Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

4 Jun 2021

Пра абарону свайго рынку і "інтэлектуальныя кар'еры". Падрабязнасці візіту Лукашэнкі на "Граніт"

Пра абарону свайго рынку і

4 чэрвеня, Мікашэвічы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў з рабочай паездкай Брэсцкую вобласць. У Мікашэвічах кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай прадпрыемства "Граніт", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандра Лукашэнку сустракаў вялікі пул чыноўнікаў - ад кіраўніцтва раёна і прадпрыемства да міністраў і віцэ-прэм'ераў. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка перш за ўсё праінфармаваў Прэзідэнта аб ходзе вясенніх палявых работ і сацыяльна-эканамічным развіцці даверанага яму рэгіёна. "За пяць гадоў вобласць па ВРП (валавы рэгіянальны прадукт. - Заўвага БЕЛТА) у рэспубліцы другая, па прамысловасці, сельскай гаспадарцы і экспарце тавараў - першая, - звярнуў увагу ён. - За чатыры месяцы мы з сёмага месца выходзім на трэцяе-чацвёртае. Валавы рэгіянальны прадукт расце, вытворчасць расце". Разам з тым губернатар адзначыў, што Брэсцкая вобласць недацягвае па прыцягненні інвестыцый.

"Што цябе насцярожвае ў сувязі з гэтай агрэсіўнай палітыкай калектыўнага Захаду або ты не думаеш пра гэта?" - спытаў кіраўнік дзяржавы.

Юрый Шулейка адзначыў, што ў рэгіёне крыху падрасло беспрацоўе: пасля закрыцця граніц грамадзяне, якія ездзілі на заработкі ў Польшчу і Украіну, вымушаны сядзець дома. Яны звяртаюцца ў мясцовыя органы ўлады з просьбай падтрымаць іх.

"Іх трэба чуць, слухаць і размаўляць з імі. Там, дзе можам (гэта ўсё ж такі нашы людзі), мы падтрымаем, дапаможам. Але трэба пачынаць працаваць. Не трэба думаць, што заўтра Захад з распасцёртымі рукамі прыме", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца сітуацыі ў Мікашэвічах, то шмат у чым яна залежыць ад паказчыкаў работы мясцовага "Граніта". У цэлым справы на прадпрыемстве ідуць нядрэнна, але аб'ёмы экспарту хацелася б нарасціць. Паводле слоў генеральнага дырэктара "Граніта" Эдуарда Гаўрылковіча, пастаўкі за мяжу з-за закрыцця граніц пасля пачатку пандэміі прыкметна знізіліся. Негатыўна на іх таксама паўплывала часовае запаволенне тэмпаў будаўніцтва ў рэспубліцы і прынятыя ў Расіі меры нетарыфнага рэгулявання, якія абмяжоўваюць аб'ёмы ўвозу беларускай сыравіны. "Неадкладна давесці прэм'ер-міністру гэта пытанне, каб мы маглі рухацца наперад. Але што ўвесь час спіхваць праблемы наверх? Трэба і тут шавяліцца, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэту праблему трэба вырашаць, гэта не такая катастрафічная праблема".

Паводле яго слоў, ва ўрадзе дапамогуць вырашыць пытанні, што ўзніклі з пастаўкамі прадукцыі за мяжу, але і само прадпрыемства павінна актыўней займацца гэтай праблемай.

У час візіту на прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка наведаў новае радовішча "Сітніцкае". Тут ідзе рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве горна-абагачальнага камбіната. Аднак на самім "Граніце" пакуль не ўпэўнены, ці патрэбны прадпрыемству новы завод. Яго кошт ацэньваецца практычна ў паўмільярда долараў, а пакуль не атрымліваецца рэалізаваць нават усю здабываемую сыравіну на існуючым радовішчы "Мікашэвічы". Магчыма, як такі завод будаваць і не будуць: здабываемы на "Сітніцкім" шчэбень можна перапрацоўваць на існуючых магутнасцях. Але гэта пытанне яшчэ неабходна ўважліва падлічыць.

"Вызначайцеся, што будзем рабіць", - сказаў Прэзідэнт.

На новым радовішчы распрацоўваюць так званы інтэлектуальны кар'ер, дзе з выкарыстаннем тэхналогій 5G тэсціруецца беларуская беспілотная тэхніка БЕЛАЗ. Кіраўнік дзяржавы наведаў назіральную пляцоўку, каб азнаёміцца з гэтымі працэсамі. Тут Прэзідэнту далажылі ў цэлым аб рабоце прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці, а таксама аб перспектывах развіцця БЕЛАЗа і МТЗ. Паводле слоў міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка, сфера дэманструе імклівы рост. Гаворачы аб пастаўках беларускай тэхнікі за мяжу, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці прымаць своечасовыя меры, каб не дапускаць дэбіторскай запазычанасці. "Прадукцыю адправілі - грошы не атрымалі і потым пачынаем ваяваць за гэтыя грошы. Глядзіце, каб не было", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Стратэгія БЕЛАЗа па лічбавізацыі горнатранспартных работ прадугледжвае стварэнне комплексных рашэнняў па пастаўцы тэхнікі, інфраструктурных рашэнняў і сістэм кіравання. Адзін з элементаў гэтых рашэнняў - прадастаўленне бязлюднай тэхналогіі здабычы, якая ў сваю чаргу дасць магчымасць забяспечыць работу кар'ернай тэхнікі БЕЛАЗ на новых рынках збыту і ў новых спажыўцоў. Як расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Нікіфаровіч, выкарыстанне беспілотных самазвалаў дапаможа нарасціць прадукцыйнасць здабычы да 30 працэнтаў, павялічыць каэфіцыент тэхнічнай гатоўнасці за кошт змяншэння прастояў, эканоміць на рамонце тэхнікі за кошт аптымальных рэжымаў яе работы. Акрамя таго, прымяненне аўтаномнага транспарту дасць магчымасць знізіць траўматызм пры правядзенні горных работ.

На радовішчы "Сітніцкае" працуюць беспілотныя кар'ерныя самазвалы БЕЛАЗ-7558R грузападымальнасцю 90 т і франтальны пагрузчык БЕЛАЗ-7825D. Работы па праекце стартавалі 20 ліпеня 2020 года. Для работы "інтэлектуальнага кар'ера" ўзведзены мабільны дыспетчарскі пункт, праведзена сеткавая і электрычная інфраструктура, устаноўлена 48 мачтаў, праз якія працягнута больш за 4 км кабеля. Яшчэ на трох мачтах размешчана 5G-абсталяванне.

На гэтай жа пляцоўцы кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі і новую распрацоўку МТЗ і Нацыянальнай акадэміі навук - робататэхнічны комплекс на базе трактара Беларус-3523, аснашчаны плугам.

Мяркуючы па ўсім, Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены ўбачаным - як самімі тэхналогіямі, так і работай беларускіх спецыялістаў. Ён адзначыў, што прамысловыя прадпрыемствы і вучоныя працуюць не горш за айцішнікаў. Напэўна, іх падганяе канкурэнцыя, бо ў свой час вучоныя раўнавалі, што ў іх няма такіх прэферэнцый, як у ПВТ, адзначыў Прэзідэнт. "Сабралі хлопцаў і дзяўчат - яны працуюць, ствараюць гатовы прадукт. Не проста праграмнае забеспячэнне ў Амерыку аддаюць, а ствараюць тое, што нам сёння патрэбна", - заявіў ён.

Азнаёміўшыся з работай прадпрыемства і ўкараненнем новых тэхналогій у здабычы шчэбеню, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з працоўным калектывам "Граніта". Па традыцыі ён перш за ўсё растлумачыў мэту свайго візіту. Прэзідэнт нагадаў, што ў 2013 годзе было прынята рашэнне аб распрацоўцы прадпрыемствам новага радовішча - "Сітніцкае". Але цяпер работы там вядуць не спяшаючыся. Пакуль "Граніту" трэба хаця б рэалізаваць сыравіну з існуючага радовішча "Мікашэвічы". "Перш за ўсё трэба рэалізаваць тое, што вы тут вырабляеце", - падкрэсліў ён.

Работнікі прадпрыемства пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы ў першую чаргу будучым прадпрыемства: як развіваць экспарт і адыходзіць ад імпарту. Падрабязнасці Прэзідэнт агучваць не стаў, але адзначыў: "Урад у бліжэйшыя дні прыме адпаведныя меры, каб ніхто не перашкаджаў вам працаваць на ўнутраным рынку".

З работай на знешніх рынках урад падставіць плячо, але і прадпрыемства таксама павінна варушыцца, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Работнікі паскардзіліся і на праблемы з выдачай ліцэнзіі на шэраг медпаслуг, якія аказваюць у санаторыі "Світанак" прадпрыемства "Граніт". Кіраўнік дзяржавы даручыў намесніку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і губернатару вырашыць гэту праблему неадкладна, літаральна на працягу тыдня. Ён папярэдзіў, што не павінна быць ніякага фармалізму ў гэтым пытанні. "Калі людзі хочуць ехаць у санаторый, яны ж рублём галасуюць або  прадпрыемства дапамагае, чаго перашкаджаць? Надуманае пытанне", - лічыць Прэзідэнт.

Мясцовыя жыхары таксама ўзнялі праблему дрэннага стану ўчастка дарогі Кобрын - Гомель. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што яна абавязкова будзе рэканструявана. "Вельмі марудна вырашаецца гэта пытанне", - выказаў нездаволенасць кіраўнік дзяржавы, звярнуўшы ўвагу, што на пэўным участку мадэрнізацыя дарогі ўжо вядзецца.

Прэзідэнт згадзіўся, што пытанне рэканструкцыі гэтай дарогі вельмі важнае. "Вось гэту дарогу, чаго б нам ні каштавала, мы пабудуем. Гэта будзе як Брэст - Масква, і яшчэ лепшая траса", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Прадпрыемства "Граніт" створана ў канцы 1975 года і з'яўляецца буйнейшай вытворчасцю шчэбеню ў Беларусі. Прадпрыемства працуе ў кругласутачным рэжыме. За суткі з кар'ера на драбільна-сартавальны завод перавозіцца 45-55 тыс. т горнай масы, спажыўцам адгружаецца 40-50 тыс. т нярудных будаўнічых матэрыялаў, загружаецца 500-700 чыгуначных вагонаў (з іх палова на экспарт) і 220-280 грузавікоў.

На пачатак года аб'ём запасаў карыснага выкапня на радовішчы "Мікашэвічы" складае 320 млн куб.м. За ўвесь перыяд распрацоўкі кар'ера з нетраў было здабыта 211 млн куб.м будаўнічага каменю. Пры падтрыманні дзеючых вытворчых магутнасцей прадпрыемства забяспечана сыравіннымі рэсурсамі на 35 гадоў.

Запасы будаўнічага каменю на радовішчы "Сітніцкае" складаюць каля 540 млн куб.м. Гэтай сыравіннай базы хопіць на 58 гадоў работы прадпрыемства. Кошт будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната ацэньваецца ў памеры $445 млн. Прычым будаўніцтва кар'ера запатрабуе $157 млн, самога завода - $267,5 млн. На падрыхтоўчы перыяд (будаўніцтва дарог, тэхналагічнай пляцоўкі, ажыццяўленне часовага электразабеспячэння і іншае) выдзелена $20,5 млн.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі