VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

22 Стд 2021

"Трэба мабілізаваць усё тое, што ёсць" - Лукашэнка прыняў з дакладам губернатара Магілёўскай вобласці


22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам старшыню Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як мы і дамаўляліся пры назначэнні вас на пасаду, галоўная задача перад губернатарам Магілёўшчыны - вывесці вобласць на пэўны ўзровень. Як я тады сказаў, у хвасце плесціся Магілёўская вобласць не павінна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, вынікі работы вобласці хоць і нельга назваць уражальнымі, але яны дастаткова высокія.

"Вы па сваім ВРП спрацавалі прыкладна на 101 працэнт (па выніках 2020 года да ўзроўню 2019-га. - Заўвага БЕЛТА). Нядрэнны паказчык, у гэтых адносінах трэба аддаць належнае. Але ўсе астатнія паказчыкі ў нас вымушаюць жадаць лепшага. Таму бачыць толькі станоўчае і не звяртаць увагі на тое, дзе трэба напружыцца, будзе няправільна: мы проста спынімся ў развіцці. Будзем лічыць, што мінулы год (гэта прызнана ва ўсім свеце) не з'яўляецца крытэрыем, эталонам для таго, каб рабіць нейкія высновы. Будзем глядзець у будучыню. Але тое, што вам удалося разварушыць магіляўчан, гэта бясспрэчны факт", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па многіх напрамках работы Магілёўскай вобласці рашэнні прымаліся на вышэйшым узроўні. Былі распрацаваны праекты па развіцці вытворчасцей, прадастаўлены прэферэнцыі паўднёва-ўсходнім рэгіёнам вобласці, аказвалася падтрымка сацыяльнай сферы. "Наверсе рашэнні прыняты, але трэба сканцэнтравацца на іх рэалізацыі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён пацікавіўся ў Леаніда Зайца, што яшчэ неабходна зрабіць, каб Магілёўская вобласць прыбавіла ў сваім развіцці. Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба ўлічваць, што гэты год асаблівы. "Акрэсленасцей ніякіх няма: мы не ведаем, як будзе развівацца сусветная эканоміка (вельмі вялікі спад), як будзе развівацца пандэмія, якая ўплывае не толькі на розумы людзей, але і на эканоміку, як у свеце пойдуць глабальныя працэсы, - вы бачыце, якая турбулентнасць нават у апоры дэмакратыі. Таму шмат неакрэсленасцей, і гэта ўсё трэба ўлічваць. І абмежаванасць сродкаў, і пэўны націск з усіх бакоў: знутры, звонку. Мы, вядома, на калені не ўпадзём (гэта адназначна), але ў развіцці мы гэта павінны ўлічваць. Трэба мабілізаваць усё тое, што ёсць, а потым брацца за нешта новае. Будзем зыходзіць з гэтага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Леанід Заяц расказаў, што на кантролі ў Магілёўскім аблвыканкаме знаходзіцца 188 даручэнняў Прэзідэнта. Іх выкананне і было абмеркавана на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

"Па выніках работы за 2020 год валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці склаў 100,9 працэнта. Гэта самы лепшы вынік па рэспубліцы", - расказаў губернатар журналістам.

Пры гэтым аб'ёмы вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак павялічыліся на 5,5 працэнта ў параўнанні з 2019 годам, у сельскагаспадарчых арганізацыях - на 8,8 працэнта. Аб'ём прамысловай вытворчасці ў вобласці перавысіў Br10 млрд, аб'ёмы вытворчасці выраслі на 3,4 працэнта. У тым ліку за кошт гэтых вынікаў заработная плата па вобласці павялічылася ў сярэднім на 13,2 працэнта.

Гаворачы аб развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў вобласці, старшыня Магілёўскага аблвыканкама адзначыў, што ў цэлым яны спрацавалі нядрэнна. "Але яшчэ недастаткова, каб можна было б зраўнавацца з сярэднеабласнымі паказчыкамі. Тая праграма, якая прынята, дазволіць нам на працягу пяцігодкі выраўнаваць гэтыя паказчыкі і, можа, нават выйсці наперад", - упэўнены губернатар.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход