Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

27 Nov 2019

Пачаўся візіт Лукашэнкі ў Кыргызстан, дзе пройдзе саміт АДКБ

Пачаўся візіт Лукашэнкі ў Кыргызстан, дзе пройдзе саміт АДКБ

27 лістапада, Бішкек /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Кыргызстан, дзе прыме ўдзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Самалёт кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку ў Міжнародным аэрапорце Манас у Бішкеку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Афіцыйныя мерапрыемствы саміту запланаваны на 28 лістапада ў дзяржаўнай рэзідэнцыі "Ала-Арча", аднак у лідараў краін ёсць магчымасць для сустрэчы напярэдадні ў час нефармальнай вячэры ад імя Прэзідэнта Кыргызстана ў гонар кіраўнікоў дзяржаў АДКБ.

У Бішкеку адбылося сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі арганізацыі, у ходзе якога абмеркаваны амаль два дзясяткі пытанняў, большасць з якіх выносіцца на сесію Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) з удзелам лідараў краін.

Плануецца, што Аляксандр Лукашэнка на сесіі СКБ абазначыць пазіцыю і асноўныя прапановы беларускага боку па развіцці і ўмацаванні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі ў розных яе сегментах. Пытанні парадку дня спачатку будуць разгледжаны ў вузкім складзе, а затым у фармаце пленарнага пасяджэння з удзелам кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, міністэрстваў абароны, сакратароў саветаў бяспекі. Па выніках сесіі СКБ плануецца падпісаць шэраг дакументаў. Традыцыйна на палях саміту кіраўнік беларускай дзяржавы правядзе сустрэчы і перагаворы з замежнымі калегамі.

Як інфармуе сайт АДКБ, на парадку дня саміту - абмеркаванне праблем міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, пытанні ўмацавання таджыкска-афганскай граніцы, узаемадзеянне з ААН па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі і каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці дзяржаў - членаў АДКБ, развіццё ваеннага патэнцыялу арганізацыі і ўдасканаленне механізмаў процідзеяння выклікам і пагрозам, у тым ліку ў сферы інфармацыйнай бяспекі, а таксама мерапрыемствы па святкаванні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Плануецца прыняцце заявы СКБ аб удасканаленні ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва для ўмацавання міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Як чакаецца, будзе падпісаны План калектыўных дзеянняў дзяржаў - членаў АДКБ па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН на 2019-2021 гады, які прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ва ўдасканаленні ўсёй сістэмы процідзеяння тэрарыстычным выклікам і пагрозам. Ён быў распрацаваны зыходзячы з прынцыповай пазіцыі АДКБ па фарміраванні шырокай міжнароднай антытэрарыстычнай кааліцыі.

У парадак дня ўключаны праект рашэння аб пераліку дадатковых мер, накіраваных на зніжэнне напружанасці ў таджыкска-афганскім прыграніччы.

Плануецца таксама прыняцце рашэнняў СКБ, якія датычацца ўнясення змяненняў у нарматыўныя прававыя акты АДКБ, у Палажэнне аб Савеце калектыўнай бяспекі АДКБ, у Правілы працэдуры органаў АДКБ. На разгляд будуць вынесены пытанні далейшага ўдасканалення ваеннага складніка арганізацыі, у прыватнасці праект Палажэння аб парадку падрыхтоўкі і правядзення сумесных вучэнняў у фармаце АДКБ.

Будзе разгледжаны і вынесены на падпісанне праект рашэння, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Палажэнне аб аперацыі пастаяннага дзеяння дзяржаў - членаў АДКБ па процідзеянні злачынствам у сферы інфармацыйных тэхналогій (аперацыя "ПРОКСІ").

На пасяджэнні СКБ таксама плануецца зацвердзіць План мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Плануецца, што старшынства ў АДКБ на наступны міжсесіённы перыяд у 2019-2020 гадах пяройдзе Расіі. З 1 студзеня 2020 года пасаду генеральнага сакратара АДКБ зойме прадстаўнік Беларусі Станіслаў Зась, які цяпер з'яўляецца дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі. Раней яго кандыдатура была падтрымана ўсімі членамі СКБ.

Варта адзначыць, што супрацоўніцтва ў пытаннях забеспячэння і ўмацавання бяспекі ў фармаце АДКБ ажыццяўляецца па шэрагу напрамкаў - у палітычнай сферы, па лініі парламенцкай дзейнасці, у ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах, у справе процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму, барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў, нелегальнай міграцыяй, у сферах інфармацыйнай бяспекі, папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі