Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

15 Жнв 2025

"Тут мы можам дасягнуць поспеху". Лукашэнка арыентуе на актыўнае развіццё ў краіне біяфармацэўтыкі


15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе на актыўнае развіццё ў краіне біяфармацэўтыкі. Аб гэтым ён заявіў на тэматычнай нарадзе 15 жніўня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў любой краіне ёсць два важнейшыя напрамкі ў забеспячэнні жыццядзейнасці людзей - прадукты харчавання і лячэнне. З першым Беларусь, як аграрна развітая краіна, добра спраўляецца. Не менш значнае і другое, асабліва з улікам сучаснага развіцця свету, дзе людзі часта перамяшчаюцца і распаўсюджваюць розныя віды захворванняў.

"Заразы ў свеце дастаткова. Якой бы ні была наша Беларусь беленькай, пушыстай і сінявокай, мы ў цэнтры развітага свету, і розная зараза, хваробы следам за чалавекам перамяшчаюцца. Таму лячыць трэба", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

У прадаўжэнне размовы Прэзідэнт згадаў краіны Афрыкі, якім Беларусь цяпер аказвае сур'ёзную дапамогу для забеспячэння харчовай бяспекі. Але яшчэ больш актуальная для гэтага рэгіёна тэма - ахова здароўя. "Лячыць у Афрыцы людзей - пытанне нумар адзін", - сказаў беларускі лідар. Фармацэўтыка, лячэнне людзей будуць захоўваць актуальнасць і станавіцца ўсё больш запатрабаванымі. Для Беларусі іх развіццё ў якасці асобных галін мае вельмі вялікія перспектывы, перакананы Прэзідэнт.

"Мы шмат гаворым аб сваім развіцці. Любая краіна, незалежная, суверэнная, ды і не толькі, можа, і частка краіны, вобласці - яны заўсёды думаюць аб тым, у якім напрамку рухацца, як развівацца", - адзначыў ён. Напрыклад, для такіх дзяржаў, як Расія, шлях развіцця даволі відавочны з-за яе памераў і валодання вялікай колькасцю прыродных рэсурсаў. "У яе ёсць усё: і нафта, і газ, і золата, рэсурсы - усё ёсць. Яна можа прадаваць гэта і нябедна існаваць", - растлумачыў на прыкладзе Аляксандр Лукашэнка. У Беларусі ў свой час (у перыяд існавання Савецкага Саюза) актыўна развівалася перапрацоўчая вытворчасць, прамысловасць, а рэсурсы для гэтага паступалі з усяго Савецкага Саюза. Але на сучасным этапе даводзіцца сур'ёзна задумвацца, на якія менавіта галіны рабіць стаўку на будучыню.

"Савецкі Саюз быў махінай, валодаў і рэсурсамі, сыравінай, і тэхналогіямі. А нам як быць? Яны (рэсурсы. - Заўвага БЕЛТА) нам патрэбны з прычыны таго, што мы даволі развіты ў традыцыйных напрамках - машынабудаванне, сельская гаспадарка, нафтаперапрацоўка і гэтак далей. Нешта мы здабываем. Вядома, не столькі, колькі нам патрэбна, і не тое, што здабывае Расійская Федэрацыя. Дык як быць?" - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён адзначыў, што гэта тэма - далейшага развіцця ва ўмовах, калі няма вялізных запасаў прыродных рэсурсаў, - сур'ёзна абмяркоўваецца ў Беларусі і пастаянна знаходзіцца ў полі зроку асабіста кіраўніка дзяржавы.

"Свет даў нам сур'ёзны шанц для развіцця і для таго, каб наша краіна была багатай. Я маю на ўвазе чалавечы патэнцыял, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Мазгі ў нашых людзей добрыя, людзі многае могуць рабіць. І вось з'явіліся напрамкі - IT-тэхналогіі і ўсё, што з імі звязана, штучны інтэлект... І адзін з напрамкаў, дзе мы можам дасягнуць поспеху, - лякарствы і ветэрынарныя прэпараты". Іх істотная перавага ў тым, што яны не патрабуюць наяўнасці значных прыродных рэсурсаў, карысных выкапняў, а патрэбны перш за ўсё кваліфікаваныя кадры і тэхналогіі. І адно, і другое ў Беларусі ёсць. "Патрэбны мазгі, трэба ўкладваць тэхналогіі, якія ўжо вядомыя, і рухацца далей", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Таму, вызначаючы на будучую пяцігодку напрамкі нашага развіцця, думаю, трэба знаходзіць такія галіны і напрамкі, якія менш былі б залежныя ад такіх рэсурсаў, як нафта, газ, метал і гэтак далей, - арыентаваў Прэзідэнт. - Гэта нам патрэбна будзе, але ў адносна невялікіх аб'ёмах, для таго каб існавала тое, што нам дасталася ад Саюза (Савецкага Саюза. - Заўвага БЕЛТА), што мы захавалі і мадэрнізавалі. А вось новыя напрамкі - гэта ў тым ліку лякарствы".

У сувязі з гэтым на нарадзе абмяркоўвалася пытанне стратэгічнага развіцця буйнейшага біятэхналагічнага прадпрыемства ветэрынарнага профілю - ААТ "БелВітуніфарм". Цяпер яно выпускае 150 найменняў ветэрынарных прэпаратаў, у тым ліку 26 - біялагічнай прадукцыі.

"Беларусь ідзе па шляху імпартазамяшчэння - да тэхналагічнага (як модна сёння гаварыць) суверэнітэту, дасягнуць якога немагчыма без уласных буйных вытворчасцей. Такіх цэнтраў, дзе ёсць уласныя навуковыя лабараторыі і распрацоўкі, дзе мысляць на 10 і 20 гадоў наперад. Віцебскі рэгіён мае ўсе перадумовы для стварэння магутнага вытворчага аб'яднання ў галіне біяфармацэўтыкі (але ці толькі Віцебскі рэгіён? Тут трэба шырэй гаварыць не толькі пра Віцебскі рэгіён, але ў маштабах краіны). Гэта значыць, можа гэта аб'яднанне працаваць і для сельскай гаспадаркі, і для медыцыны (лякарствы, вакцыны і ветпрэпараты). Тэхналагічным ядром, як прапануецца, цяпер павінен стаць "БелВітуніфарм", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт ужо наведваў гэта прадпрыемства, сустракаўся з яго кіраўніцтвам. Гэта было ў жніўні 2021 года, і тады размова ішла ў тым ліку аб намеры рэалізаваць інвестыцыйны праект па арганізацыі вытворчасці медыцынскіх вакцын. Пасля візіту кіраўніка дзяржавы быў падпісаны адпаведны ўказ нумар 430.

"Мы вельмі падрабязна абмяркоўвалі ваш бізнес-план, але, як у вядомай прымаўцы, гладка было на паперы, ды забылі пра равы", - крытычна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Таму адна з мэт нарады - знайсці спосабы вырашэння праблем, якія ўзніклі.

У першую чаргу Прэзідэнт спытаў, як рэалізуецца ўказ нумар 430. "Вы на ім настойвалі, я пагадзіўся, падпісаў указ. Калі ён не выкананы, то чаму, хто адкажа? А прыходзіць да мяне чарговы раз і рабіць выгляд, што вы ні пры чым і нехта гэты ўказ не выканаў, не атрымаецца, - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. - Мне дакладваюць, асноўная праблема - так званы пакет інвестыцыйных праектаў, якія знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці. У прыватнасці, не завершаны вытворчы комплекс па выпуску вакцын, і дарагое абсталяванне прастойвае. Гэта недапушчальна. Вам выдзялялі немалыя бюджэтныя грошы".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў канчаткова вызначыцца, якім шляхам трэба пайсці прадпрыемству для завяршэння праектаў, - дабудоўваць вытворчасці самастойна або прыцягнуць інвестара. Магчыма, мае сэнс задзейнічаць магутнасці медыцынскіх вытворчасцей, якія ўжо ёсць у Віцебскай вобласці, але пакуль недазагружаны, напрыклад, ТАА "Націвіта" ў Бешанковічах. Акрамя таго, Прэзідэнт пацікавіўся планамі прадпрыемства па паляпшэнні лабараторнай практыкі, стварэнні сучаснага віварыя і іншых неабходных аб'ектаў. Закраналася пытанне ўмелага выкарыстання няпрофільных актываў.

Як праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку, усе зацікаўленыя бакі прыйшлі да кансэнсусу наконт далейшых крокаў па развіцці "БелВітуніфарм" і выпрацавалі алгарытм дзеянняў, які вынесены на разгляд кіраўніка дзяржавы. "Калі неабходны дадатковыя рашэнні Прэзідэнта, уносьце прапановы", - арыентаваў беларускі лідар на завяршэнне свайго ўступнага слова на нарадзе.

"БелВітуніфарм" - гэта толькі частка. Мы павінны ў комплексе разглядаць усе прадпрыемствы: хто будзе рабіць медыцынскія прэпараты, хто ветэрынарныя, як тут будзем працаваць, на што выходзіць і іншае", - дадаў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі