Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

18 Снж 2020

"Інтэграцыя - непазбежная неабходнасць" - Лукашэнка агучыў прыярытэты старшынства Беларусі ў СНД


18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Умацаванне інтэграцыйных механізмаў на постсавецкай прасторы - непазбежная неабходнасць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час анлайн-пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Умацаванне інтэграцыйных механізмаў на постсавецкай прасторы - не пытанне выбару, а непазбежная неабходнасць. Лічу, што аб выгадах можна будзе гаварыць толькі тады, калі мы поўнасцю раскрыем патэнцыял нашай Садружнасці. Гэта стане адным з галоўных прыярытэтаў беларускага старшынства ў СНД у наступным годзе, калі мы прымем тут адпаведнае рашэнне, якое ўжо ўзгоднена", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што канцэпцыю свайго старшынства Беларусь традыцыйна абнародуе пазней, але асноўныя яе контуры ён абазначыць цяпер.

Развіццё агульнай эканамічнай прасторы

"Мы маем намер сканцэнтраваць увагу на ўзмацненні ролі Садружнасці для паляпшэння ўзроўню жыцця насельніцтва, на вырашэнні праблем, выкліканых глабалізацыяй і новымі выклікамі сучаснасці", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Асноўны акцэнт беларускі бок плануе зрабіць на развіцці агульнай эканамічнай прасторы, лібералізацыі гандлю, скарачэнні да мінімуму абмежаванняў і выключэнняў, устараненні тэхнічных бар'ераў, уніфікацыі правіл і працэдур дзяржзакупак, фарміраванні агульных рынкаў тавараў і паслуг.

Спалучэнне працэсаў у СНД і ЕАЭС

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена рабоце па спалучэнні шматузроўневых інтэграцыйных працэсаў у СНД і ЕАЭС. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што пры больш цесным супрацоўніцтве выканаўчых органаў гэтых двух аб'яднанняў краіны змогуць значна ўмацаваць свае сувязі. "Як мінімум мы не павінны дапусціць сітуацыю, калі больш глыбокая інтэграцыя ў Еўразійскім эканамічным саюзе павернецца нейкай раздзяляльнай лініяй у гандлёва-эканамічных адносінах "пяцёркі" і іншых краінах Садружнасці", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на постсавецкай прасторы ў свой час было створана шмат інтэграцыйных структур. Былі прапановы спыніць дзейнасць некаторых з іх або аб'яднаць, але на гэта краіны не пайшлі. "Гэта інтэграцыйнае будаўніцтва ахарактарызавалі як рознаўзроўневую інтэграцыю. Самы высокі ўзровень, вядома ж, у саюзе Беларусі і Расіі (Саюзнай дзяржаве), Еўразійскім эканамічным саюзе і СНД. І тады мы дамовіліся, што будзем знізу ўверх падцягваць узровень супрацоўніцтва. Вось у дадзеным выпадку размова ідзе аб СНД і Еўразійскім эканамічным саюзе - каб у рамках СНД стварыць такі ж узровень супрацоўніцтва, хаця б як у ЕАЭС", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, таксама трэба прадоўжыць сістэмнае і паслядоўнае ўдасканаленне скаардынаванай транспартнай палітыкі, пошук канкрэтных рашэнняў па пастаўках энергарэсурсаў. "Бачым неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы міжгаліновых органаў СНД, накіраванай на актывізацыю інвестыцыйнай дзейнасці, пашырэнне вытворчай кааперацыі, пошук агульных кропак эканамічнага росту", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка згадаў выказаную на саміце прапанову Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, які запрасіў краіны СНД прыняць удзел у аднаўленні населеных пунктаў у Нагорным Карабаху. На нядаўнім саміце ЕАЭС кааперацыю ў авіябудаванні прапанаваў і расійскі бок, нагадаў беларускі лідар. "Гэта якраз тое, што нам сёння патрэбна, чаго не хапае і ў ЕАЭС, і ў СНД. Каб інтарэс быў, каб мы прывязваліся адзін да аднаго: тады будзе вельмі складана адарваць адну дзяржаву ад другой", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Умацаванне гуманітарных сувязей

Важнай задачай Аляксандр Лукашэнка лічыць і правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галіне тэхнічнага рэгулявання стандартызацыі, метралогіі, ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі, прымянення санітарных і ветэрынарных мер як важных сродкаў забеспячэння выпуску бяспечных, якасных і канкурэнтаздольных прадукцыі і паслуг.

Традыцыйна Беларусь будзе ўдзяляць вялікую ўвагу ўмацаванню гуманітарных сувязей, пашырэнню кантактаў у навуковых галінах, сферах адукацыі, аховы здароўя, інфармацыі, культуры, спорту і турызму, работы з моладдзю, павышэнню іміджу Садружнасці на міжнароднай арэне. У час старшынства ў СНД беларускі бок таксама паспрабуе ажыццявіць і ініцыятывы Узбекістана, якія краіна не паспела рэалізаваць у адыходзячым годзе.

"Наша стратэгічная мэта - стварэнне шырокай еўразійскай зоны супрацоўніцтва, а таксама ўмацаванне міру, дружбы, добрасуседства і ўзаемавыгадных адносін у рэгіёне", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі