Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

11 Врс 2020

"Развіццё навукі вызначае будучыню" - Лукашэнка сустрэўся ў НАН з беларускімі вучонымі


11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Нацыянальнай акадэміі навук сустрэўся з беларускімі вучонымі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я памятаю гэты маленькі перыяд, калі мне давялося займацца навуковай дзейнасцю, і да гэтага часу схіляюся перад вучонымі, якія пражылі сваё жыццё ў навуцы. Гэта вялікія людзі, таму што больш складанай і цяжкай працы няма, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Накіроўваючыся да вас, я разумеў, што вучоныя ў нас (як бы банальна гэта ні гучала) - гэта не проста разумнейшыя людзі, якія глядзяць на ўсе падзеі, што адбываюцца, з вышыні сваіх глыбінных ведаў. Гэта людзі, якія валодаюць жыццёвай мудрасцю, шчыра любяць радзіму, таму што жывуць у служэнні навуцы і народу".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў краіне ні адно важнае рашэнне не прымаецца без удзелу прадстаўнікоў навуковай сферы. "Менавіта таму я рэгулярна сустракаюся з навуковай супольнасцю і заўсёды раюся з вучонымі. Усе мы ведаем, што развіццё навукі вызначае будучыню. Прычым будучыню не толькі асобнай дзяржавы, але і ўсяго чалавецтва", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што аб гэтым не стамляўся гаварыць і знакаміты беларус - лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў, дзякуючы адкрыццям якога планета зрабіла крок у лічбавую эру. "Мы з гэтым чалавекам вельмі шмат размаўлялі, часта спрачаліся. Але мяне заўсёды захапляла, што ён - свяціла навукі - усё жыццё заставаўся найвялікшым патрыётам нашай Беларусі і сваю любоў да яе даказваў і словам, і справай, не дазваляючы нікому нават намёку кепскага ў наш бок. Але былі ж і іншыя прыклады, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - На заранку нашай незалежнасці сустракаліся людзі, якія спрабавалі перацягнуць вучоных на слізкую дарогу брудных палітычных гульняў. Я вельмі цаню, што вы выстаялі ў той складаны пераломны момант, засталіся вернымі свайму сумленню і прызванню".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, і сёння беларускія вучоныя трымаюць удар, не паддаюцца на правакацыі палітыканаў, захоўваюць закладзеныя больш як 90 гадоў таму традыцыі і перадаюць іх моладзі.

"Акадэмія навук БССР з навуковымі інстытутамі, школамі і напрамкамі стваралася пад канкрэтныя задачы і галіны велізарнай імперыі - Савецкага Саюза. Мінск нярэдка станавіўся піянерам для ажыццяўлення многіх прагрэсіўных ідэй. Але старэйшае пакаленне можа расказаць, якім выпрабаваннем пасля доўгіх гадоў росквіту сталі 90-я. Тут нямала тых, хто перажыў гэты складаны час. Распад саюза прывёў да імгненнага разрыву навуковых і народна-гаспадарчых сувязей, што паставіла многія НДІ на мяжу выжывання", - сказаў Прэзідэнт.

У тыя часы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, не было грошай на новае абсталяванне, не было чым плаціць зарплату вучоным. Тады колькасць усіх навукова-тэхнічных работнікаў у краіне скарацілася ў тры разы. Многія вучоныя мянялі прафесію або ад'язджалі за мяжу, некаторыя стаялі на рынках. "Я добра памятаю, як гаварылі аб тым, ці патрэбна невялікай незалежнай краіне свая Акадэмія навук. Або, можа, прасцей усё разбурыць дашчэнту, распрадаць напрацоўкі, будынкі, фонды - прэтэндэнтаў было шмат. А затым, калі разбагацеем, купляць патрэбныя тэхналогіі і тавары за межамі краіны", - успомніў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, тыя падзеі, калі многія гаварылі пра непатрэбнасць развіцця беларускай навукі, сталі для яго сур'ёзным выклікам. Аднак у краіне ўсё ж вырашылі адрадзіць навуковую галіну, у далейшым прыйшлі яшчэ да адной высновы - неабходна ствараць сувязь паміж вытворчасцю і навукай.

"У нас створаны Вышэйшая атэстацыйная камісія, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ўдалося не толькі захаваць дзеяздольнае ядро даследчых калектываў і важнейшыя навуковыя школы, але і пачаць пісаць навейшую гісторыю беларускай навукі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што сёння даследаванні і распрацоўкі ў краіне выконваюць 460 арганізацый, у іх працуюць 28 тыс. чалавек. Толькі Нацыянальная акадэмія навук узаемадзейнічае з вучонымі з 93 дзяржаў, на яе базе дзейнічаюць 42 міжнародныя даследчыя цэнтры. "Гэта была жорсткая лінія з майго боку і маё патрабаванне да кіраўніцтва Акадэміі навук. Вы, напэўна, заўважылі: любая мая паездка за межы краіны - побач са мной вучоны, - дадаў Прэзідэнт. - Такім чынам, навука зарабляла для краіны, для вытворчасці, і зараблялі самі вучоныя. Гэты шлях будзе адным з прыярытэтаў у будучай пяцігодцы".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі