Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

30 Май 2017

"Працаваць з карысцю і даваць вынік" - Лукашэнка назваў 10 асноўных задач па ўдасканаленні спартыўнай галіны


30 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка сёння, выступаючы на Алімпійскім сходзе НАК Беларусі, пералічыў дзесяць асноўных задач па ўдасканаленні спартыўнай галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Спорт - важнейшая галіна народнай гаспадаркі. Яна павінна працаваць з карысцю і даваць вынік. Мы не настолькі багатыя, каб бяздумна траціць грошы. Сітуацыя патрабуе дзеянняў па ўдасканаленні гэтай сферы, выкараненні негатыўных фактараў, якія перашкаджаюць эфектыўнаму выкарыстанню сродкаў", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі ёсць таленты, якія могуць стаць спартсменамі сусветнага ўзроўню "Мы прадэманстравалі за перыяд незалежнасці, што маем таленавітых людзей. Нават у нечаканых відах", - сказаў ён. Прэзідэнт прывёў прыклад Юліі Несцярэнка, якая ў свой час сенсацыйна перамагла на Алімпіядзе ў Афінах.

"Працаваць трэба. Таму мы будзем падтрымліваць школы. Калі толькі мы ўбачым, што там ёсць патэнцыял, любую школу падтрымаем, якая ніколі медалёў нам не прыносіла. Будзем падтрымліваць, але арыентавацца на вынік. У адваротным выпадку - гэта фізкультура. Аб'екты будзем будаваць, але толькі з перспектывай, што яны будуць занятыя і там будуць займацца людзі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваім выступленні Прэзідэнт абазначыў ключавыя напрамкі, па якіх неабходна ўдасканальваць спартыўную галіну.

Па-першае, неабходна вызначыць перспектыўныя, патэнцыяльна медальныя, традыцыйныя для Беларусі віды спорту, і менавіта ім аказваць асноўную падтрымку. "Заваявалі ліцэнзіі - дабавіць. Атрымалі медалі - яшчэ дабавіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-другое, патрабуе кардынальнага паляпшэння сітуацыя ў дзіцяча-юнацкім спорце. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта аснова асноў. І тут неабходны сістэмны падыход. Ён даручыў мясцовым органам улады на працягу года вырашыць пытанне з забеспячэннем неабходным інвентаром кожнай спартыўнай школы.

Яшчэ адзін напрамак - студэнцкі спорт, які ў Беларусі так пакуль і не стаў апорай для прафесійнага спорту. У сувязі з гэтым міністру адукацыі даручана прадметна разабрацца з гэтай сферай і актыўней працаваць у адной звязцы са спартыўнымі ведамствамі і арганізацыямі.

Па-чацвёртае, мае патрэбу ў аптымізацыі сістэма навучання трэнерскіх кадраў. "Мы вымушаны дзясяткамі завозіць трэнераў з-за мяжы і за вялікія грошы", - заўважыў беларускі лідар.

Пятая задача - аптымізацыя работы рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі. Пры гэтым Міністэрства спорту і турызму не павінна страчваць кантроль над трэніровачным працэсам нацыянальных каманд.

Не менш важныя і такія сферы, як спартыўная навука і медыцына. Тут, на думку Прэзідэнта, праблемы вырашаюцца марудна. "Не мне вам тлумачыць, што без якаснага медыцынскага і навуковага суправаджэння цяпер немагчыма дасягаць сур'ёзных вынікаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам неабходна максімальна задзейнічаць патэнцыял Міністэрства аховы здароўя з разуменнем таго, што спартсмены патрабуюць індывідуальнага падыходу".

Сёмае - неабходна ўмець разумна процістаяць беспадстаўнаму націску, калі нацыянальныя каманды абвінавачваюць у выкарыстанні допінгу. А гэтай тэме сёння ў свеце ўдзяляецца шмат увагі. "Зразумейце, кожны допінгавы камень у наш агарод больш не разглядаецца як адзінкавы выпадак. Усе спрабуюць скласці гэта ў сістэму. Як зрабілі з Расіяй. А значыць, мы павінны быць разумнейшыя, больш празрыстыя, каб ніхто не паставіў пад сумненне нашу чыстату", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў вырашыць яшчэ адну задачу - узмацніць ролю рэгіёнаў у падрыхтоўцы атлетаў. Паводле яго слоў, мясцовыя ўлады адыгрываюць значную ролю ў развіцці спорту. Цікавая губернатару гэта сфера - і яна будзе развівацца. Будзе падтрымка рэгіёнаў - будуць з'яўляцца новыя зоркі. Калі гэтага няма, то ў лепшым выпадку перспектыўны атлет пераедзе на новае месца жыхарства, а ў горшым - перастане займацца з-за таго, што ён нікому не патрэбны.

Наступная сфера дзеянняў - загрузка інфраструктуры. Трэба дакладна ўвязваць планы будаўніцтва з канцэпцыяй развіцця відаў спорту ў краіне. Акрамя таго, важна выкарыстоўваць спартыўныя аб'екты па прызначэнні. Міністэрству спорту даручана ўзяць гэтыя пытанні пад кантроль.

Апошнім, дзясятым, напрамкам з'яўляецца неабходнасць актывізаваць работу спартыўных федэрацый і ў цэлым зразумела размеркаваць абавязкі і адказнасць паміж рознымі спартыўнымі структурамі. "Хачу адзначыць асаблівую ролю Нацыянальнага алімпійскага камітэта як галоўнай спартыўнай грамадскай арганізацыі краіны. Падкрэсліваю: НАК павінен быць домам для ўсіх, аказваць метадычную, фінансавую і іншую дапамогу федэрацыям, аператыўна і якасна вырашаць такія праблемы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На заканчэнне кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі не навесці парадак у спартыўнай галіне, то Алімпіяду ў Рыа беларусы будуць хутка ўспамінаць як адну з самых паспяховых. "Савецкі запас трываласці даўно вычарпаны, а новая эфектыўная сістэма так да канца і не сфарміравана. І гэта задача на бліжэйшую перспектыву. Не вырашым названыя мной праблемы - спорт вышэйшых дасягненняў страцім. Што гэта значыць для дзяржавы, для людзей - не мне вам тлумачыць", - дадаў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі