Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

12 Стд 2023

Саюзныя праграмы з Расіяй. Прамежкавыя вынікі і праблемныя аспекты сталі тэмай нарады ў Лукашэнкі

Саюзныя праграмы з Расіяй. Прамежкавыя вынікі і праблемныя аспекты сталі тэмай нарады ў Лукашэнкі

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выкананне інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы стала тэмай нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 12 студзеня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мэтай нарады, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, было абмеркаваць ход выканання прынятых крыху больш за год таму на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 28 галіновых праграм. "Гэта праграма нашых дзеянняў - Беларусі і Расіі - на будучы перыяд, - удакладніў кіраўнік дзяржавы. - Мы тады дамаўляліся, што іх рэалізацыя дасць магчымасць істотна рушыць наперад на шляху забеспячэння роўных правоў грамадзян і суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін. Гэта аснова, на якой мы будуем адносіны з брацкай Расіяй, - роўныя ўмовы для людзей і прадпрыемстваў. Менавіта таму мы пайшлі на комплекснае вырашэнне многіх пытанняў супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэта перш за ўсё датычыцца інтэграцыі ў эканамічнай сферы, стварэння ўмоў для кааперацыі прадпрыемстваў абедзвюх краін.

Хто недапрацоўвае і ў якіх сферах пакуль няма адчувальных зрухаў

У праграмах і ведамасных планах змешчана каля тысячы мерапрыемстваў па іх рэалізацыі, устаноўлены канкрэтныя тэрміны і адказныя асобы, нагадаў Прэзідэнт. "Амаль 70 працэнтаў такіх мерапрыемстваў ужо выканана. Аднак частка важных для нас (мерапрыемстваў. - Заўвага БЕЛТА) ідзе з адставаннем ад узгодненых графікаў, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Як мне дакладваюць, па шэрагу пытанняў марудна рухаюцца нашы расійскія партнёры. Але я заўсёды гавару: не бывае нехта адзін вінаваты, а другі - добры. Недзе і мы недапрацоўваем".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праведзена істотная работа па фарміраванні і карэкціроўцы дагаворна-прававой базы міждзяржаўнага супрацоўніцтва. "Але, нягледзячы на выкананне большасці мерапрыемстваў, прыкметных зрухаў, перш за ўсё ў сферах энергетыкі, прамысловасці, транспарту, Беларусь пакуль не адчула, - прадоўжыў ён. - Выкананне праграм па фарміраванні аб'яднаных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў запатрабавала вынясення пытання на вышэйшы ўзровень. У ходзе снежаньскіх перагавораў з Прэзідэнтам Расіі неабходныя развязкі былі знойдзены (як мінімум на тры гады). Цяпер ідзе работа над замацаваннем дасягнутых дамоўленасцей у дзеючых дакументах".

Наднацыянальны падатковы камітэт. Навошта ён патрэбны і ці пагражае суверэнітэту

Што датычыцца такіх важных напрамкаў, як гарманізацыя падатковага заканадаўства, каардынацыя падатковага і мытнага кантролю на граніцах Саюзнай дзяржавы, то Прэзідэнт падкрэсліў: усё павінна быць празрыста. "Расіяне тут абсалютна не супраць, каб беларускія прадстаўнікі ў любы пункт прыехалі і паглядзелі, чым дыхае граніца. Прасочвальнасць, кантроль за рухам тавараў - згадзіцеся, гэта важны напрамак у любой дзяржаве", - сказаў ён.

На разгляд Прэзідэнту была ўнесена прапанова аб ратыфікацыі Дагавора аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках. "Перш чым падпісваць адпаведны праект закона, я хацеў бы яшчэ раз вярнуцца да гэтых пытанняў, якія мною акрэслены (перш за ўсё мытнага і падатковага заканадаўства), і пачуць, ці ўсе інтарэсы і прапановы ў ім улічаны. Перш за ўсё з нашага боку".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цяперашняй рэдакцыі дагавора прадугледжваецца сярод іншага стварэнне дадатковага міждзяржаўнага Наднацыянальнага падатковага камітэта. У гэтым выпадку кіраўнік дзяржавы паставіў пад сумненне саму назву і папрасіў растлумачэнняў па гэтым пытанні.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: пры гэтым размова не ідзе пра змест, пра страту нейкай часткі нашага суверэнітэту. Як устанаўліваліся падаткі і прымаліся законы раней у Беларусі, так яны і будуць прымацца", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што не так даўно быў прыняты Падатковы кодэкс і ў будучым, што датычыцца канкрэтных падаткаў, "сітуацыя будзе ў руху": нейкія будуць зніжацца, нейкія - павышацца, як гэта заўсёды і адбывалася. "Мы незалежныя ў прыняцці рашэнняў у гэтай значнай сферы, прадугледжваецца толькі больш цесная каардынацыя дзейнасці з расійскімі калегамі. І вось для каардынацыі ствараецца гэты невялікі орган (Наднацыянальны падатковы камітэт. - Заўвага БЕЛТА)", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта новая структура будзе сканцэнтравана ў першую чаргу на ўдасканаленні падатковага заканадаўства дзвюх краін. Аналагічныя падыходы і ў мытнай сферы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў рамках гэтых пагадненняў важна выпрацоўваць агульныя канцэптуальныя падыходы і правілы, якімі павінны кіравацца адпаведныя нацыянальныя органы Беларусі і Расіі, а "не пераправяраць адзін аднаго або хадзіць адзін за адным на праверкі". "Такіх паўнамоцтваў у гэтага органа, камітэта не будзе", - запэўніў беларускі лідар.

На якіх умовах будзе прадоўжана эканамічная інтэграцыя з Расіяй

"Вядома, мы прадоўжым паглыбляць эканамічную інтэграцыю з Расіяй, але пра новы пакет інтэграцыйных дакументаў можна будзе гаварыць толькі пасля выканання папярэдняга. Прытым у поўным аб'ёме. Не выканалі хоць адзін пункт - ні пра які новы пакет інтэграцыйных дакументаў (размовы. - Заўвага БЕЛТА) быць не можа. Аб гэтым мы цвёрда ўмовіліся з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі на апошняй сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў максімальна актывізаваць дзейнасць па рэалізацыі саюзных праграм, не дапускаючы зацягвання і затрымак у прыняцці рашэнняў. "Але і спешкі ніякай быць не павінна. Не дай бог мы дапусцім памылку", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, адкруціць сітуацыю назад будзе немагчыма пасля таго, як рашэнні будуць замацаваны ў законах дзвюх краін, таму дзейнічаць трэба ўдумліва і грунтоўна. "Асабліва цяпер, калі нашы краіны разам процістаяць ашалеламу санкцыйнаму націску так званага калектыўнага Захаду", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што адказнымі за далейшую работу па рэалізацыі інтэграцыйных праграм з'яўляюцца ўрады Беларусі і Расіі і асабіста прэм'ер-міністры. "Усе пытанні, якія вы выносілі на ўзровень прэзідэнтаў, вырашаны. Развязкі знойдзены. Жывём у нармальных умовах, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Нават умовы для функцыянавання нашых прадпрыемстваў, кампаній і для жыцця людзей чуць-чуць лепшыя, чым у мінулым годзе, а можа нават і не чуць-чуць". У прыватнасці, гэта датычыцца энергарэсурсаў, якія пастаўляюцца з Расіі. "Што датычыцца нашай залежнасці ад Расіі па газу, нафце, нафтапрадуктах і іншых рэчах - лепш. Калі пакуль нешта не фармалізавана, у дакументах не адлюстравана - вось сядзіць прэм'ер, урад, там вырашайце. Усе пытанні на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў вырашаны, вызначаны. "Скажу шчыра: усё, што мы прасілі ад Расіі, - Расія пайшла насустрач", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ніхто не паступаецца суверэнітэтам - ні Беларусь, ні Расія

"Папярэджваю, размовы аб тым, што Расія або Беларусь паступаюцца сваім суверэнітэтам, не ішло і на сённяшні дзень не ідзе і ісці не можа. Проста няма неабходнасці (у гэтым. - Заўвага БЕЛТА), - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы яшчэ ў тым фармаце, у якім супрацоўнічаем з Расіяй, не выпрацаваліся".

