У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

10 Кст 2016

Тыдзень маці стартуе ў Беларусі

Тыдзень маці стартуе ў Беларусі

10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тыдзень маці стартуе сёння ў Беларусі, ён прадоўжыцца па 16 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Паводле слоў спецыялістаў, Тыдзень маці нацэлены на падтрыманне традыцыі беражлівага стаўлення да жанчыны, умацаванне сямейных каштоўнасцей і павышэнне прэстыжу здаровай гарманічнай сям'і, адказнага бацькоўства. У правядзенні мерапрыемстваў гэтага тэматычнага тыдня прымаюць удзел міністэрствы культуры, інфармацыі, адукацыі, аховы здароўя, унутраных спраў і абароны, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. Значны ўклад уносіць грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын".

Падтрымка сем'яў з дзецьмі - адзін з асноўных прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. У мінулым годзе ў краіне нарадзіліся 119 тыс. дзяцей - рэкордны паказчык за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі. Прычым 57,2 працэнта нованароджаных - гэта другія і наступныя дзеці ў сем'ях. Колькасць шматдзетных сем'яў вырасла з 62,5 тыс. у 2009 годзе да 81 тыс. у 2016 годзе. Па сусветным індэксе мацярынства, які складаецца міжнароднай арганізацыяй Save the Children, Беларусь уваходзіць у лік 25 (са 179) краін свету, спрыяльных для мацярынства, і лідзіруе сярод краін СНД.

Праграма Тыдня маці 10-16 кастрычніка ўключае ў бягучым годзе традыцыйныя ўрачыстыя прыёмы ў гар-, рай- і аблвыканкамах, цырымоніі ўзнагароджання ордэнам Маці, святочныя канцэрты, вечары адпачынку, а таксама мерапрыемствы новага фармату (выстаўка-форум "Мацярынства і дзяцінства", акцыя ў арганізацыях аховы здароўя "Тыдзень без абортаў").

У працоўных калектывах, па месцы службы пройдзе ўшанаванне жанчын-маці, адбудзецца фінал рэспубліканскай акцыі "Сям'я! Служым разам!". У Драматычным тэатры Беларускай арміі павіншуюць актыў Беларускай грамадскай арганізацыі салдацкіх маці, Асацыяцыі членаў сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане "Памяць і абавязак", Фонду сацыяльнай абароны ўдоў і дзяцей ваеннаслужачых, што загінулі ў лакальных ваенных канфліктах "Абавязак".

Дабрачынны вечар балета для шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў пройдзе ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы. У Нацыянальным гістарычным музеі адбудзецца канцэрт стыпендыятаў Міжнароднага дабрачыннага фонду Юрыя Розума, прысвечаны Дню маці. Тэматычную праграму "Матчына хата" арганізуе Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры падрыхтавана фотавыстаўка, прысвечаная Тыдню маці.

У сталіцы адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новага будынка ДУ "Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей". Фотавыстаўка "Бацька і дзіця" сацыяльнага арт-праекта "Babystory.by" адкрыецца каля Мінскай гарадской ратушы.

Па добрай традыцыі ўшанаванне маці-сяльчанак пройдзе ў Сусветны дзень сельскіх жанчын.

У гэтыя кастрычніцкія дні ўшаноўваюць сямейныя пары - залатых і сярэбраных юбіляраў, а таксама шматдзетных маці, якія нарадзілі дзіцяці ў 2016 годзе. У радзільных дамах павіншуюць жанчын, што нарадзілі дзяцей у Дзень маці. Адбудзецца ўшанаванне маці са шматдзетных, прыёмных, апякунскіх сем'яў, маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, для іх правядуць дабрачынныя акцыі. Запланаваны бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для шматдзетных маці.

Дабрачынная акцыя "Міласэрнасць" прадугледжвае наведванне адзінокіх састарэлых жанчын у бальніцах сястрынскага догляду, у аддзяленнях дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў. Плануецца наведванне дамоў ветэранаў і дамоў састарэлых.

Клубы замяшчальных бацькоў правядуць святочныя тэматычныя сустрэчы з прыёмнымі бацькамі, бацькамі-выхавальнікамі, апекунамі. Адбудуцца круглыя сталы, дыскусіі з удзелам кандыдатаў ва ўсынавіцелі, у бацькі-ўсынавіцелі.

Запланаваны круглыя сталы і прэс-канферэнцыі па пытаннях аховы рэпрадуктыўнага здароўя, фарміравання здаровага ладу жыцця. У арганізацыях аховы здароўя пройдзе кансультаванне жанчын, дзяцей і навучэнскай моладзі па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця, захавання і ўмацавання здароўя.

Па ўсёй рэспубліцы ва ўстановах адукацыі адбудуцца ранішнікі, выстаўкі дзіцячай творчасці, ва ўстановах культуры - тэматычныя літаратурна-музычныя вечары, канцэрты, кніжныя выстаўкі, у кінатэатрах - тэматычныя кіналекторыі, паказы сацыяльных ролікаў, тэматычных дакументальных, мастацкіх і анімацыйных фільмаў. У краіне разгорнуцца масавыя сямейныя мерапрыемствы, спартакіяды, спартыўныя спаборніцтвы.

Плануецца падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу сярод СМІ "Моцная сям'я - моцная дзяржава". Будуць аб'яўлены вынікі інтэрнэт-конкурсу малюнкаў "Маміна ўсмешка" і рэспубліканскага конкурсу сачыненняў студэнтаў "Гімн маці".

У міністэрстве адзначылі, што ў 2016-2020 гадах сямейная палітыка накіравана на захаванне дасягнутых паказчыкаў нараджальнасці, умацаванне інстытута сям'і, выкарыстанне створаных механізмаў падтрымкі сям'і (фарміраванне сямейнага капіталу, аказанне матэрыяльнай дапамогі шматдзетным сем'ям да навучальнага года, прадастаўленне шырокага спектра сацыяльных паслуг сем'ям з дзецьмі і інш.). Гэта прадугледжана падпраграмай "Сям'я і дзяцінства" Дзяржаўнай праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь" на бягучую пяцігодку.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс