16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў вынікі работы эканомікі за мінулы перыяд 2025 года пакуль неадназначнымі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 16 кастрычніка на нарадзе аб праектах прагнозных дакументаў на 2026 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На парадку дня мерапрыемства - праекты дакументаў па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, прагноз работы эканомікі і бюджэт на наступны год.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў гэтым годзе завяршаецца рэалізацыя шостай пяцігадовай праграмы. І да канца 2025-га трэба прыкласці неймаверныя намаганні, каб выканаць усе даведзеныя параметры.
"Пакуль карціна неадназначная, - сказаў Прэзідэнт. - З аднаго боку, ёсць відавочны вынік: стабільна растуць рэальная зарплата, агульныя даходы насельніцтва. Двойчы ў гэтым годзе ўдалося падняць пенсіі. У нас моцная нацыянальная валюта. Рэкордна павялічваюцца золатавалютныя рэзервы (але ўжо нават лібералы задаюць пытанне, ці трэба нам гэта ў такім аб'ёме і чаму мы пры такім дэфіцыце валюты, грашовых сродкаў замарожваем добраахвотна існуючыя ў нас рэзервы)".
"З іншага боку, ёсць бягучы спад у шэрагу традыцыйных галін. Тры з пяці важнейшых параметраў прагнозу на гэты год не выконваюцца (пакуль), - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Валавы ўнутраны прадукт павялічыўся менш як на 2 працэнты за 8 месяцаў".
Ёсць пытанні ў кіраўніка дзяржавы да вынікаў работы аграрнага сектара, дзе, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, змаглі ўбраць нядрэнны ўраджай, але па тэмпах росту пакуль не ўдалося наблізіцца да ўзроўню мінулага года (99 працэнтаў). Хоць з вялікай доляй упэўненасці можна гаварыць, што да канца года паказчык вырасце і перасягне 100 працэнтаў, таму што тэрміны вегетацыі раслін і, адпаведна, уборачнай кампаніі зрушыліся.
"Па сітуацыі ў галіне пастаўлены персанальныя задачы ўсім адказным асобам, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым хачу папярэдзіць: любое хоць найменшае невыкананне не толькі маіх даручэнняў, а нашых дамоўленасцей і рашэнняў будзе вельмі жорстка карацца. А то мы збіраемся, усюды на ўсіх узроўнях крычым аб тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліне. А самі?"
У ліку недахопаў у рабоце эканомікі Прэзідэнт адзначыў прасяданне паказчыкаў у прамысловасці - 99,2 працэнта. "Больш таго, пагаршэнне дынамікі яе работы назіраецца пачынаючы з першага квартала (у сярэднім штомесяц на паўпрацэнта)", - заўважыў ён.
Што датычыцца экспарту тавараў, то тэмп продажаў у апошнія месяцы застыў на ўзроўні 97-98 працэнтаў. "Гэта значыць, недаатрымана мінімум каля $650 млн. І страчваем там, дзе, здавалася б, павінны зарабляць, - на нашых флагманскіх таварах: трактарах, камбайнах, фарбах, шынах, сметанковым масле, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - У выніку вырабленая прадукцыя асядае на складах, узровень запасаў пяты месяц не апускаецца ніжэй за 80 працэнтаў. Як вынік, сальда знешняга гандлю застаецца ўстойліва адмоўным.
Неадназначная карціна складваецца і ў сферы інвестыцый. Нягледзячы на іх агульны рост, аб'ём пакуль далёкі нават ад простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі (каля 19 працэнтаў ВУП).
Больш падрабязна абмеркаваць бягучыя вынікі работы эканомікі плануецца праз два тыдні на пашыраным пасяджэнні з удзелам Прэзідэнта, апарату ўрада і запрошаных.