Прэзідэнт адзначыў, што калі бакі ў перспектыве ўбачаць, што нечага не хапае і трэба прымаць дадатковыя рашэнні ў плане інтэграцыі і збліжэння эканомік дзяржаў, то адпаведныя пытанні будуць абмяркоўвацца.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта асноўнае пытанне, чаму ён сабраў на нараду вялікае кола адказных асоб. "Каб вы не думалі, што за вашай спінай вырашаюцца нейкія пытанні, а вы пра іх і не ведаеце. Не, гэты працэс адкрыты, сумленны і прынцыповы. Тым больш час падштурхоўвае нас да такога вырашэння гэтых праблем", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што калі зацвярджаліся 28 саюзных галіновых праграм, гэта было не проста рашэнне прэзідэнтаў дзвюх краін. Да гэтага моманту на працягу доўгага часу бакамі выпрацоўваліся адпаведныя дакументы і падыходы да іх, вызначаліся напрамкі для сумеснай работы. "Не проста мы там з Пуціным сабраліся і "бабахнулі" нешта. Не. Службовыя асобы, адказныя збіраліся, абмяркоўвалі на Вышэйшым дзяржсавеце. Мы зацвердзілі гэтыя праграмы. Але іскрыла вельмі, калі мы гэтыя праграмы прымалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў свой час былі розныя прапановы аб тым, што ўключаць у інтэграцыйны пакет, аж да пытанняў стварэння парламента і іншага. Аднак у выніку Беларусь і Расія ўзгоднена выйшлі менавіта на тыя 28 праграм, якія цяпер рэалізуюцца, а ўсё астатняе было адхілена. Было вырашана, што калі два бакі пакуль не гатовы вырашаць тыя ці іншыя пытанні, то пакуль варта пакінуць іх убаку. "Узнікне неабходнасць - будзем вырашаць. Так было сказана. А мы заўсёды настойвалі: калёсы паперадзе каня не трэба ставіць. Гэта было прынцыпова. І засталіся вось гэтыя 28 праграм. Яны сацыяльна-эканамічнага характару. І дзе адлюстраваны пытанні бяспекі. А час нас цяпер падштурхнуў такім чынам, што тыя праграмы па бяспецы, якія мы больш як год таму зацвярджалі, яны ўжо ўстарэлі. Мы ўжо ў двухбаковых адносінах у пытаннях бяспекі вой як далёка зайшлі", - сказаў Прэзідэнт.

"Гэта значыць, жыццё нас падштурхнула, і мы пайшлі на больш цесную інтэграцыю. Дык трэба дзейнічаць. Ісці ад жыцця. У адваротным выпадку ўсё зламаем", - дадаў беларускі лідар.

Беларусь і Расія дамовіліся рэалізаваць 28 саюзных праграм, якія сумарна змяшчаюць каля тысячы мерапрыемстваў. Яны выкананы амаль на 68 працэнтаў (671 з 989 мерапрыемстваў). На пачатак 2023 года цалкам рэалізаваны сем праграм, якія датычацца пытанняў прасочвальнасці тавараў, транспартнага, валютнага, ветэрынарнага і каранціннага фітасанітарнага кантролю, фінансавага сектара, бухгалтарскага ўліку, развіцця атамнай энергетыкі. Прадаўжаецца работа па выкананні 21 саюзнай праграмы, у тым ліку ў сферах сельскай гаспадаркі, транспарту, прамысловасці, энергетыкі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі