Цэнтральнай падзеяй тыдня стаў чарговы раўнд беларуска-амерыканскіх перагавораў. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка ў Палацы Незалежнасці правёў сустрэчу з дэлегацыяй ЗША на чале са спецпасланнікам Джонам Коўлам. У такім складзе бакі сустракаюцца ўжо далёка не ўпершыню, і з кожным разам з'яўляюцца ўсё новыя поспехі на двухбаковым трэку. Мяркуючы па ўсім, не за гарамі можа быць і асабістая сустрэча Прэзідэнта Беларусі з амерыканскім калегам Дональдам Трампам.
У гэтым раўндзе перагавораў у параўнанні з папярэднімі была адна важная асаблівасць - вельмі шмат і падрабязна абмяркоўвалі не столькі беларуска-амерыканскі парадак дня, колькі міжнародныя глабальныя праблемы. Гэта не толькі ўкраінская тэматыка. За апошні час на карце свету не без удзелу ЗША ўзніклі новыя пункты напружання, галоўны з якіх - Іран, а па сутнасці, увесь Блізкі Усход. Як прызнаўся Джон Коўл, меркаванне беларускага Прэзідэнта вельмі каштоўнае для ЗША. Шчыра кажучы, мала хто з сусветных лідараў можа так шчыра і адкрыта, як Аляксандр Лукашэнка, выказацца па самых злабадзённых тэмах. А галоўнае - даць слушную параду. Прэзідэнт Беларусі таксама адгукнуўся на просьбу журналістаў і праз дзень раскрыў шмат новых цікавых падрабязнасцей. У матэрыяле БЕЛТА расказваем пра галоўнае.
"Настойліва прасіў бы вас, каб мы абмеркавалі рэгіянальныя праблемы. І не толькі праблемы Украіны, але і глабальныя. І не толькі вайну на Блізкім Усходзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў пачатку сустрэчы з Джонам Коўлам. - Думаю, мой пункт гледжання па глабальных праблемах, асабліва па сітуацыі на Блізкім Усходзе, будзе важны для вас, паколькі вы ваюеце супраць нашых сяброў. І я гатоў шчыра размаўляць на гэту тэму".
"Вельмі хацеў бы, каб мой пункт гледжання вы данеслі да Дональда Трампа. Я па-ранейшаму, нягледзячы на пэўныя памылкі, як я лічу, Злучаных Штатаў, з'яўляюся прыхільнікам вашага Прэзідэнта", - дадаў беларускі лідар.
Пасля перагавораў Джон Коўл сказаў: "Заўсёды вельмі каштоўна атрымліваць меркаванне Прэзідэнта Беларусі. Таму што гэта зусім іншае меркаванне ў параўнанні з тым, што мы можам атрымаць на Захадзе. Гэта вельмі каштоўна для нас. Я абавязкова перадам усё тое, што мы абмяркоўвалі, у Вашынгтон".
Вядома, у ЗША ў цэлым і Джона Коўла ў прыватнасці свая пазіцыя і нават, як высветлілася, рахункі да Ірана. Аляксандр Лукашэнка ў размове з журналістамі адзначыў, што ў Штатах дагэтуль помняць пра гібель амерыканцаў у Іране ў час падзей, якія адбыліся пасля Ісламскай рэвалюцыі. А іранцаў лічаць ледзь ці не рэлігійнымі фанатыкамі, гатовымі развязаць ядзерную вайну. Як бы там ні было, але здольнасць іранскай дзяржавы пастаяць за сябе ўлічылі вельмі слаба. "Недаацэнка была сур'ёзная. Пайшлі на повадзе, напэўна, у ізраільцян", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у размове з журналістамі прызнаўся, што ў пэўным сэнсе Беларусь "трапіла ў замес": "З аднаго боку, Іран, здаецца, нашы саюзнікі. Яны мяне не паслухалі, калі я ім гаварыў напярэдадні вайны, яшчэ задоўга як. Амерыканцы гэта ведаюць. Ну і Эміраты, Катар, асабліва Аман - цяпер мы робім стаўку. Яны ўсе папалі тут. З саўдытамі цяпер вядзём размову. Таму тут, здаецца, нашы людзі, і з другога боку нашы. У тут дай бог, каб гэта закончылася. У нас толькі адзін прынцып: трэба, каб гэта ўсё закончылася. Таму што нашы людзі і там, і там. Усе пакутуюць".
Цяпер у ЗША, відавочна, думаюць над спосабамі выйсці з гэтай "заварушкі" дастойна. Як мінімум адзін такі варыянт у выглядзе парады ад Прэзідэнта Беларусі Джон Коўл павёз у Вашынгтон. "Прапанаваў ім сваё бачанне заканчэння вайны ў Іране. Так, як гэта я бачу. Не хачу гэта публічна гаварыць. Я ім прапанаваў яшчэ адзін варыянт", - падзяліўся з журналістамі беларускі лідар.
Вайна ў Іране выявіла яшчэ адзін цікавы момант - еўрапейскія саюзнікі ЗША літаральна кінулі свайго заакіянскага партнёра. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў балючую рэакцыю ў Штатах на такі падыход. "Мне цікава было, як амерыканцы, людзі, якія непасрэдна ў гэтым удзельнічаюць, адносяцца да таго, што еўрапейцы іх кінулі. Таксама абмяркоўвалі гэту тэму", - адзначыў Прэзідэнт.
Што датычыцца саміх краін Еўрасаюза, то Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не раз заклікаў іх падтрымліваць нармальныя партнёрскія адносіны з Расіяй хаця б дзеля стабільнага забеспячэння энергарэсурсамі. Цяперашнюю ж сітуацыю для ЕС на фоне ўзрастаючага энергетычнага крызісу Прэзідэнт ахарактарызаваў адным ёмістым словам - даскакаліся.
Абмяркоўвалі на перагаворах у Мінску і тэматыку Венесуэлы. Як помнім, ЗША ў пачатку студзеня бягучага года захапілі і вывезлі з краіны Прэзідэнта Нікаласа Мадуру і яго жонку. Раней кіраўнік беларускай дзяржавы заяўляў аб наяўнасці ў яго прапановы для Дональда Трампа наконт выйсця і з гэтай сітуацыі.
"Мы абмяркоўвалі многія пытанні. Усе міжнародныя праблемы. Іх цікавіў мой пункт гледжання, як мы ў гэтым рэгіёне, як гэта бачаць беларусы, наша ўлада. Я выклаў свой пункт гледжання, свае падыходы. У тым ліку ў гэтым плане, калі яны задавалі пытанні, і наконт Расіі, наконт Кітая. Але я іх папярэдзіў: гэта нашы не проста саюзнікі, гэта блізкія нам дзяржавы. І я хачу, каб амерыканцы гэта ўлічвалі. Трэба аддаць ім належнае, яны гэта ўлічваюць", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Тэрмін "здзелка" стаў вызначальным для стылю знешняй і ўнутранай палітыкі Дональда Трампа. Гэта адмова ад ідэалагічных саюзаў на карысць прамых перагавораў і выгадных пагадненняў. Заключыць такое пагадненне з улікам інтарэсаў бакоў некаторы час таму было прапанавана і Беларусі.
"Так, сапраўды, амерыканцы ў ходзе перагавораў (трэці або чацвёрты раўнд быў) ад імя Трампа прапанавалі заключыць вялікую здзелку, дзе будзе адлюстраваны шэраг пытанняў, якія ў парадку дня нашых перагавораў, - расказаў Аляксандр Лукашэнка журналістам. - Я што, адпірацца буду? Для Беларусі гэта важна і для мяне ў тым ліку. Таму я сказаў: "Я гэта нармальна ўспрымаю, перадайце Дональду, што я згодны, каб выпрацаваць гэту вялікую здзелку, падрыхтаваць".
"Мы абазначылі свае інтарэсы і накіравалі амерыканцам адпаведныя прапановы. Як яны мяне інфармавалі, яны прапрацоўваюцца", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Важна адзначыць, што гэта не гандаль або размен, як нехта з апанентаў спрабуе гэта прадставіць. "Я ў іх ніколі не прасіў нічога ўзамен, нават па санкцыях. Ніколі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён аддаў належнае амерыканскаму боку за тое, што ў гэтым плане яны самастойна абазначаюць тыя ці іншыя пытанні, прымаюць рашэнне аб адмене санкцый.
Толькі за апошнія паўгода было аб'яўлена аб зняцці санкцый з авіякампаніі "Белавія", беларускага калію. У цяперашні прыезд было абвешчана аб адмене абмежаванняў адносна двух банкаў і Міністэрства фінансаў.
Прэзідэнт расказаў, што ў перагаворным парадку дня прысутнічаюць таксама работа пасольстваў, тэма ядзерных матэрыялаў. "Вы ж ведаеце, што ў нас гэтых ядзерных матэрыялаў нямала. Пад кантролем, як некалі дамовіліся. МАГАТЭ бачыць, дзе мы захоўваем гэтыя ядзерныя матэрыялы. Гэта таксама для іх цікава ў плане нераспаўсюджвання зброі", - сказаў Прэзідэнт.
Аналагічна ёсць агульныя падыходы па мытных справах, у барацьбе з наркатрафікам і па многіх іншых пытаннях. Абмяркоўвалася нават магчымасць продажу амерыканцам рудніка.
"Мы паступова збіралі гэтыя пытанні (для абмеркавання вялікай здзелкі. - Заўвага БЕЛТА). І ў трэці раўнд яны сказалі: "Мы гатовы, Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу, каб вы разумелі, што гэта не нейкая веліч самога Лукашэнкі, што вось Трамп убачыў. Ну дзякуй богу, што яны цэняць Беларусь, цэняць беларускага Прэзідэнта".
Магчыма, што ў хуткім часе адбудзецца і асабісты кантакт паміж прэзідэнтамі. Такую верагоднасць пацвердзіў спецпасланнік Джон Коўл. Заяўлена таксама аб прапрацоўцы візіту Аляксандра Лукашэнкі ў ЗША.
Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў можа адбыцца і ў рамках удзелу Прэзідэнта Беларусі ў адным з маючых адбыцца пасяджэнняў ініцыяванай Дональдам Трампам новай міжнароднай структуры - Савета міру. Прысутнічаць на першым пасяджэнні ў лютым у Вашынгтоне Аляксандру Лукашэнку не дазволілі важныя справы, звязаныя з праверкай боегатоўнасці Узброеных Сіл, але ён паабяцаў у будучым асабіста прыняць удзел у рабоце гэтага форуму.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заўсёды не толькі адкрыта выступаў у падтрымку Трампа, але і ўказваў на памылкі амерыканцаў, як у выпадку з Іранам або Венесуэлай. А галоўная рэч, якая Аляксандру Лукашэнку падабаецца ў цяперашнім Прэзідэнце ЗША, - яго адкрытасць. "Ён як думае, так і гаворыць. Мне гэты падыход падабаецца. Таму што мы бачым сапраўдную палітыку і мэты амерыканскага кіраўніцтва", - сказаў беларускі лідар.



Аляксандр Лукашэнка ў размове з журналістамі звярнуў увагу на тое, што ў пэўнай ступені ў перагаворны парадак дня ЗША яшчэ падкідаюць пытанні "добрыя" суседзі - Літва, Латвія, Эстонія, Польшча і, магчыма, у пэўнай ступені "брусельскія таварышы".
"Ведаюць, што яны (прадстаўнікі ЗША. - Заўвага БЕЛТА) да мяне ляцяць. У Вільнюсе прызямліліся. Тыя ўжо вакол іх бегаюць: "А вы скажыце Лукашэнку не толькі пра "палітвязняў", скажыце пра шары гэтыя, якія цыгарэты перакідваюць". Я на гэта рэагаваў, мая пазіцыя застаецца ранейшай. Потым, гэтыя перавозчыкі, аўтамабілі... - пералічыў кіраўнік дзяржавы. - Я, вядома, Коўла рэакцыю ведаю. Ён вельмі разумны, адвакат вопытны, юрыст. Ён разумее, што яго будуць грузіць, але ён ведае маю пазіцыю ў гэтым плане".
Што датычыцца фур з літоўскай рэгістрацыяй, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і пакуль не могуць пакінуць краіну, кіраўнік дзяржавы заявіў аб намеры ў бліжэйшыя дні прыняць канчатковае рашэнне па гэтым пытанні. "Гэта рашэнне да панядзелка я абавязаны прыняць. Цягнуць не трэба, я не хачу, каб быў бюракратызм або цяганіна. Гэта мой прынцып: я чалавек сістэмны і хачу гэта вырашыць за выхадныя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар нагадаў, што раней да яго пісьмова звярнуліся прадстаўнікі літоўскіх і польскіх аўтаперавозчыкаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву ўрада правесці з імі сустрэчу. "Селі за стол перагавораў, выслухалі іх і перадалі мне. Я прыму рашэнне, і, думаю, з панядзелка мы працэс вяртання гэтых фур пачнём. Вернем мы гэтыя фуры. Шкада палякаў, літоўцаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як чакаецца, у якасці адной з мер для аўтаперавозчыкаў знізяць кошт за ахову велікагрузаў. Уся гэта сітуацыя ўзнікла пасля рашэння Вільнюса аб закрыцці пунктаў пропуску на граніцы з Беларуссю пад выглядам барацьбы з кантрабанднымі метэазондамі. У выніку шмат літоўскіх фур засталося на беларускай тэрыторыі. Грузавікі стаялі на абочынах, у сувязі з чым было прынята рашэнне перавезці іх на спецыяльныя стаянкі і ўстанавіць цану за ахову.
Некаторыя аўтамабілі з літоўскай рэгістрацыяй належаць польскім аўтаперавозчыкам. Уся справа ў тым, што раней пасля рашэння Варшавы закрыць граніцу з Беларуссю аўтаперавозчыкі з Польшчы сталі працаваць цераз Літву. "Цяпер палякі гавораць: "Калі ласка, не прымушайце нас гэтыя аўтамабілі цераз Літву везці ў Польшчу". Я кажу: "Добра, вязіце цераз польскую (граніцу. - Заўвага БЕЛТА)". Нам якая розніца?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Самі ж літоўскія палітыкі не спрабавалі вырашыць праблему, якая ўзнікла ў выніку іх неабдуманых дзеянняў. "Яны не дрыжаць так за свой народ, як у нас гэта прывыкла рабіць улада. Мы рэагуем на ўсё, а ім няма справы да гэтых людзей", - заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама яшчэ раз расставіў акцэнты ў пытанні абвінавачванняў у адрас Беларусі з боку Літвы ў кантрабандзе цыгарэт з дапамогай метэазондаў. Ён адзначыў, што на тэрыторыі самой Літвы знаходзяцца тыя, хто гэтыя незаконныя грузы прымае. Акрамя таго, у перакідванні тавараў з беларускай тэрыторыі задзейнічаны і самі літоўцы. А што датычыцца заяў, што метэазонды паралізуюць работу аэрапорта ў Вільнюсе, самі пілоты пацвярджаюць, што гэтыя шары не ўяўляюць сабой ніякай сур'ёзнай праблемы.
"У мяне пазіцыя: вы санкцыі ўвялі. Цяпер што, мы павінны лавіць гэтых кантрабандыстаў тут, якія наш тавар купляюць за грошы добрыя і перакідваюць людзям у Літве? - паставіў пытанне беларускі лідар. - Але я абяцаў: мы паглядзім і ў Беларусі, хто тут чым займаецца".
У гэтым плане Прэзідэнт паведаміў аб праведзенай аперацыі па затрыманні зламыснікаў, якія займаліся незаконнай дастаўкай цыгарэт за граніцу, - пяць беларускіх кантрабандыстаў непасрэдна на граніцы.
Ужо не раз гаварылася аб тым, што ў Беларусі няма палітычных артыкулаў, а адпаведна і палітзняволеных. Пагадзіцеся, абсурдна будзе выглядаць сітуацыя, калі, скажам, аднаму за кінутую ў чалавека цагліну будзе належаць пакаранне, а іншаму, які зрабіў гэта пад палітычным лозунгам, - не. Законы фізікі няўмольныя - ад радыкальнасці палітычных поглядаў цагліна не становіцца ні лягчэйшай, ні мякчэйшай. Гэтак жа як і ступень адказнасці за ўчынак.
Тым не менш у пэўных колах апаненты прадаўжаюць выкарыстоўваць тэрмін "палітзняволеныя", блытаючыся ў лічбах і ўсяляк спрабуючы абазначыць сваё ўяўнае дачыненне ў выпадку памілавання чарговай партыі сядзельцаў.
Вось і спецпасланнік Джон Коўл пацвердзіў журналістам, што працуе непасрэдна з двума прэзідэнтамі Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнкам. Ён адзначыў, што яму вядома пра пэўных людзей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, якія "ўсяляк спрабуюць раздуваць сваю значнасць з дапамогай СМІ", сцвярджаючы, што яны нібыта маюць адносіны да арганізацыі такіх сустрэч і іх парадку дня. "На мяне гэта ніякага ўплыву не аказвае. Ніякіх інструкцый ні ад каго больш, акрамя як ад Прэзідэнта Трампа ў гэтым выпадку, я не атрымліваю", - сказаў прадстаўнік ЗША.
Аляксандр Лукашэнка гэтымі днямі памілаваў 250 асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. Як паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта, у першую чаргу кіраўнік дзяржавы традыцыйна кіраваўся прынцыпам гуманізму, улічваў звароты, якія паступілі ад маці, жонак і блізкіх асуджаных. З ліку тых, хто выйшаў на волю, 235 засталіся ў Беларусі.
Журналісты ў сувязі з гэтым пацікавіліся ў Прэзідэнта, ці няма небяспекі, што гэтыя людзі стануць агентамі ўплыву і ў будучым ператворацца ў пагрозу дзяржаве.
"Вы не перажывайце, што мы іх выпусцілі. Я не хачу бегаць з аўтаматам па вуліцы. Я гэтага не дапушчу, і ўсе на гэта нацэлены, - заявіў Прэзідэнт. - Мы разумеем, што хацелі разбурыць і перавярнуць краіну. Гэта быў удар не толькі па нас, але і па нашых дзецях, унуках. Я гэта дапусціць магу? Не!"
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гаворыць аб гэтым і ў дыялогу з амерыканцамі: "Даслоўна ім сказаў: 2020 года, мужыкі, у Беларусі не будзе. Гавару, калі вы будзеце ад імя Трампа або не Трампа мяне прасіць аб вызваленні нейкай чарговай партыі, вы павінны ведаць, што чырвоная лінія - 2020 год. Яго больш не будзе".
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, усе, хто патэнцыяльна можа ўяўляць сабой пагрозу, знаходзяцца на кантролі праваахоўных органаў. "Мы іх ведаем. Перш чым выпускаць, яны ўсе былі ўзяты на кантроль спецслужбамі і міліцыяй", - запэўніў ён.
Што датычыцца 15 зняволеных, якія пакінулі тэрыторыю Беларусі, усе яны былі ў ліку зачыншчыкаў падзей 2020 года. "Яны нам тут не патрэбны ў краіне. Выйшлі б яны заўтра або не выйшлі, але яны быць тут не павінны, - сказаў ён. - Гэта людзі, праз якіх ішло фінансаванне, якія дурылі тут нам і нашым людзям галовы. А ачумелыя за імі ішлі. Гэтыя ачумелыя цяпер нікому не патрэбны".
Беларускі лідар выказаўся і пра збеглых, верхаводы якіх нібыта перажываюць пра лёс зняволеных, якія знаходзяцца ў Беларусі. "Я іх злачыннай групоўкай называю. У іх столькі гэтых структур, а грошай няма. Цэны (за мяжой. - Заўвага БЕЛТА) высокія, асабліва цяпер, - грошай няма. Трамп не дае, у еўрапейцаў цяпер ходзяць вымольваюць гэтыя грошы. У народзе іх ужо ўсе забылі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.