Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

30 Снж 2020

Прыгожае падарожжа да вытокаў традыцый - у Палацы Незалежнасці прайшоў навагодні баль для моладзі

Прыгожае падарожжа да вытокаў традыцый - у Палацы Незалежнасці прайшоў навагодні баль для моладзі

30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі навагодні баль для моладзі прайшоў 29 снежня ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На ўрачыстасць былі запрошаны 314 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта студэнты ВНУ, навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сярод іх - стыпендыяты спецфонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможцы, удзельнікі і лаўрэаты розных конкурсаў, алімпіяд, канферэнцый.

Сярод удзельнікаў і гасцей свята - Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, міністры культуры і адукацыі Анатоль Маркевіч і Ігар Карпенка, намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Першая частка балю - класічная - адкрылася паланэзам дэбютантаў. Гэта 72 пары, сфарміраваныя з прадстаўнікоў адоранай моладзі 16-23 гадоў, якія прайшлі кастынг на танцавальныя здольнасці, а затым на працягу двух месяцаў вывучалі бальны этыкет і ўдзельнічалі ў пастаноўцы бальных танцаў.

"Сёння тут, у Палацы Незалежнасці, заўсёды стрыманым і афіцыйным, ажывае гісторыя. Гісторыя Беларусі, якая багата на ўнікальныя і прыгожыя традыцыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вітаючы ўдзельнікаў навагодняга балю.

Культура бальных танцаў, паводле слоў Прэзідэнта, традыцыйная для Беларусі. "Сённяшні вечар - гэта не проста свята, а падарожжа да вытокаў традыцый. Дарэчы, гэта адна з традыцый, якую мы з вамі аднаўляем. Без традыцый не можа быць дзяржавы. Вакол гэтых традыцый на працягу стагоддзяў зараджалася і ўмацоўвалася імкненне нашага народа да сваёй дзяржаўнасці і незалежнасці. Бо што такое дзяржаўнасць? Перш за ўсё гэта ўсведамленне народам гістарычнага права быць гаспадаром сваёй зямлі, пачуццё радавой сувязі з пакаленнямі розных эпох, разуменне таго, як фарміраваўся нацыянальны характар і менталітэт сучаснага чалавека", - сказаў беларускі лідар.

"Сёння мы не проста ўспамінаем традыцыю, а напаўняем яе новым зместам. Удумайцеся, яшчэ крыху больш за стагоддзе таму на такім свяце можна было апынуцца па праву прыналежнасці да багатых і тытулаваных саслоўяў. Не хачу сказаць, што тут няма багатых і тытулаваных, але, думаю, іх меншасць. У наш час дзверы Палаца Незалежнасці адчынены для ўсіх. У кожнага ёсць шанц увайсці ў іх і як госць, і як службовая асоба. Дзякуючы не кроўнай прывілеі або сувязям, а працы, таленту, сапраўднай адданасці Айчыне, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У гэтым і ёсць справядлівасць - адно з галоўных дасягненняў суверэннай Беларусі, краіны абсалютна роўных магчымасцей. Нам толькі не страціць бы гэта".

Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб навагодні баль падарыў яго ўдзельнікам незабыўныя эмоцыі. Але самае важнае - каб ён абудзіў пачуццё прыналежнасці да спадчыны беларускай гісторыі і адказнасці за будучыню Айчыны, лічыць Прэзідэнт.

"Паверце, пройдзе зусім няшмат часу і вы, пасадзіўшы на калені сваіх дзетак, а потым і ўнукаў, дастанеце стары альбом і знойдзеце там фатаграфіі, дзе вы такія маладыя, прыгожыя, натхнёныя, і будзеце ім расказваць пра гэтыя імгненні. Вам будуць зайздросціць мільёны тых, каму не пашчасціла пабываць сёння ў Палацы Незалежнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адрасаваў словы ўдзячнасці ўсім, хто працаваў над стварэннем бальнай атмасферы. Ён нагадаў, як у снежні 2019 года тут жа, у Палацы Незалежнасці, праходзіў першы ў гісторыі суверэннай Беларусі Венскі баль. "Трэба ўсё рабіць сваімі рукамі, калі мы можам. А мы можам усё", - заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў балю з надыходзячымі святамі і пажадаў заўсёды заставацца шчаслівымі і паспяховымі. "Хацеў сказаць, каб заўсёды былі і такімі прыгожымі. Я, вядома, вам гэтага жадаю. Але маладосць - гэта такі "недахоп", які вельмі хутка праходзіць, і мы абавязкова будзем іншымі. Але чалавек прыгожы не толькі знешне. Таму я ўсё ж такі вам жадаю быць прыгожымі, яшчэ прыгажэйшымі, чым вы цяпер, - духоўна, унутрана перш за ўсё, - дадаў Прэзідэнт. - Няхай усе вашы мары здзейсняцца. А наша любімая, адзіная Беларусь дзякуючы вашым поспехам і дасягненням стане яшчэ мацнейшай і прыгажэйшай. Гледзячы на вас, я ўпэўнены, што яна будзе мацнейшай і прыгажэйшай і абавязкова - наша".

Пасля класічнай часткі баль прадоўжыўся адвольнай праграмай з дынамічнымі выкананнямі румбы, танга, самбы, пасадоблю, а завяршыўся ў адпаведнасці з бальнымі традыцыямі фінальнай кадрыллю.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі