць народа свяшчэнная. Беларусь памятае мінулае ў імя будучыні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі