Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

8 Jun 2017

Пачаўся рабочы візіт Лукашэнкі ў Казахстан

Пачаўся рабочы візіт Лукашэнкі ў Казахстан

8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Казахстан. Самалёт кіраўніка дзяржавы зрабіў пасадку ў аэрапорце Астаны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. У сваім выступленні на саміце ён агучыць пазіцыю беларускага боку па пытаннях далейшага развіцця арганізацыі, у тым ліку яе эканамічнага вымярэння. Беларусь у якасці наглядальніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прымае актыўны ўдзел у шырокім коле мерапрыемстваў па ўсіх асноўных вымярэннях: палітыка-дыпламатычным, гандлёва-эканамічным і культурна-гуманітарным.

Прэзідэнт Беларусі таксама прыме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ЭКСПА-2017" у Астане, дзе прадстаўлены і беларускі павільён.

Пасол Беларусі ў Казахстане Анатоль Нічкасаў у інтэрв'ю журналістам адзначыў, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва прыцягвае ў сваю дзейнасць краіны, якія зацікаўлены не толькі ў забеспячэнні бяспекі на гэтай велізарнай прасторы. "У апошнія гады арганізацыя звярнула сваю ўвагу на эканамічнае і сацыяльнае вымярэнне, што поўнасцю адпавядае той палітыцы, якую праводзіць Беларусь. Думаю, менавіта таму Беларусь стала краінай-наглядальнікам і прымае самы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца арганізацыяй, на самым высокім узроўні", - сказаў пасол.

На саміце ў Астане таксама будуць разгледжаны пытанні, звязаныя з прыёмам новых членаў - Індыі і Пакістана.

"Сёння мы бачым рэальную карысць для Беларусі ў пашырэнні ўзаемадзеяння ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва", - заявіў Анатоль Нічкасаў. У першую чаргу ён вылучыў транзітныя магчымасці Беларусі, пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне перавозак. Акрамя гэтага, розныя фінансавыя інстытуты праяўляюць зацікаўленасць у тым, каб аб'яднаць свае намаганні і магчымасці для інвесціравання ў развіццё перш за ўсё інфраструктуры партоў, чыгунак, аўтастрад.

Пра беларускую экспазіцыю "ЭКСПА-2017" журналістам расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін. Нацыянальны павільён будзе максімальна інтэрактыўным, наведвальнікі змогуць даведацца аб найноўшых распрацоўках беларускіх вучоных і прамысловай прадукцыі ў самых розных галінах. "Беларусь - высокатэхналагічная краіна. Нам ёсць што прапанаваць усяму свету. І ў нас адкрытая эканоміка. Для таго, каб прасоўваць свае тавары на экспарт, нам, вядома, трэба рэкламаваць сябе на міжнароднай арэне, для чаго мы і прадстаўляем тут свае лепшыя распрацоўкі", - адзначыў Аляксандр Шумілін.

Асобна будуць прэзентаваны і інвестыцыйныя магчымасці Беларусі, у тым ліку беларуска-кітайскі індустрыяльны парк як пляцоўка для магчымых укладанняў і стварэння сумесных вытворчасцей.

У Астане таксама запланавана двухбаковая сустрэча Прэзідэнта Беларусі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць парадак дня беларуска-казахстанскіх адносін, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі