Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

8 Жнв 2025

Стала вядома, якому сусветнаму выданню Лукашэнка даў інтэрв'ю ў канцы ліпеня

Стала вядома, якому сусветнаму выданню Лукашэнка даў інтэрв'ю ў канцы ліпеня
8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня даў інтэрв'ю амерыканскаму часопісу Time, паведамляе БЕЛТА.

Аўтарам інтэрв'ю выступіў карэспандэнт Сайман Шустэр.

Да гэтага часу назва СМІ, а таксама імя інтэрв'юера не раскрываліся. Такая была просьба самога часопіса - каб захаваць інтрыгу і эксклюзіўнасць матэрыялу.

Time - амерыканскі штотыднёвы часопіс і інфармацыйны партал са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку. Цяпер Time мае каля 30 млн чытачоў па ўсім свеце, большасць з якіх жыхары ЗША, дзе часопіс не раз прызнаваўся самым папулярным друкаваным выданнем. З'яўляючыся адным з найбольш чытаемых і распаўсюджаных палітычных часопісаў, Time лічыцца адным з самых аўтарытэтных выданняў свету.

Сайман Шустэр - амерыканскі журналіст, карэспандэнт часопіса Time з 2013 года. Ён нарадзіўся ў Маскве ў 1983 годзе. У 1989-м яго сям'я эмігрыравала ў ЗША.

У 2006-м Сайман Шустэр вярнуўся ў Маскву, дзе стаў працаваць журналістам, асвятляючы палітыку Расіі і суседніх дзяржаў для The Moscow Times, The Associated Press, Reuters, Time. Пасля артыкула "У Расіі - злачынства без пакарання" пра збіты Boeing 777 у Данецкай вобласці Сайману Шустэру быў забаронены ўезд у Расію. У сувязі з гэтым ён пераехаў для работы ў Берлін, дзе адказваў за асвятленне падзей у Еўропе і на постсавецкай прасторы. У лютым 2020 года пераехаў у Нью-Ёрк. Таксама вядомы сваімі матэрыяламі аб сітуацыі ва Украіне.

Як расказала раней прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант, Аляксандр Лукашэнка размаўляў з журналістам больш за дзве з паловай гадзіны.

"Гэта ў фармаце класічнага, скажам так, інтэрв'ю. Далей размова прадоўжылася ў фармаце off the record ("не пад запіс". - Заўвага  БЕЛТА). Такім чынам, увогуле гэта была трохгадзінная максімальна шчырая размова. І шчырая, і змястоўная", - сказала яна.

У інтэрв'ю была закранута вялікая колькасць розных тэм. Сярод асноўных:

  • мірны працэс паміж Расіяй і Украінай: погляд на гэта Аляксандра Лукашэнкі і роля Беларусі;
  • беларуска-амерыканскія перагаворы: як пачыналіся, як прагрэсіруюць і чаго чакае ад іх Прэзідэнт;
  • палітыка шматвектарнасці: хто і як яе бачыць збоку, за што крытыкуюць і ці адчувае Прэзідэнт занепакоенасць Расіі;
  • актыўны міжнародны дыялог Беларусі і санкцыі ў адносінах да краіны з боку ЗША і ЕС;
  • спецыяльная ваенная аперацыя: яе пачатак у дэталях;
  • беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2025" і змяненне іх плана: з якой мэтай;
  • ядзерная зброя і ракетны комплекс "Арэшнік" як моцныя аргументы. Што наконт гэтага Прэзідэнту гаварылі амерыканцы;
  • суверэнітэт краіны і забеспячэнне яе бяспекі - філасофскі і практычны погляды на фундаментальныя пытанні;
  • новы прэзідэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі: ці будзе? І аб пераемніку: якога чалавека Прэзідэнт бачыць пасля сябе?
Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі