Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

9 Jan 2020

Традыцыя з асаблівым сэнсам - Лукашэнка ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне"

Традыцыя з асаблівым сэнсам - Лукашэнка ўручыў прэміі

9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня ўручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі "Беларускі спартыўны Алімп", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Цырымонія адбылася ў Палацы Рэспублікі. У гэты вечар тут разгарнулася выстава-прэзентацыя дасягненняў і творчых прац лаўрэатаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўручэнне прэміі "За духоўнае адраджэнне" - гэта цудоўная традыцыя, што надае калядным святам асаблівы сэнс. "Гэты вечар мы прысвячаем нашым суайчыннікам - тым, хто захоўвае і ўзбагачае нацыянальную культуру Беларусі, кожны год здзіўляе нас неверагоднымі дасягненнямі", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, высокія памкненні людзей, адзначаных прэміямі, не ўпісваюцца ў каноны сучаснага прагматычнага свету, дзе ўсё прадаецца і купляецца, а мараль і справядлівасць абясцэньваюцца. "Вялікую ідэю служэння грамадству і дзяржаве намінанты прэміі ставяць вышэй за матэрыяльную выгаду, сваімі справамі і ўчынкамі ўмацоўваюць у нашых сэрцах веру ў дабро і чысціню сумлення", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Такі прыклад, падкрэсліў ён, выклікае пачуццё гонару за беларускі народ, які захаваў лепшыя нацыянальныя рысы: спагадлівасць і велікадушнасць, працавітасць і мэтанакіраванасць, сапраўдны патрыятызм. "Дзякуючы героям гэтага святочнага вечара цеплыню і клопат адчулі многія беларускія дзеці, якія засталіся без бацькоўскай любові. Знайшлі разуменне і падтрымку людзі, якія сутыкнуліся з цяжкай хваробай, апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт назваў сімвалічным тое, што сярод уладальнікаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" ў гэтым годзе Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў. "Адзначым іх уклад у захаванне памяці пра подзвіг народа і актыўную гуманітарную дзейнасць", - сказаў ён.

А традыцыйная прэмія "Беларускі спартыўны Алімп", паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, павінна натхніць спартсменаў на новыя здзяйсненні на маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях у Токіа.

Як паведамлялася, па выніках 2019 года прысуджаны пяць прэмій "За духоўнае адраджэнне". Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб'яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Сярод іх настаяцель прыхода храма святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны горада Мінска протаіерэй Іаан (Іван) Харашэвіч, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, калектывы Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў і археалагічнага музея "Бярэсце", аўтарскі калектыў у складзе акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Кавалені, галоўнага рэдактара прадпрыемства "Белкартаграфія" Галіны Ляхавай, дырэктара Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Вячаслава Насевіча.

За выдатныя дасягненні ў сферах прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Сярод удастоеных гэтай узнагароды калектывы Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
 
Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта "Беларускі спартыўны Алімп" 2019 года ўдастоены галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5" Павел Булацкі, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў, старшы трэнер нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор'і Васіль Гулевіч. Узнагарода ім прысуджана за актыўную дзейнасць па папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, развіцці фізкультурна-спартыўных традыцый, якія садзейнічаюць фарміраванню гарманічнай асобы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі