Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

9 Ліп 2025

Пра жорсткую задачу ад Прэзідэнта і самае лепшае лякарства. Як развіваецца фармпрамысловасць Беларусі

Пра жорсткую задачу ад Прэзідэнта і самае лепшае лякарства. Як развіваецца фармпрамысловасць Беларусі
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання фармпрадпрыемства "Мінскінтэркапс", студзень 2018 года

Жыццё і здароўе людзей стаяць на чале нацыянальнай бяспекі Беларусі. Асаблівая роля тут у фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці. За гады незалежнасці Беларусь прайшла ў гэтым напрамку вялікі шлях - ад выпуску сціплай лінейкі лякарстваў да сучаснай шматпрофільнай вытворчасці найскладанейшых медыцынскіх прэпаратаў. У новым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" мы раскажам, чаму Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў замясціць імпартныя лякарствы і ці ўдалося ўладам рэалізаваць гэту стратэгію, навошта Беларусі спатрэбіўся вакцынны цэнтр і ў якую пастку мы ўсе трапілі, калі, паводле слоў Прэзідэнта, "ачмурэлі і перасталі жыць у гармоніі з прыродай", аб чым кіраўнік дзяржавы папярэджваў прыватныя аптэкі і якое лякарства беларускі лідар лічыць самым эфектыўным і пры гэтым - самым танным. Невялікі спойлер: яно ў кожнага пад рукой.

Якія лякарствы вырабляюць у Беларусі

Біятэхналогіі і фармацэўтыка даўно ўвайшлі ў лік прыярытэтных вектараў развіцця беларускай дзяржавы. Толькі адзін факт: у грашовым выражэнні больш як палова лякарстваў у краіне - айчыннай вытворчасці. Пры гэтым ва ўмоўных упакоўках доля беларускіх прэпаратаў у аптэках складае амаль 65 працэнтаў. І гэта лічба расце.

Беларусь прапануе шэраг унікальных лякарстваў для лячэння анкалагічных, імунных і сардэчна-сасудзістых захворванняў, процівірусныя і антыбактэрыяльныя прэпараты, а таксама сродкі для лячэння захворванняў апорна-рухальнага апарату, стрававальнага тракту, абмену рэчываў і іншыя. Але, вядома, так было не заўсёды.

Гісторыя фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі пачалася 100 гадоў таму. У 20-я гады мінулага стагоддзя ў рэспубліцы пачаў працаваць хіміка-фармацэўтычны завод імя Першай пяцігодкі (цяпер гэта прадпрыемства "Белмедпрэпараты"). Першапачаткова тут выраблялі тавары першай неабходнасці: парашкі, мазі, сумесі. З цягам часу лінейка прадукцыі пашырэла і нават стала пастаўляцца ў дружалюбныя СССР краіны Еўропы, Азіі і на Кубу.

"Сваю гісторыю мы адлічваем з 1929 года. За гэты час было зроблена шмат. Сёння мы маем 12 асноўных вытворчых цэхаў і 6 дапаможных цэхаў. Партфель кампаніі налічвае звыш 300 лекавых прэпаратаў розных фармакатэрапеўтычных груп. У першую чаргу гэта анкалогія. Наша прадпрыемства валодае даволі шырокай лінейкай такіх прадуктаў, і з году ў год гэта лінейка лекавых прэпаратаў  пашыраецца", - расказаў намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белмедпрэпараты" па інавацыйным развіцці Сяргей Марчанка.

Даволі даўно прадпрыемства выпускае і інсуліны. А з мінулага года - і ў картрыджах. Яны выкарыстоўваюцца ў шпрыц-ручках.

"Акрамя таго, у супрацоўніцтве з расійскай кампаніяй мы вывелі аналаг інсуліну - інсулін аспарт, вядзецца работа над іншымі аналагамі інсуліну. Інсулінавыя аналагі - гэта наша будучыня, таму гэту лінейку мы будзем пашыраць", - сказаў Сяргей Марчанка.

Як развівалася фармацэўтычная прамысловасць Беларусі

З набыццём незалежнасці маладой рэспубліцы неабходна было рэарганізаваць работу фармацэўтычнай прамысловасці. Для параўнання: сёння беларускія прадпрыемствы выпускаюць амаль 1,8 тыс. найменняў лекавых прэпаратаў розных груп. А пасля распаду Савецкага Саюза ў нашай краіне выраблялася ўсяго 105 найменняў лекавых сродкаў. Гэта значыць, у 17 разоў менш.

У выніку ў 1992 годзе ўрад стварае Камітэт па фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці. Яго галоўнай задачай становіцца нарошчванне вытворчасці, пашырэнне наменклатуры і павышэнне якасці айчынных лякарстваў.

Наступны этап у развіцці галіны пачаўся ў 2000-х гадах. Тады Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу павялічыць пастаўкі айчынных медыцынскіх прэпаратаў на ўнутраны рынак да 50 працэнтаў у вартасным выражэнні. На той час беларускіх лякарстваў было не больш як 25 працэнтаў, астатняе даводзілася закупляць за мяжой. Лічба нібыта і не маленькая. Але ў такой сітуацыі, каб заваяваць краіну, і не трэба пагражаць ёй танкамі і ракетамі - дастаткова спыніць пастаўкі лякарстваў. Таму беларускія ўлады і вырашылі сур'ёзна ўзяцца за фармацэўтычную прамысловасць: яна стала найважнейшым складнікам суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі.

"Мы дамаўляліся, што да канца будучага года (чытай: да канца пяцігодкі) мінімум 50 працэнтаў лякарстваў у нас будзе ўласнай вытворчасці. Лякарстваў, якія адпавядаюць сусветнаму ўзроўню. У адваротным выпадку нам іншыя лякарствы не патрэбны. Беларуская вытворчасць лякарстваў павінна быць на ўзроўні сусветных стандартаў. Трэба задаволіць свой попыт, таму што паўмільярда валюты мы на лякарствы кожны год як мінімум трацілі, а можа, нават больш. Таму трэба імпартазамяшчэнне правесці", - падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра аховы здароўя.

З 2011 года ў Беларусі сталі зацвярджаць мэтавыя дзяржаўныя праграмы па развіцці імпартазамяшчальных вытворчасцей фармацэўтычных субстанцый, гатовых лекавых і дыягнастычных сродкаў і ў цэлым па развіцці фармацэўтычнай прамысловасці. Як вынік, за 2011-2019 гады агульная колькасць арганізацый, занятых у вытворчасці фармацэўтычных прадуктаў і прэпаратаў, павялічылася з 63 да 100, а аб'ём прамысловай вытворчасці вырас у восем разоў - з Br163 млн да больш як Br1,3 млрд. На беларускім рынку штогод рэгіструецца ад 60 да 100 новых айчынных прэпаратаў.

"Беларусь - сацыяльная дзяржава, і ўмацаванню здароўя людзей мы надаём першараднае значэнне. Так будзе заўсёды. З гэтай мэтай мы праводзім мадэрнізацыю медыцынскіх устаноў, добраўпарадкоўваем іх найноўшым абсталяваннем. Рыхтуюцца кваліфікаваныя спецыялісты і, самае галоўнае, нарошчваецца вытворчасць айчынных лекавых сродкаў. У Беларусі створана база для развіцця фармпрамысловасці. У 2010 годзе мною была пастаўлена задача давесці долю айчынных прэпаратаў на ўнутраным рынку да 50 працэнтаў. Гэта адно з пытанняў нацыянальнай бяспекі. Мы павінны забяспечыць насельніцтва даступнымі якаснымі айчыннымі лякарствамі", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы на нядаўняй нарадзе па развіцці фармацэўтычнай прамысловасці.

Для развіцця і ўмацавання фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці ў 2017 годзе кіраўнік дзяржавы распарадзіўся стварыць холдынг "Белфармпрам". Сёння ў ім дзевяць прадпрыемстваў: шэсць вытворцаў лекавых сродкаў, адна навуковая арганізацыя і адзін вытворца вырабаў медыцынскага прызначэння. Яшчэ з двума дзясяткамі арганізацый у холдынгу заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве.

Прадпрыемствы сістэмы "Белфармпрам" вырабляюць амаль палову лекавых сродкаў у Беларусі. На долю холдынга прыпадае фактычна і палова экспартных паставак. Фармацэўтычная прадукцыя яго арганізацый прадаецца ў 25 краінах.

Чаму Лукашэнка патрабуе кантраляваць цэны на лякарствы

На кантролі Прэзідэнта і цэны ў аптэках. Ніхто на страту працаваць не будзе, але і нажывацца за кошт людзей, асабліва арганізацыям, якія гандлююць, дазволіць нельга, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Урадам нядаўна было прынята рашэнне па спыненні неабгрунтаванага росту цэн. Слухайце, 10 працэнтаў ПДВ - што такое 10 працэнтаў? Гэта нішто, але пад гэта ўсе пачалі ўзнімаць цэны", - сказаў кіраўнік дзяржавы, прымаючы з дакладам старшыню КДК у сакавіку 2021 года.

"А некаторыя і на 30 працэнтаў павысілі", - заўважыў Васіль Герасімаў.

"Так. Значыць, вельмі строга трэба спыняць людзей. Мы павінны бачыць і аптавікоў, і розніцу. Але самае галоўнае - лякарствы. Мы не павінны дазволіць гэтым розным ачумелым нажывацца на бедах людзей. Ніхто не прыйшоў і не прынёс капейку з іх для таго, каб падтрымаць лячэнне ад кавіду. Ніхто, толькі дзяржава. Ужо мільярд долараў на гэта з усіх крыніц краіна затраціла. Што, нехта прыйшоў з уласнікаў аптэк і іншых якія-небудзь грошы даў? Ніхто не даў. У нас 50 працэнтаў дзяржаўных аптэк, 50 працэнтаў прыкладна прыватных. Калі ў прытомнасць не прывядзём прыватнікаў, ну што ж, тады будуць працаваць дзяржаўныя аптэкі. Але мы не можам дазволіць на здароўі людзей нажывацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Куды пастаўляюцца беларускія лякарствы

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, фармацэўтычная прамысловасць Беларусі працуе ўстойліва. У 2024 годзе аб'ём вытворчасці гэтай прадукцыі склаў практычна Br2,5 млрд (па сённяшнім курсе гэта больш за $800 млн). У фактычных цэнах узровень вытворчасці вырас больш як на 20 працэнтаў. І практычна трэць прэпаратаў была пастаўлена за мяжу.

Экспартная стратэгія беларускіх прадпрыемстваў прадугледжвае актыўны выхад на рынкі краін Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі, арабскіх дзяржаў, краін, якія сталі на шлях развіцця, Афрыкі. У гэтых рэгіёнах найбольш хутка расце спажыванне лякарстваў і павялічваюцца дзяржаўныя расходы на ахову здароўя. Напрыклад, у мінулым годзе фармацэўтычныя арганізацыі ўпершыню адгрузілі прадукцыю ў Саудаўскую Аравію, Самалі, ААЭ і Катар.

Больш таго, Беларусь актыўна развівае супрацоўніцтва ў фармацэўтычнай сферы са сваімі партнёрамі, прапануючы ім не толькі пастаўкі, але і арганізацыю сумесных вытворчасцей. Гэта магчымасць падставіць адзін аднаму плячо і выйсці на рынкі трэціх краін.

Адна з апошніх такіх дамоўленасцей была дасягнута на нядаўніх перагаворах прэзідэнтаў Беларусі і Кубы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у бліжэйшы час чакаецца адкрыццё вытворчай лініі сумеснага прадпрыемства па выпуску беларускіх медыкаментаў, прызначаных для кубінскага рынку і краін Карыбскага басейна.

Колькі патрабуецца часу на распрацоўку і выпуск лякарства

Сяргей Марчанка расказаў, што на выпуск новага лякарства ідзе не менш як тры гады. Спачатку неабходна распрацаваць прэпарат. А для гэтага трэба не толькі вывучыць стабільнасць гатовай формы, але і падабраць састаў, які забяспечваў бы сумяшчальнасць кампанентаў. Акрамя таго, усе гэтыя кампаненты трэба папярэдне закупіць, праверыць фармацэўтыка-тэхналагічныя характарыстыкі кожнага інгрэдыенту.

"Пасля таго, як мы атрымаем гатовы прадукт, мы распрацоўваем методыкі кантролю якасці. Лекавы прэпарат закладваецца для выпрабаванняў стабільнасці, каб мы былі ўпэўнены, што ён будзе адпавядаць патрабаванням якасці на працягу ўстаноўленага тэрміну прыдатнасці. Затым ідзе даволі працяглая працэдура дзяржаўнай рэгістрацыі. Пасля атрымання станоўчых заключэнняў экспертаў (гэта і фармаколагі, і фармацэўты) выносіцца рашэнне аб рэгістрацыі. І толькі пасля гэтага мы можам выпускаць прадукцыю ў абарот", - адзначыў намеснік гендырэктара РУП "Белмедпрэпараты".

Ён дадаў, што ў старажытнасці нездарма гаварылі, што любое лякарства ёсць атрута: усё залежыць толькі ад яго колькасці. "Таму і патрабаванні, якія прад'яўляюцца да такіх прадуктаў, павінны быць максімальна ўсёабдымнымі, каб забяспечыць бяспеку пацыентаў і гарантаваць ім якасць прадукту", - падкрэсліў Сяргей Марчанка.

Навошта Беларусі свае вакцыны

У пачатку 2020 года беларуская фармацэўтычная прамысловасць сутыкнулася з выклікамі пандэміі. Але прадпрыемствы змаглі мабілізаваць рэсурсы і прыстасавацца да сітуацыі, якая склалася. Пандэмія выразна прадэманстравала безальтэрнатыўнасць моцнай дзяржавы ў барацьбе з крызісам і яго наступствамі.

"Неабходна больш актыўна праектаваць і будаваць новыя аб'екты аховы здароўя і далей развіваць сваю вытворчасць лякарстваў. Вы ўбачылі, наколькі гэта перспектыўны напрамак, і тая барацьба, якая разгарнулася ў свеце за першынство стварэння вакцыны ад COVID-19, пацвярджае мой тэзіс - на кон пастаўлены мільярды долараў. А ўспомніце, літаральна паўтары пяцігодкі таму мы выраблялі ўсяго 13 працэнтаў уласных лякарстваў. Тады Прэзідэнт паставіў жорсткую задачу: 50 працэнтаў, не менш. Сёння маем 60 працэнтаў, і гэта нас выратавала", - заявіў Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2020 годзе.

Праўда, на сусветнай арэне было не ўсё так гладка. Вакцыны хутка сталі элементам вялікай палітыкі: адны лякарствы не прызнавалі, іншыя - навязвалі. Увогуле, разгарнуліся сапраўдныя вакцынныя войны. Беларусь, каб не стаць выпадковай ахвярай гэтых падзей, таксама пачала ствараць уласную вірусную вакцыну.

Аднак з цягам часу пандэмія адступіла, і, атрымліваецца, вакцына ад каранавіруса сёння не настолькі актуальная, як некалькі гадоў таму. У арганізацыю вытворчасці былі ўкладзены вялікія грошы, і Прэзідэнт запатрабаваў, каб яны прынеслі аддачу. Гэта значыць, калі вакцына ад каранавіруса сёння не запатрабавана, то неабходна пераарыентаваць вытворчасць, наладзіць імпартазамяшчэнне найбольш папулярных вакцын. Напрыклад, ад грыпу.

"Звяртаюся да Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальнай акадэміі навук: ад вас патрабуецца актыўная стратэгія па вывядзенні на рынак беларускіх лякарстваў, вакцын, медыцынскага абсталявання, пастаяннае садзейнічанне распрацоўшчыкам і вытворцам, у тым ліку праз дзяржзаказ. Пазіцыя не павінна зводзіцца да ролі шлагбаума - прапушчу/забараню. Працуйце на апярэджанне. Я нездарма даручыў стварыць у нас вакцынны цэнтр. Гэта не толькі для таго, каб вырабіць вакцыну супраць каранавіруса. Такіх каранавірусаў нават на нашай памяці, вашай памяці, асабліва маладых, будзе яшчэ не адзін раз. Свет сатканы з гэтых страшэнных вірусаў. Мы ачмурэлі, перасталі жыць у гармоніі з прыродай. І за гэта будзем плаціць. Таму трэба ствараць гэты цэнтр, які будзе вырабляць не проста любыя антывірусныя прэпараты, але і лякарствы", - запатрабаваў Прэзідэнт праз два гады.

Якое лякарства самае лепшае

Аб'ём сусветнага фармацэўтычнага рынку, паводле даных Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, ужо дасягнуў $900 млрд. Вось-вось гэта лічба павялічыцца ў паўтара раза. Гэта значыць, Беларусь рухаецца ў правільным напрамку, развіваючы фармацэўтычныя вытворчасці.

Мы заўсёды гаворым, што самае дарагое для чалавека - гэта здароўе. Але з-за таго, што яно даецца нам бясплатна, мы не заўсёды клапоцімся пра сябе як трэба. Таму вось вам лайфхак. Самае эфектыўнае лякарства ад усіх хвароб, лічыць Аляксандр Лукашэнка, - гэта здаровы лад жыцця і спорт. Прэзідэнт падкрэслівае, што асабліва важна ўсяляк стымуляваць да гэтага дзяцей і падлеткаў. Таму ў Беларусі будавалі, будуюць і прадоўжаць будаваць фізкультурныя аб'екты - і раённага, і міжнароднага класа. Пагадзіцеся, лепш хадзіць туды, чым па бальніцах і аптэках.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі