У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
ВЫБАРЫ ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

29 Кст 2019

Сітуацыю пераламалі, але самазаспакойвацца нельга - Лукашэнка патрабуе новых антынаркатычных мер

Сітуацыю пераламалі, але самазаспакойвацца нельга - Лукашэнка патрабуе новых антынаркатычных мер

29 кастрычніка, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. У Беларусі ўдалося стабілізаваць абстаноўку ў сферы распаўсюджвання і спажывання наркотыкаў, аднак асаблівых падстаў для самазаспакоенасці няма. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях процідзеяння распаўсюджванню наркотыкаў і прафілактыкі наркаманіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікамі нарады сталі кіраўнікі ўрада, шэрага міністэрстваў і ведамстваў, судзейскага корпуса.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важная, рэзанансная тэма барацьбы з наркотыкамі і прафілактыкі наркаспажывання за апошнія пяць гадоў не раз абмяркоўвалася на высокім узроўні. "Прынятыя ў Беларусі ў 2014 годзе сістэмныя меры далі магчымасць нам пераламаць сітуацыю, - сказаў Прэзідэнт. - Нам удалося паставіць заслону на шляху распаўсюджвання сінтэтычных прэпаратаў, так званых спайсаў, асноўнымі спажыўцамі якіх была моладзь. Значна ўзмоцнена крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропаў".

"У выніку нам удалося стабілізаваць абстаноўку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. За мінулыя пяць гадоў колькасць нарказлачынстваў скарацілася ў 1,5 раза, а ўчыненых з удзелам непаўналетніх - прыкладна ў 5 разоў.

Колькасць смярцей ад перадазіровак наркотыкамі ў Беларусі ў 14 разоў ніжэйшая, чым у Літве, і ў 72 разы ніжэйшая, чым у ЗША. Апошні выпадак гібелі падлетка ад перадазіроўкі адбыўся ў 2014 годзе.

Аб маштабнасці праблемы

Штогод у свеце ад наркотыкаў гінуць звыш 200 тыс. чалавек. Праблема з'яўляецца сур'ёзным выклікам для ўсёй сусветнай супольнасці. "Паводле ацэнак ААН, наркотыкі цяпер ужывае кожны дваццаты чалавек на планеце - прыкладна 250-300 млн чалавек, - прывёў лічбы кіраўнік дзяржавы. - Велізарная колькасць людзей, супастаўная з колькасцю насельніцтва Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі і Францыі разам узятых".

"Аднак, нягледзячы на прыведзеныя паказчыкі, асаблівых падстаў для самазаспакоенасці няма, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Вы помніце, што мы, звяртаючыся да праблемы наркотыкаў, часта гаварылі, што ідзём па нязведанай цаліне. Такіх комплексных мер ніколі ні адна краіна, а тым больш Беларусь, не прымала ў сферы барацьбы і прафілактыкі наркотыкаў. Мы тады прынялі рашэнне, што да гэтага пытання прыкладна праз пяць гадоў вернемся, прааналізуем практыкі і, калі неабходна, прымем дадатковыя меры, што сёння і спрабуем зрабіць. З першага заходу ў нас атрымаецца ці, можа, яшчэ раз давядзецца да гэтага пытання вярнуцца, але да 1 студзеня 2020 года кропкі над "і" павінны быць расстаўлены".

Аб непазбежнасці пакарання

Улічваючы геаграфічнае становішча Беларусі, наркакартэлі імкнуцца скарыстацца зручнай лагістыкай. "Таму ўсе павінны разумець, што аслабляць націск на суб'екты наркатрафіка і наогул пастаўшчыкоў наркотыкаў мы не маем права. Калі хоць на імгненне пра гэта забудзем, наша краіна патоне ў гэтых праблемах і ў гэтым страшэнным зеллі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Толькі за мінулы год праваахоўнікамі перахоплена на граніцы амаль паўтоны гашышу. Не спыняюцца спробы зноў падсадзіць нашых людзей на сінтэтычныя наркотыкі. Адных амфетамінаў і іншых псіхатропных рэчываў канфіскавана звыш 36 кг".

Кіраўнікі злачынных груп, каб уцягнуць моладзь у распаўсюджванне наркотыкаў, актыўна выкарыстоўваюць электронныя пляцоўкі: сумніўныя сайты, мэсэнджары. "Падлеткі згаджаюцца на ўгаворы невядомых ім асоб у сетцы Інтэрнэт зрабіць адну-дзве закладкі, не разумеючы толкам, у што ўвязваюцца, а потым атрымліваюць вялікія тэрміны. Зразумела, становяцца саўдзельнікамі збыту і спажывання наркотыкаў з усімі далейшымі наступствамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што прынцып непазбежнасці пакарання павінен працаваць перш за ўсё ў адносінах да кіраўнікоў арганізаваных груп і аптовых звёнаў наркатрафіка. "Не можаце самі дастаць гэтых дзялкоў, калі яны знаходзяцца недзе за мяжой, - тады задзейнічайце міжнародныя каналы і іншыя вядомыя ў рабоце спецслужбаў метады. Зрабіце ўсё магчымае, каб ліквідаваць злачынную сетку поўнасцю", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усе крымінальныя справы па наркотыках, учыненыя ў складзе арганізаваных груп, павінны знаходзіцца на асаблівым кантролі ў органах пракуратуры.

Аб справядлівасці судовых рашэнняў

У Крымінальны кодэкс не так даўно былі ўнесены папраўкі, якія даюць судам магчымасць больш гібка падыходзіць да назначэння пакарання. "Дарэчы, за змякчэнне пакарання ў такім памеры, як мы прынялі рашэнне, выступалі так званыя ці то партыя, ці то грамадская арганізацыя (размова ідзе аб руху "Маці 328". - Заўвага БЕЛТА), - нагадаў Прэзідэнт. - У людзей не павінна быць сумненняў у справядлівасці і абгрунтаванасці прымаемых судовых рашэнняў. Галоўная задача суда - дасканала разабрацца ў сітуацыі і назначыць адэкватнае акалічнасцям справы пакаранне. Таму, калі трэба дадаткова сарыентаваць судзейскі корпус у частцы аднастайнага прымянення закона, давайце растлумачым адпаведныя пытанні на ўзроўні самога суда, а можа, Пленума Вярхоўнага Суда".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў неабходнасць забяспечыць занятасць і падтрымку людзей, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. "Яны - нашы грамадзяне, і мы павінны дапамагчы ім вярнуцца да нармальнага жыцця і не дапусціць вяртання зноў у злачыннае асяроддзе", - сказаў ён.

Аб узмацненні прафілактыкі

Разам з тым кіраўнік дзяржавы ўказаў на недастатковыя меры па прафілактыцы наркагандлю і наркаманіі. "Я не раз гаварыў: пакуль будзем змагацца толькі з наступствамі, а не з прычынамі, карэннага паляпшэння сітуацыі не даб'ёмся. Самы эфектыўны бар'ер на шляху распаўсюджвання наркотыкаў - гэта іх татальнае непрыняцце грамадствам. Не будзе попыту, не будзе і прапанаванняў. Нам гэтага трэба дабівацца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што наркаманамі ў большасці выпадкаў становяцца маладыя людзі, якія не ўсведамляюць да канца небяспеку наркотыкаў. "Таму дзейнічаць неабходна на папярэджанне па лініі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і, вядома, перш за ўсё сям'і. Важнае значэнне мае ўдасканаленне антынаркатычнай прапаганды з улікам інтарэсаў моладзі. Разам з традыцыйнымі СМІ тут трэба актыўна падключаць сацыяльныя сеткі і іншыя віды папулярных у падлеткаў інтэрнэт-рэсурсаў. У гэтым плане дзейнасць Міністэрства інфармацыі цяпер малапрыкметная. Я наогул нешта не бачу гэтага міністэрства", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, існуючая сістэмная работа па процідзеянні распаўсюджванню наркотыкаў і прафілактыцы наркаманіі актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў Адміністрацыі Прэзідэнта праведзена некалькі сустрэч з роднымі асуджаных за нарказлачынствы. "Асабліва абмяркоўваюць і рыдаюць так званыя "Маці 328". Мы, вядома, іх разумеем: гэта бяда ў сям'і. Ім трэба параіць своечасова займацца сваімі дзецьмі. А потым рыдаць, стагнаць і прад'яўляць прэтэнзіі ўладзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Маці правільна засяроджваюць увагу на неабходнасці больш эфектыўнай работы з моладдзю па прафілактыцы нарказлачыннасці і наркаманіі. Прапануюць нам больш актыўна весці прафілактыку, толькі забылі, што ім самім трэба было гэтай справай займацца ў сям'і". Тым не менш Прэзідэнт лічыць патрэбным дасканала вывучыць прапановы, якія зыходзяць у тым ліку ад гэтых маці. "Яны пацярпелыя. Яны, напэўна, адчуваюць гэту праблему больш востра, чым усе іншыя", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад удзельнікаў нарады канкрэтных прапаноў у сферы процістаяння наркагандлю, павышэння выніковасці гэтай работы, прафілактыкі наркаспажывання, лячэння і рэабілітацыі нарказалежных асоб. "Не на словах, а на справе людзі павінны ўбачыць вынік", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс