Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

22 Сак 2018

У адрас Прэзідэнта Беларусі паступаюць шматлікія звароты з нагоды 75-годдзя хатынскай трагедыі

У адрас Прэзідэнта Беларусі паступаюць шматлікія звароты з нагоды 75-годдзя хатынскай трагедыі

22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У адрас Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і беларускага народа паступаюць шматлікія звароты з нагоды 75-годдзя хатынскай трагедыі ад выдатных замежных грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, партый, грамадскіх арганізацый, аб'яднанняў беларускай дыяспары, простых грамадзян. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

На гэты час пасланні атрыманы з Расіі, Польшчы, Венгрыі, Германіі, ЗША, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Грузіі, Кыргызстана, Таджыкістана і іншых краін.

Так, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота ў звароце да Аляксандра Лукашэнкі адзначыў, што расіяне і мільёны людзей на планеце падзяляюць смутак і памяць з беларускім народам. "Страшны лёс Хатыні - вечнае сведчанне таго, што няма нічога больш разбуральнага, чым вайна і ўзброеныя канфлікты, - падкрэсліў ён. - Упэўнены: той, хто хоць раз пабываў у Хатыні, ніколі гэтага не забудзе. Сотні спаленых вёсак, лёсы загінулых у іх людзей, мёртвая цішыня і самотныя гукі звана застануцца ў яго душы назаўсёды".

На думку генеральнага сакратара АДКБ Юрыя Хачатурава, жахлівыя злачынствы супраць чалавечнасці ў Хатыні сталі для ўсяго свету сімвалам жорсткасці вайны, пакут беларускага народа, які панёс велізарныя страты ў барацьбе супраць нацызму, за вызваленне Еўропы ад карычневай чумы. "Хачу пацвердзіць наша агульнае імкненне і далей абараняць вынікі Вялікай Перамогі, рашуча процідзейнічаць спробам гераізацыі нацызму, праявам неанацызму, фальсіфікацыі гісторыі, паступальна развіваючы сістэму калектыўнай бяспекі ў фармаце АДКБ, што гарантуе мірную працу нашых грамадзян, светлую будучыню нашых дзяцей і ўнукаў", - гаворыцца ў звароце Юрыя Хачатурава.

Як адзначыў старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч, Хатынь - не проста адна са спаленых беларускіх вёсак, прынесеная ў ахвяру ненасытнаму фашысцкаму калосу, гэта сумны сімвал найвялікшага злачынства на Зямлі па масавым пазбаўленні жыцця мірных бязвінных людзей, гэта звернутае ў будучае папярэджанне аб тым, што сусветнае зло не пераможана, як не пераможана агрэсіўная прырода чалавека.

У пасланні Прэзідэнту прафесар, доктар Эдгар Вайлер, які ўзначальвае таварыства дружбы "Германія-Беларусь", расказаў аб сваім наведванні мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Паводле яго слоў, ён нагадвае аб шматлікіх ахвярах, якія Беларусь панесла ў час Другой сусветнай вайны ў сутыкненні з яго ўласнай краінай. "Вельмі пазітыўным вопытам, якім сёння можна дзяліцца, з'яўляецца набыццё дружбы паміж нашымі народамі і атрыманне ўрокаў з мінулага, - лічыць прафесар. - Мне тым больш радасна адзначыць, што праз 75 гадоў пасля трагедыі ў Хатыні нашы народы знайшлі агульныя адказы на шэраг пытанняў і паспяхова развіваюць супрацоўніцтва ў палітычнай, грамадскай, эканамічнай, спартыўнай, культурнай і іншых сферах".

Старшыня Венгерскай рабочай партыі Д'юла Цюрмер у звароце да кіраўніка беларускай дзяржавы падкрэсліў: "У гэты дзень мы схіляемся перад гераізмам і ахвярамі беларускага народа. Не дазволім забыць пра іх". На яго думку, хатынская трагедыя павінна служыць вечным напамінам, каб злавесныя ідэі зноў не завалодалі светам.

Як адзначыў намеснік старшыні Палаты дэпутатаў Парламента Чэхіі, старшыня ЦК Камуністычнай партыі Чэхіі і Маравіі Войцех Філіп, беларуская Хатынь, чэшская Лідзіцэ, французская Арадур і грэчаская Дзістама будуць заўсёды нагадваць людзям аб жахах нацызму. "Мы выказваем павагу бессмяротнай памяці ўсім людзям, якія ахвяравалі сваімі жыццямі ў імя нашай свабоды", - заявіў Войцех Філіп.

Амерыканскі вучоны, публіцыст і прафесар Рэдфардскага ўніверсітэта Рыгор Іофэ ў сваім звароце падтрымаў намаганні Беларусі па ўвекавечанні памяці аб хатынскай трагедыі і ў цэлым аб Другой сусветнай вайне. "Як чалавек, які займаецца комплекснымі даследаваннямі Беларусі і да таго ж мае беларуска-яўрэйскія карані, я не магу без хвалявання думаць аб тым, што адбылося ў Хатыні 75 гадоў таму, - прызнаўся вучоны. - Прыміце шчырае выказванне салідарнасці з народам Беларусі, з намаганнямі ўрада ў справе інтэрнацыянальнага выхавання і выкаранення нацыянальнай нецярпімасці. Спадзяюся, што гэта дзейнасць стане залогам таго, што трагічныя падзеі тых гадоў больш не паўторацца, а памяць аб панесеных ахвярах назаўсёды застанецца ў сэрцах людзей".

У пісьме да Прэзідэнта старшыня парламенцкай групы дружбы Нацыянальнага савета Славакіі з Нацыянальным сходам Беларусі Роберт Мадэй адзначыў, што вялікая колькасць спаленых вёсак і страчаных жыццяў служаць сведчаннем гераізму беларускага народа і яго непахіснага жадання любой цаной дасягнуць міру і свабоды. "Мы глыбока цэнім усе тыя ахвяры, якія ваш народ панёс у цяжкі для чалавецтва перыяд вайны", - падкрэсліў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі