VI Усебеларускі народны сход
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

12 Стд 2021

Планы ў прамысловасці, лізінг, работа ў Расіі і адказ на бандыцкія санкцыі - Лукашэнка прыняў з дакладам Назарава і Пархомчыка

Планы ў прамысловасці, лізінг, работа ў Расіі і адказ на бандыцкія санкцыі - Лукашэнка прыняў з дакладам Назарава і Пархомчыка

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам віцэ-прэм'ера Юрыя Назарава і міністра прамысловасці Пятра Пархомчыка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У цэнтры ўвагі былі вынікі і перспектывы работы прамысловай сферы як у бягучым годзе, так і ў будучай пяцігодцы ў цэлым. Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў на неабходнасці мець не проста прагнозы, а дакладныя планы вытворчасці і паставак адпаведнай прадукцыі. Ён пацікавіўся, як вядзецца работа па пастаўках у лізінг, і спытаў, што ў плане допуску беларускіх прадпрыемстваў да дзяржзакупак у Расійскай Федэрацыі, як рэалізуюцца важныя інвестыцыйныя праекты ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць падтрымліваць і павышаць якасць выпускаемай прадукцыі. Без гэтага фактару немагчыма ўстойлівая работа прадпрыемстваў і рэалізацыя намечанага.

Яшчэ адна тэма - санкцыі Захаду, пад якія трапілі некалькі айчынных прадпрыемстваў. Гэтыя санкцыі Аляксандр Лукашэнка назваў бандыцкімі і даручыў на ўзроўні ўрада выпрацаваць сіметрычны адказ.

Пра вынікі і планы

У самым пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, каб гэта не было проста справаздачай аб рабоце Міністэрства прамысловасці за мінулы год. Пра гэта размова толькі ў агульных рысах. "Калі і разбірацца па рабоце галін Беларусі за мінулы год, то, напэўна, трэба гэта шырэй рабіць, каб не выглядала гэта кулуарна. Ну і потым, трэба ж некага падтрымаць, пахваліць, а некага, самі разумееце, на месца паставіць, калі спрацавалі неадэкватна ў той сітуацыі, якая складвалася", - сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца работы ў наступным перыядзе, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў далажыць менавіта аб планах, а не проста прагнозах. "Зразумела, планы будучага года. Менавіта планы. Не нейкія там прагнозы. Гэту балбатню так званую рыначную трэба заканчваць. Ёсць строгі план. Калі мы хочам выжыць, то мы павінны планы гэтыя рэалізаваць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Няхай нас крытыкуюць, што мы рэтраграды, кансерватары і гэтак далей. Калі будуць прадпрыемствы працаваць, чалавек будзе мець зарплату, і пажадана хаця б крыху вышэйшую, чым у мінулым годзе, тады нас ацэняць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ важней - пытанне па раўнамернай вытворчасці і пастаўках тэхнікі па кварталах. "І вельмі важнае пытанне - пастаўкі тэхнікі ў лізінг. 146-ы ўказ (ад 2 красавіка 2015 года "Аб фінансаванні закупкі сучаснай тэхнікі і абсталявання". - Заўвага БЕЛТА), які вы часта цытуеце. У якім напрамку ў нас арганізавана работа і як мы будзем працаваць у будучым годзе па лізінгу?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што "мы замахнуліся" на пяцігодку сфарміраваць планы заказаў і вытворчасці беларускай тэхнікі, планы закупак і продажаў.

Паводле слоў Юрыя Назарава, у цэлым у прамысловасці ў мінулым годзе аб'ём вытворчасці да паказчыка 2019 года склаў 99,3 працэнта. "Мы 98 працэнтаў чакалі летам, але крыху падцягнулі", - адзначыў ён.

Вядома, ёсць аб'ектыўныя прычыны такой сітуацыі, але, напрыклад, па канцэрне "Беллеспаперапрам" перавышаны ўзровень мінулага года. "Я хачу падкрэсліць, што гэта ведамства, якое працуе на мясцовай сыравіне, - тое, што вы заўсёды гаварылі, што незалежна ад нафты, газу, дамоўленасцей з кім-небудзь ёсць свая сыравіна, пускай яе ў перапрацоўку, атрымлівай якасны прадукт, экспартуй і прадавай", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць гэтага прыкладу: "Нашым гэтым пратэстунам і тым, хто нас крытыкаваў, трэба сказаць, што ў гэтым годзе сельская гаспадарка выратавала нас, дабавіла 5 працэнтаў (у цяжкія гады) і экспарт вельмі добра пойдзе. І дрэваапрацоўка. То нам (гаварылі. - Заўвага БЕЛТА): куды, грошы не туды ўкладваем... Яна сёння нас выратоўвае і дае вынік, і мы перапрацоўваем мясцовую сыравіну. І па вытворчасці, і па экспарце дабавілі. Гэта значыць, там, куды мы ўклаліся і ўдзялілі асаблівую ўвагу, мы атрымалі аддачу".

Пра работу ў Расіі

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў далажыць, як ідуць справы ў плане допуску айчынных прадпрыемстваў да дзяржзакупак у Расійскай Федэрацыі. "Для мяне гэта прынцыпова. Я хачу некалькі прынцыповых пытанняў сфармуляваць для кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, каб мы маглі пры чарговай сустрэчы і ва ўрадзе, і на ўзроўні прэзідэнтаў абмеркаваць, як выконваюцца рашэнні двух прэзідэнтаў, якія мы дасягнулі ў Сочы, па кааперацыі і па продажах", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Пра якасць прадукцыі

"Нічога мы не зробім, калі не будзем павышаць якасць прадукцыі. Вы самі адзначаеце гэта пытанне. Мы вельмі шмат гаварылі. Думаю, што асабліва ў гэтым, стартавым годзе пяцігодкі, нам трэба асаблівую ўвагу звярнуць на якасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ёсць прадпрыемствы, якія вельмі моцна дабавілі ў якасці. Але некаторыя хоць крыху, але, наадварот, знізілі. "Я так разумею, гэта, перш за ўсё, рэкламацыі, якія паступаюць на прадукцыю", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Пётр Пархомчык растлумачыў, што гэта ў асноўным датычыцца новых відаў прадукцыі, выпуск якіх быў асвоены толькі нядаўна.

Пра бандыцкія санкцыі Захаду

"І яшчэ адно пытанне. Пара-тройка нашых прадпрыемстваў трапілі пад так званыя бандыцкія санкцыі з боку Захаду. Юрый Віктаравіч (Назараў. - Заўвага БЕЛТА), перадайце Галоўчанку (прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. - Заўвага БЕЛТА) і вырашыце гэта пытанне ва ўрадзе: мы павінны сіметрычна адказаць на гэта. Яны ўвялі супраць нашых прадпрыемстваў санкцыі. Мы павінны паглядзець, якія краіны гэта зрабілі, і мы павінны адпаведным чынам адрэагаваць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў Беларусі працуюць некалькі тысяч замежных прадпрыемстваў - дробныя, сярэднія, буйныя. "Яны (краіны, якія ўвялі санкцыі. - Заўвага БЕЛТА) павінны разумець. У нас добра з імі - добра гэтым прадпрыемствам, калі яны зрабілі крокі ў няправільным напрамку і пачынаюць нас нахіляць, мы павінны сіметрычна адказаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не трэба баяцца, трэба ўжо ім паказваць зубы. Але, тым не менш, свае прадпрыемствы, такія як МЗКЦ, "Амкадор", яшчэ там адно-два, мы павінны іх падтрымаць. Якім чынам, я хацеў бы паслухаць", - дадаў беларускі лідар.

Пра важнейшыя інвестыцыйныя праекты

Яшчэ адно пытанне, якое абазначыў Прэзідэнт, гэта работа па развіцці і рэалізацыі важнейшых інвестыцыйных праектаў. "Па старой вашай службе (Юрый Назараў да назначэння на пасаду віцэ-прэм'ера ўзначальваў канцэрн "Беллеспаперапрам". - Заўвага БЕЛТА), цяпер па новай - Шклоў, Добруш, Светлагорск (размова пра рэалізуемыя праекты ў сферы цэлюлозна-папяровай прамысловасці. - Заўвага БЕЛТА)", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна ён звярнуў увагу на пытанне далейшага развіцця вытворчасці на пляцоўцы "Гродна Азота". Як вядома, размова ідзе пра будаўніцтва новага комплексу па вытворчасці азотных угнаенняў. "Як будзем будаваць, за якія грошы, з кім? Але калі мы вырашылі пабудаваць, значыць, трэба будаваць, калі гэта перспектыўнае прадпрыемства. Гэта будзе асноўнае прадпрыемства на пяцігодку. Вядома, пяць гадоў мы яго будаваць не будзем, але, тым не менш, трэба сучаснае прадпрыемства па вытворчасці азотных угнаенняў пабудаваць. Таму што на сённяшні дзень ёсць попыт, і ён будзе. Таму што не хапае прадуктаў харчавання ў свеце. А прадуктаў харчавання без угнаенняў не бывае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках дакладу

Пётр Пархомчык пасля дакладу кіраўніку дзяржавы расказаў журналістам, што стаіць задача літаральна з першага квартала бягучага года забяспечыць дадатную дынаміку па аб'ёмах вытворчасці ў прамысловасці, не павышаючы пры гэтым складскіх запасаў. У прыярытэце - экспарт і дыверсіфікацыя паставак.

Дарэчы, складскія запасы па стане на канец 2020 года ў параўнанні з вынікамі першага паўгоддзя скараціліся на Br303 млн. Часовыя цяжкасці былі абумоўлены сітуацыяй у свеце на фоне пандэміі, аднак з другога паўгоддзя сітуацыя на рынках змянілася ў лепшы бок.

Пётр Пархомчык далажыў Прэзідэнту і аб рабоце прампрадпрыемстваў Аршанскага кластара. Як вядома, сітуацыя ў гэтым раёне знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы. Прадпрыемствы па выніках года спрацавалі з дадатнай дынамікай і чыстым прыбыткам, вырасла заработная плата. Разгледжаны праекты, якія павінны быць там рэалізаваны ў межах 2021-2023 гадоў. Усе яны ў стадыі развіцця, і міністр упэўнены, што даручэнні будуць выкананы.

Па просьбе журналістаў Пётр Пархомчык пракаменціраваў і тэму санкцый, што мусіруецца на Захадзе, адносна некаторых прадпрыемстваў у Беларусі. Пакуль канкрэтыкі ў гэтым пытанні няма, аднак міністр канстатаваў, што ёсць некаторыя перадумовы. "Ёсць асобныя прадпрыемствы ў Фінляндыі, Германіі, якія зацягваюць пытанні паставак якіх-небудзь камплектуючых. Што будзе далей, гэта пакажа ўжо час. Але наша задача - знаходзіць рашэнні з дапамогай тых механізмаў, якія ёсць у нашых руках, займацца пытаннямі імпартазамяшчэння, лакалізацыі гэтых кампанентаў", - сказаў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
VI Усебеларускі народны сход