15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка заслухаў падрабязныя даклады прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына і дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Даклад прэм'ер-міністра ўключаў актуальныя пытанні ўнутранага парадку дня і ўзаемадзеяння з ключавымі партнёрамі Беларусі на знешнеэканамічным трэку. Таксама даложана аб выніках праведзенай у першай палавіне дня 15 кастрычніка сустрэчы Аляксандра Турчына з міністрам прамысловасці і гандлю Расіі Антонам Аліханавым.
Асобнай і адной з галоўных тэм даклада стала работа прамысловага сектара Беларусі ў цэлым. У прыватнасці, зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці (па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах) і экспарту ў студзені - жніўні бягучага года, аб чым сведчаць даныя статыстыкі. Прэзідэнт запатрабаваў ад прэм'ер-міністра сур'ёзна заняцца галіной, звярнуць увагу на гэты напрамак.
Па выніках кадравага дня, які прайшоў у панядзелак, 13 кастрычніка, у кіраўніка дзяржавы таксама прадметна абмеркавалі задачы, якія стаяць перад беларускай лёгкай прамысловасцю і канкрэтнымі прадпрыемствамі, на якіх абнавілася кіраўніцтва.
Галоўнай тэмай даклада дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча стала раптоўная праверка Узброеных Сіл Беларусі, якая праводзіцца па рашэнні Прэзідэнта. Размова ішла аб асаблівасцях другога этапу праверкі і першых выніках у цэлым. Таксама закранулі напрамкі, на якія Прэзідэнт і раней патрабаваў звярнуць асаблівую ўвагу: прымяненне беспілотнікаў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы; вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, які неабходна ўлічваць пры падрыхтоўцы айчынных Узброеных Сіл.