6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На парадку дня былі такія пытанні, як урэгуляванне неплацежаздольных арганізацый і работа антыкрызісных кіраўнікоў; дадатковыя меры па абароне работнікаў ад нявыплаты заработку; прапановы па абароце нетытунёвых вырабаў (электронныя сістэмы курэння).
"Гэтыя тры праблемы вынесены на такі высокі ўзровень, таму што непасрэдна закранаюць працоўныя калектывы і правы нашых людзей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Абмяркоўваючы пытанне ўрэгулявання неплацежаздольнасці арганізацый, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў гэтай сферы быў прыняты новы закон, які некалькі разоў абмяркоўваўся на ўзроўні Прэзідэнта. "Мы змянілі падыходы да працэдур, зрушыўшы акцэнты з банкруцтва на аздараўленне і захаванне прадпрыемстваў і, такім чынам, працоўных месцаў. Далажыце, як паўплывалі навацыі таго закона на зніжэнне стратнасці ў эканоміцы, - сказаў беларускі лідар. - Ці ёсць выяўленыя практыкай вузкія месцы, якія трэба ўстараніць для далейшага недапушчэння банкруцтва?"
У сувязі з гэтым беларускі лідар спыніўся на інстытуце антыкрызісных кіраўнікоў. "Вельмі хацелася б, каб дакладчык па гэтым пытанні, міністр эканомікі, далажыў нам, адкуль гэта з'ява прыйшла ў Беларусь, што яна азначае. І самае галоўнае - навошта яна нам. Гэта ж новая з'ява ў незалежнай Беларусі, - звярнуўся да ўдзельнікаў нарады кіраўнік дзяржавы. - Які эфект мы атрымалі ад гэтых самых антыкрызісных кіраўнікоў?"
Як далажыў міністр эканомікі Юрый Чабатар, закон аб урэгуляванні неплацежаздольнасці, прыняты ў канцы 2022 года, даў паўнамоцтвы мясцовым органам улады на прадухіленне банкруцтва прыватных арганізацый. "Сёння вопыт ужо ёсць. За час работы закона восем прыватных арганізацый зайшлі ў санацыю па сваёй ініцыятыве", - адзначыў ён.
Другім новаўвядзеннем закона стала ўзмацненне ролі савета крэдытораў. Калі гаворка ідзе пра арганізацыі, якія маюць валаўтваральнае значэнне, у міністэрстваў і аблвыканкамаў ёсць права назначыць у савет свайго праверанага чалавека. Акрамя таго, узмацнілася роля прадстаўнікоў працоўных калектываў. У савет крэдытораў абавязкова ўваходзіць работнік, які кантралюе пытанні выплаты зарплаты, заключэння і скасавання працоўных дагавораў.
Размова зайшла аб тым, наколькі эфектыўна працуе механізм назначэння антыкрызісных кіраўнікоў у праблемныя арганізацыі. Кіраўнік дзяржавы ўсумніўся ў эфектыўнасці падыходу, пры якім, як запэўніваюць чыноўнікі, праверанага, але ўсё ж старонняга чалавека фактычна назначаюць кіраваць прадпрыемствам. Аднак пры гэтым дадзены антыкрызісны кіраўнік такім кіраўніком з фармальнага пункту гледжання ўсё ж не з'яўляецца. "Паўстае пытанне: я не кіраўнік, не дырэктар, я непасрэдна за гэта не адказваю", - заўважыў беларускі лідар.
Раней з прапановай аб увядзенні інстытута антыкрызісных кіраўнікоў у тым ліку выступаў Вярхоўны Суд, каб зменшыць колькасць разглядаемых у судзе спраў, якія датычацца эканамічнай плацежаздольнасці прадпрыемстваў. "Нахамуталі пад нейкую рыначную эканоміку, якой ніколі не было і не будзе. Усюды трэба кіраваць, кантраляваць, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - А што гэтыя кіраўнікі нам даюць? Нічога не давалі".
Аляксандр Лукашэнка зыходзячы са свайго асабістага вопыту ўпэўнены, што пытаннямі канкрэтных прадпрыемстваў усё ж павінны займацца органы ўлады на месцах: "Ім лепш відаць. Няхай яны туды накіроўваюць і адказваюць".
Прэзідэнт заявіў, што трэба прымаць перш за ўсё такія рашэнні, каб быў вынік, а гэта можна толькі з удзелам райвыканкама або аблвыканкама, дзе непасрэдна знаёмы з сітуацыяй у той ці іншай арганізацыі. І судовы разбор, упэўнены кіраўнік дзяржавы, не можа гарантаваць улік усіх нюансаў. "Суд прыняў рашэнне, абмінаючы органы ўлады - райвыканкам, аблвыканкам, - і з сябе спіхнуў", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі са сказаным пацікавіўся, якія менавіта прапануюцца навацыі ў гэтай сферы і як гэта дапаможа змяніць сітуацыю.
Па выніках нарады ў Прэзідэнта было прынята рашэнне павысіць патрабаванні да кваліфікацыі антыкрызісных кіраўнікоў у Беларусі. Паводле слоў Юрыя Чабатара, гэта можа быць зроблена ў рамках дапрацоўкі закона "Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці". Дакумент плануецца дапрацаваць да канца года.
Акрамя таго, неабходна выпрацаваць дакладныя і зразумелыя патрабаванні да антыкрызісных кіраўнікоў, каб пазбегнуць парушэнняў заканадаўства з іх боку. Гэта звязана з тым, што часам да антыкрызісных кіраўнікоў узнікаюць пытанні з боку праваахоўных і кантралюючых органаў, а таксама Міністэрства эканомікі.






Яшчэ адным дакументам, вынесеным на разгляд кіраўніка дзяржавы, быў праект указа аб забеспячэнні выплаты ўзнагароджанняў за праведзеную работу. Ён прадугледжвае ўвядзенне дадатковых механізмаў па абароне работнікаў у выпадках нявыплаты заработку па грамадзянска-прававых дагаворах (дагаворах падраду).
"Здавалася б, у краіне выбудавана дакладная сістэма, дзякуючы якой кожны атрымлівае плату за сваю працу, - заўважыў Прэзідэнт. - І калі мы нешта паабяцалі і не выплацілі, куды чалавеку ісці, як абараніць тут свае інтарэсы. Ён вымушаны ісці ў суд, шукаць на гэта грошы, адрываючы ад сям'і, дзяцей, траціць нервы, час і іншае".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як праект указа ўвязаны з заканадаўчымі ініцыятывамі, якія прадугледжваюць узмацненне мер адказнасці за нявыплату заработнай платы і ўжо ўнесены ў парламент.
Як растлумачыў міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч, праектам указа прапануецца распаўсюдзіць на ўзнагароджанні па грамадзянска-прававых дагаворах тую ж сістэму дасудовага парадку спагнання запазычанасці, якая цяпер існуе пры нявыплаце работнікам заработнай платы. І такі падыход па выніках нарады быў падтрыманы кіраўніком дзяржавы.
У Беларусі плануюць на заканадаўчым узроўні ўзмацніць ліцэнзаванне гандлю электроннымі цыгарэтамі і адпаведнымі сумесямі. Прапанаваны адносна гэтага праект закона стаў трэцяй тэмай нарады ў кіраўніка дзяржавы.
"Медыкі б'юць трывогу з-за папулярнасці электронных цыгарэт, асабліва сярод нашай моладзі - студэнтаў і школьнікаў. Усё часцей гучаць заклікі абмежаваць і нават татальна забараніць іх вытворчасць і абарот", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт, аднак, звярнуў увагу і на іншы бок пытання: "Ці не сфарміруем падпольны нейкі гандаль? Памятаю, калі мы ўводзілі гэтыя электронныя (сістэмы курэння. - Заўвага БЕЛТА), стаяла пытанне, што ў Расіі гэта зараза ўжо існуе. Граніц у нас няма. Мы можам не ўводзіць. Ну каму мы дабро зробім? Адтуль завязуць. Ужо завозілі, колькі хацелі і колькі трэба. Ну, вырашылі выраўнаваць сітуацыю. Ці не? І раптам з'яўляецца гэта тэма (новы праект закона. - Заўвага БЕЛТА). Я так разумею, што мы павінны сёння прыняць рашэнне - быць ці не быць".
"Я ўвогуле ў курыве слаба разбіраюся, як і ў алкаголі. Таму хацелася б ад спецыялістаў, якія або кураць, або ўніклі ў гэту тэму, каб растлумачылі, што гэта такое. Кажуць, што гэта горш, чым тытунь. Паслухаем і прымем адпаведнае рашэнне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Самае галоўнае - я катэгарычны праціўнік як алкаголю, так і курэння. Але курэнне - гэта жах. Ну выпіў там 100 грам... Хто не п'е? П'юць. А курыць - губіць сваё здароўе, калі медыкі ўжо дакладна ведаюць, што рак лёгкага - першапрычына - гэта курэнне".
Па выніках нарады міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч расказаў, што на стадыі падрыхтоўкі дакумента абмяркоўваліся два варыянты. Гэта або поўная забарона электронных сістэм курэння, або абмежаванне на заканадаўчым узроўні і прыняцце мер па рэгуляванні гэтага напрамку.
Спыніліся на другім шляху. Плануецца ўзмацніць ліцэнзійныя патрабаванні ў рознічным гандлі з улікам вялікай колькасці фактаў рэалізацыі тавараў неналежнай якасці, а таксама недастаткова жорсткіх існуючых мер адказнасці.
"У нас скарачаецца пералік суб'ектаў гаспадарання, якія маюць права вырабляць электронныя сістэмы курэння, імпартаваць іх у краіну, займацца аптовым гандлем. Пры гэтым Прэзідэнт падтрымаў прапанову ўрада ў частцы захавання шырокага пераліку суб'ектаў гаспадарання, якія маюць права рэалізоўваць у розніцу. Гэта значыць, мы на стадыі ўвозу вырабу ў краіну ўключаем жорсткі фільтр. Мы забараняем шырокаму колу займацца аптовым гандлем гэтых вырабаў. Пры гэтым максімальна захоўваем працоўныя месцы і ўзмацняем ліцэнзійныя патрабаванні", - падзяліўся падрабязнасцямі кіраўнік МАРГ.
Пад нормы закона будуць падпадаць не толькі нікаціназмяшчальныя сумесі, але і самі сістэмы электроннага курэння. У цэлым жа пакуль яшчэ абмяркоўваецца, якія менавіта патрабаванні будуць узмоцнены ў частцы рэалізацыі ў розніцу. Распрацоўшчыкам праекта закона выступае канцэрн "Белдзяржхарчпрам". Чакаецца, што ў першай палове 2026 года ўжо дакумент паступіць у парламент.