Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

27 Dec 2016

Падзеі 2016 года ў Беларусі

Падзеі  2016 года ў Беларусі

Парламенцкія выбары

11 верасня ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

У новы склад парламента выбраны 110 дэпутатаў. Сярод іх 38 жанчын і 72 мужчыны. Сярэдні ўзрост нававыбраных парламентарыяў - 49,7 года.

Яўка выбаршчыкаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў склала 74,8 працэнта. У лічбах гэта 5 212 745 выбаршчыкаў. Дэпутаты былі выбраны па ўсіх 110 акругах. Дзякуючы палітычнай і грамадзянскай актыўнасці выбаршчыкаў парламенцкія выбары прайшлі ў адзін тур.Парламенцкія выбары

Павышэнне пенсійнага ўзросту

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка 2016 года падпісаў указ нумар 137 "Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння". Дакументам прадугледжваецца з 1 студзеня 2017 года паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі - 58 гадоў; аналагічнае павелічэнне (на 3 гады за 6 гадоў) узросту, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў; суразмернае агульнаграмадзянскаму паступовае павышэнне гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе ваеннаслужачых.

Завершыцца паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту тады, калі ў другой палавіне 2022 года на пенсію выйдуць мужчыны, якія нарадзіліся ў другім паўгоддзі 1959 года, і жанчыны, якія нарадзіліся ў другой палавіне 1964 года.

Адаптацыя пенсійнай сістэмы да новых рэалій праводзіцца ў Беларусі спакойна і паступова. Рашэнне па пенсійным узросце нельга было больш адкладваць - упусціўшы гэты момант цяпер, у далейшым не ўдалося б павышаць пенсійны ўзрост плаўна і паступова. Таму што ўдзельная вага людзей пенсійнага ўзросту ў агульнай колькасці насельніцтва пастаянна павялічваецца, і да 2020 года на 100 работнікаў ужо прыпадала б 66 пенсіянераў, а ў 2030 годзе - 78.

Перасадка комплексу "сэрца-лёгкія"Перасадка комплексу "сэрца-лёгкія"

2 лістапада беларускія медыкі ўпершыню правялі аперацыю па перасадцы комплексу "сэрца-лёгкія", якая лічыцца вельмі складанай у сусветнай транспланталогіі. Дзякуючы прафесіяналізму беларускіх медыкаў для многіх людзей з'явілася надзея прадоўжыць жыццё не менш як на 10 гадоў.

Аперацыя доўжылася 9 гадзін. Кіраваў ёю акадэмік Юрый Астроўскі, якога ў РНПЦ "Кардыялогія" называюць ідэйным натхняльнікам гэтай каласальнай работы. Увогуле пры правядзенні аперацыі было задзейнічана каля 20 чалавек, у тым ліку анестэзіёлагі-рэаніматолагі, каардынатары, урачы, якія рыхтавалі рэцыпіента да трансплантацыі.

Што датычыцца рэцыпіента, цяпер яму 33 гады, у ліст чакання быў пастаўлены ў сакавіку 2016 года. Каб правесці трансплантацыю, неабходна было падабраць донара, які падыходзіў бы па многіх параметрах, у тым ліку росце і вазе. Падбор неабходнага донара заняў 6-7 месяцаў. Праз месяц пасля аперацыі ён быў выпісаны. Цяпер стан здароўя пацыента ацэньваецца як добры. Малады чалавек перыядычна прыязджае ў РНПЦ для праходжання кантрольнага агляду. Усе неабходныя лекавыя сродкі ён атрымлівае бясплатна.

У чарзе на трансплантацыю комплексу "сэрца-лёгкія" ўжо знаходзяцца 15 рэцыпіентаў.

Правядзенне дэнамінацыіПравядзенне дэнамінацыі

Беларусь з 1 ліпеня 2016 года перайшла на новыя грошы. Рашэнне аб правядзенні дэнамінацыі было замацавана ўказам ад 4 лістапада 2015 года нумар 450.

На змену грашам узору 2000 года прыйшлі банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10 000 і 1 беларускі рубель. Агульная канцэпцыя дызайну новых банкнотаў адпавядае дэвізу "Мая краіна - Беларусь". На банкнотах паказаны помнікі архітэктуры Беларусі: Камянецкая вежа, Спаса-Праабражэнская царква, палац Румянцавых і Паскевічаў, Нясвіжскі і Мірскі замкі, музей Масленікава, Нацыянальная бібліятэка.

Дэнамінацыя прайшла спакойна. Такі вынік далі зладжаныя дзеянні гандлю і банкаўскай сістэмы. Неабгрунтаванага змянення цэн у сувязі з дэнамінацыяй выяўлена не было. Прэтэнзій, скаргаў і пытанняў ад насельніцтва практычна не паступала.

Народны настаўнік Беларусі Валерый БарашкоўНародны настаўнік Беларусі

Упершыню ў гісторыі краіны прысвоена ганаровае званне "Народны настаўнік Беларусі". Адпаведны ўказ падпісаў 24 лістапада Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Уладальнікам гэтага прэстыжнага звання стаў настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя нумар 1 Валерый Барашкоў.

Лепшы настаўнік краіны пачынаў свой працоўны шлях малодшым навуковым супрацоўнікам Магілёўскага філіяла Інстытута фізікі АН БССР. Аднак у выніку замест кар'еры вучонага выбраў настаўніцкі хлеб і прысвяціў сваё жыццё школе - у адукацыі Валерый Васільевіч ужо больш за 40 гадоў. Прапрацаваў 17 гадоў настаўнікам фізікі ў Асінаўскай сярэдняй школе Чавускага раёна, затым стаў выкладаць любімы прадмет у Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі нумар 1.

За гады работы ў ліцэі Валерый Барашкоў падрыхтаваў больш за 200 пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Яго вучні заваявалі 9 медалёў і 1 пахвальны водзыў на міжнародных алімпіядах па фізіцы, якія праходзілі ў Нарвегіі, Канадзе, Англіі, Ісландыі і іншых краінах.

Рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланэз"Рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланэз"

Найноўшая распрацоўка беларускага ваенна-прамысловага комплексу - рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) вялікай далёкасці "Паланэз" - была прынята на ўзбраенне 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады Узброеных Сіл Беларусі.

Гэта суперсучасная зброя найноўшага пакалення. "Паланэз" адпавядае лепшым узорам замежных сістэм рэактыўнай артылерыі. Многія тэхнічныя рашэнні, рэалізаваныя ў РСЗА, не маюць аналагаў у свеце.

Самая магутная зброя беларускай арміі прызначана для паражэння адкрыта размешчанай і ўкрытай жывой сілы, небраніраванай і браніраванай ваеннай і ваенна-спецыяльнай тэхнікі, артылерыі, ракетных і зенітных ракетных комплексаў, авіяцыйнай тэхнікі на аэрадромах базіравання і іншых аб'ектаў на далёкасці ад 50 км да 200 км з высокай дакладнасцю. Кожная баявая машына гэтай сістэмы здольна адначасова нанесці кропкавы ўдар па васьмі цэлях, прычым адхіленне ад зададзеных каардынат на максімальнай дыстанцыі не перасягае 30 м.

Першыя баявыя пускі РСЗА "Паланэз" былі зроблены 16 чэрвеня 2016 года на тэрыторыі Гомельскай вобласці разлікамі падраздзяленняў ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл, у ходзе якіх пацверджаны ўнікальныя характарыстыкі гэтай сістэмы, яе эфектыўнасць і надзейнасць.

Запуск спадарожніка "Белінтэрсат-1"

Першы беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік "Белінтэрсат-1" 15 студзеня ў 19.57 па мінскім часе запушчаны з касмадрома Січан у Кітаі, паклаўшы пачатак якасна новаму этапу ў развіцці сувязі. З яго запускам Беларусь увайшла ў прэстыжны спіс крыху больш як трох дзясяткаў краін, якія маюць спадарожнік уласнай сістэмы сувязі.

"Белінтэрсат-1" стаў ключавым элементам нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Рэспублікі Беларусь. Спадарожнік разлічаны на прадастаўленне поўнага спектра сучасных паслуг спадарожнікавай сувязі ў Еўропе, Афрыцы і Азіі.

Спадарожнік "Белінтэрсат-1" спраектаваны і пабудаваны буйнейшай дзяржкампаніяй КНР China Aerospace Science and Technology. Памеры спадарожніка супастаўныя з легкавым аўтамабілем, вага - больш за 5,2 т. У "Белінтэрсат-1" ёсць сонечная батарэя з даўжынёй крылаў 22 м у раскладзеным выглядзе. Спадарожнік разлічаны на 15 гадоў работы.

Ліпеньскі тарнада

У ліпені 2016 года на Беларусь абрушылася стыхія такой сілы, што відавочцы празвалі яе тарнада.

Парывы ветру вырывалі з коранем стагадовыя дрэвы, перамяшчалі самалёты ў аэрапорце, ламалі білборды, рэкламныя шчыты і дарожныя знакі, разбуралі цэлыя вёскі. Патокі вады затапілі падвалы дамоў, машыны. Вуліцы гарадоў сталі падобнымі да каналаў Венецыі.

Па ўсёй краіне былі пашкоджаны дрэвы на плошчы амаль 12,8 тыс. га. Гэта стала самым маштабным бедствам за ўсю гісторыю лесаводства ў Беларусі. Сур'ёзней за ўсё пацярпелі Бярэзінскі, Дзяржынскі, Мінскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці і Мазырскі раён Гомельскай вобласці.

У 638 населеных пунктах рэспублікі было парушана энергазабеспячэнне. У яго аднаўленні было задзейнічана больш за 200 брыгад і каля 220 адзінак тэхнікі.

6 залатых медалёў Ігара Бокага ў Рыа6 залатых медалёў Ігара Бокага ў Рыа

Ігар Бокій узначаліў спіс медалістаў XV летніх Паралімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра, заваяваўшы найбольшую колькасць залатых узнагарод.

22-гадовы чэмпіён сем разоў падымаўся на п'едэстал гонару, заваяваўшы шэсць залатых і адзін бронзавы медаль. Ігар Бокій стаў лепшым на дыстанцыях у плаванні на 100 м на спіне, 100 м батэрфляем, 200 м комплексным плаваннем, 50, 100 і 400 м вольным стылем. У яго на рахунку два рэкорды свету, шэсць рэкордаў Паралімпійскіх гульняў.

На сённяшні дзень Ігар Бокій з'яўляецца адзінаццаціразовым паралімпійскім чэмпіёнам. У 2012 годзе на Паралімпіядзе ў Лондане ўраджэнец Бабруйска пяць разоў падымаўся на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару і заваяваў адну сярэбраную ўзнагароду. За паспяховае выступленне на лонданскіх Гульнях ён атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Бабруйска.

За свае дасягненні на XV летніх Паралімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра Ігар Бокій удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды - ордэна Айчыны ІІІ ступені.

45 пасяджэнне Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаўПрава на правядзенне Еўрагульняў-2019

Беларусь атрымала права правядзення ў 2019 годзе другіх Еўрапейскіх гульняў. Рашэнне аб гэтым было прынята па выніках галасавання на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), якое прайшло ў кастрычніку ў Мінску.

Правядзенне такіх маштабных спаборніцтваў павысіць імідж краіны. Пры гэтым затраты на іх арганізацыю будуць невялікія, таму што ў Мінску ўжо ёсць добра развітая інфраструктура: сучасныя спарткомплексы і дастатковая колькасць атэляў адпаведнага ўзроўню.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова правесці на самым высокім узроўні другія Еўрапейскія гульні. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што акцэнт будзе зроблены на душэўнасці і стварэнні камфортных умоў для спартсменаў і балельшчыкаў. "Трэба зрабіць так, каб спартсмены адчувалі сябе ідэальна і паказвалі або імкнуліся паказаць самыя высокія вынікі, каб фанаты і балельшчыкі адчувалі, што гэта свята, каб гэтыя спаборніцтвы аб'ядноўвалі ўсіх не толькі ў краіне правядзення, але і ў свеце ў цэлым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён паведаміў, што Беларусь патраціць на арганізацыю і правядзенне другіх Еўрапейскіх гульняў каля $50 млн.

Вікторыя Азаранка Бэбі-бум чэмпіёнак

У 2016 годзе адразу дзве знакамітыя беларускія спартсменкі - Дар'я Домрачава і Вікторыя Азаранка - сталі мамамі.

У сям'і трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай і знакамітага нарвежскага біятланіста Уле-Эйнар Б'ёрндалена 1 кастрычніка нарадзілася дачка Ксенія. Роды прайшлі ў 6-м радзільным доме Мінска. У сацыяльных сетках Дар'я Домрачава падзякавала медперсаналу бальніцы, які дапамог "здзейсніцца цуду".

Ужо праз чатыры тыдні пасля нараджэння дачкі Дар'я Домрачава пачала трэніроўкі. Першы этап падрыхтоўкі прайшоў у беларускіх Раўбічах, затым яна пераехала ў нарвежскі Шушэн. Разам з мужам яна рыхтуецца да будучага сезона Кубка свету, які пройдзе з 5 па 8 студзеня 2017 года ў нямецкім Оберхофе.

Зорка сусветнага тэніса і першая ракетка Беларусі Вікторыя Азаранка 20 снежня нарадзіла сына. Паводле слоў тытулаванай спартсменкі, дзіця нарадзілася здаровым і шчаслівым. "Сёння быў мой самы цяжкі бой і мая лепшая перамога. Наш сын нарадзіўся здаровым і шчаслівым! Такая ўдзячная і шчаслівая! Дзякуй!" - напісала Вікторыя на сваёй старонцы ў Instagram.

Бацька дзіцяці - Білі Крыс Вайдман - таксама спартсмен. Ён з'яўляецца абаронцам клуба Нацыянальнай хакейнай лігі "Атава Сенаторз".

Вікторыя Азаранка запэўніла, што не збіраецца пакідаць спорт, а наадварот, натхнёная гісторыямі іншых жанчын-спартсменак, якія пасля нараджэння дзяцей дасягалі яшчэ большых вышынь у сваёй прафесійнай кар'еры, хоча зрабіць тое ж самае. Вяртанне Вікторыі ў вялікі спорт чакаецца ў 2017 годзе. Адным з самых важных турніраў для яе стане Адкрыты чэмпіянат ЗША.

Кодэкс аб культуры

Першы ў гісторыі Беларусі Кодэкс аб культуры прыняты 25 ліпеня. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Сімвалічна, што дакумент з'явіўся ў Год культуры.

Кодэкс аб культуры не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. На пасяджэнні XXXI Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД прынята рашэнне, што ён будзе рэкамендаваны для ўсіх краін - удзельніц Садружнасці ў якасці базавай мадэлі.

Работа над Кодэксам аб культуры пачалася яшчэ ў 2011 годзе, у 2013 годзе была створана канцэпцыя. У працэсе падрыхтоўкі дакумента яго выносілі на грамадскае абмеркаванне, сваё бачанне пытання маглі агучыць як спецыялісты, так і проста зацікаўленыя грамадзяне.

Кодэкс складаецца з пяці раздзелаў ("Асновы прававога рэгулявання ў сферы культуры", "Суб'екты культурнай дзейнасці", "Культурныя каштоўнасці", "Культурная дзейнасць", заключныя палажэнні) і 257 артыкулаў. Звод норм у сферы культуры заняў больш як 200 старонак.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі