Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

2 Feb 2023

Не трактарам адзіным. На прыкладзе візіту Лукашэнкі ў Зімбабвэ разбіраемся, якія перспектывы ў Беларусі ў Афрыцы

Не трактарам адзіным. На прыкладзе візіту Лукашэнкі ў Зімбабвэ разбіраемся, якія перспектывы ў Беларусі ў Афрыцы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў пачатку 2023 года наведаў Зімбабвэ. Першы візіт беларускага лідара ў краіну "каменных дамоў" прайшоў на дзяржаўным узроўні. На мове дыпламатыі гэта найвышэйшы пратакольны статус візіту. У новым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" мы разбіраемся, навошта Беларусь прадаўжае змагацца за афрыканскія рынкі, якія флагманскія праекты ўжо запушчаны ў паўднёвых краінах і чаму Аляксандр Лукашэнка заклікаў сусветных лідараў укладвацца не ў зброю, а ў развіццё Афрыканскага кантынента.

Як беларусы дапамагалі Афрыцы ў антыкаланіяльнай барацьбе

З краінамі Афрыканскага кантынента Беларусь супрацоўнічае яшчэ з савецкіх часоў. У 60-я гады мінулага стагоддзя, калі яны сталі набываць сваю незалежнасць, беларускія дыпламаты ўдзельнічалі ў абмеркаванні кангалезскіх падзей на пляцоўцы Генеральнай Асамблеі ААН.

Абвяшчэнне незалежнасці бельгійскага Конга выклікала найвастрэйшы міжнародны крызіс.

Сітуацыю ў гэтай афрыканскай краіне беларуская дэлегацыя ацаніла як "агрэсію заходніх дзяржаў", "акт, накіраваны на рэстаўрацыю каланіяльнага рэжыму". Дыпламаты паказалі эканамічныя прычыны зацікаўленасці Захаду ў Конга: на долю ЗША прыпадала 60 працэнтаў кангалезскага экспарту кобальту, 64 працэнты - марганцу, 87 працэнтаў - алмазаў, амаль 100 працэнтаў - уранавай руды і літыю. У эксплуатацыі прыродных багаццяў "сэрца Афрыкі" ўдзельнічалі таксама бельгійскія, заходнегерманскія і іншыя прамыслоўцы.

Больш таго, у 1956 годзе амерыканская місія падрыхтавала даклад для Сената ЗША. У дакуменце адзначалася, што мэта Злучаных Штатаў у Афрыцы - доступ да сыравіны для забеспячэння стратэгічных патрэб. Беларуская ССР, як і ўвесь Савецкі Саюз, наадварот, выступала за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць афрыканскіх дзяржаў. Мінула некалькі дзесяцігоддзяў - у падыходах Беларусі нічога не змянілася.

"Вельмі асцярожна, акуратна мы спрабуем рухацца і ў афрыканскім напрамку. Нам жа шмат не трэба, нам трэба роўна столькі, каб наш народ нармальна жыў, і пад гэта мы будзем вярстаць сваю знешнюю палітыку. Спакойная, нацэленая на раўнапраўнае супрацоўніцтва і ўзаемную выгаду знешняя палітыка Беларусі - залог таго, што кола нашых партнёраў прадоўжыць пашырацца, а беларускі народ будзе атрымліваць ад гэтага ўсё больш важкую аддачу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2014 годзе, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

І вось зусім нядаўняя заява. "Мы з глыбокай павагай і ўдзячнасцю ставімся да народа Зімбабвэ. Мы, і гэта я хачу асобна падкрэсліць, ідзём у Афрыку не для таго, каб несці нейкія ілюзорныя дэмакратычныя каштоўнасці. А ідзём працаваць разам з вашымі кіраўнікамі на карысць народа Зімбабвэ", - сказаў Прэзідэнт у час праведзенага візіту.

Чым Беларусь гандлюе з Афрыкай

З моманту набыцця незалежнасці Беларусь стала мэтанакіравана пашыраць сваю прысутнасць на Афрыканскім кантыненце. Рэспубліка ўстанавіла дыпламатычныя адносіны з 51 з 54 краін Афрыкі. Першыя беларускія загранустановы былі адкрыты ў Егіпце і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Сёння Беларусь мае 5 дыпламатычных прадстаўніцтваў на гэтым кантыненце: да Егіпта і ПАР дабавіліся Нігерыя, Кенія і Зімбабвэ. Яны сталі апорнай сеткай для прадаўжэння работы ў гэтым рэгіёне.

Планамерны выхад на афрыканскі рынак даў вынікі: за 2021 год тавараабарот Беларусі з краінамі Афрыкі склаў $500 млн. З іх беларускі экспарт - прыкладна $480 млн. Беларусь пастаўляе ў Афрыку сельскагаспадарчую, грузавую і кар'ерную тэхніку, металургічную прадукцыю.

"Пашырэнне сеткі загранустаноў ідзе ў рэчышчы заяўленых кіраўніком дзяржавы патрабаванняў аб тым, што МЗС павінна ш першую чаргу займацца эканамічнай дыпламатыяй, развіццём гандлёва-эканамічнага кампанента нашага супрацоўніцтва. І, адпаведна, паколькі мы пашыраем прысутнасць, мы бачым перспектывы ў канкрэтных краінах гэтага кантынента для нарошчвання двухбаковага ўзаемадзеяння. Прычым не толькі ў плане "чыстага" экспарту, але і ў плане прамысловай кааперацыі", - адзначыў начальнік упраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС Юрый Нікалайчык.

У студзені 2017 года ў егіпецкай Александрыі адкрылася зборачная вытворчасць Мінскага трактарнага завода. Цяпер МТЗ асвойвае рынак Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Цалкам магчыма, у хуткім часе тут пачнуць выпускаць пад мясцовым брэндам беларускія трактары. Свае праекты ў Егіпце прапрацоўвае і Мінскі аўтамабільны завод.

Супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі, да якой, акрамя краін Афрыкі, адносяцца дзяржавы Азіі і Лацінскай Амерыкі, не проста так стала адным з прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі. Беларусь, якая атрымала ў спадчыну ад Савецкага Саюза магутную і навукаёмістую эканоміку, вымушана дзейнічаць у розных кропках нашай планеты, каб рэалізаваць усю выпускаемую прадукцыю.

"Гэта, калі ўзяць у двукоссі, не наша віна і бяда, што нам трэба, зыходзячы з унутраных рэалій, імкнуцца прысутнічаць і на вялікім Поўдні, і ў Еўропе, і ў Расіі, іншых буйных дзяржавах, нават у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Гэта падарунак нам, які дастаўся ад Савецкага Саюза. Хоць і цяжкі падарунак - гэта тая вялікая эканоміка, навукаёмістая, разумная, якая была створана тут у нас, у Беларусі. Яна велізарная, часам нават, я сказаў бы, празмерная для нашага насельніцтва, нашай дзяржавы. Але паколькі мы вырашылі, што не будзем яе скідаць, наадварот, будзем развіваць, мы вымушаны дзейнічаць у розных кропках нашай планеты. Мы ж туды не для турыстычных паездак накіроўваемся - мы туды едзем вырашаць канкрэтныя пытанні. І нас туды клічуць. Значыць, мы запатрабаваны", - сказаў кіраўнік дзяржавы на нарадзе з кіраўнікамі загранустаноў Беларусі ў 2004 годзе.

У цяперашніх умовах супрацоўніцтва з Афрыкай, як і з іншымі традыцыйнымі партнёрамі, набывае для Беларусі дадатковае гучанне. Страты экспарту ў краіны Захаду і Украіну трэба кампенсаваць за кошт нарошчвання прысутнасці на рынках Расіі, КНР, краін Блізкага Усходу, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Прычым пастаўкі ў афрыканскія краіны ў 2023 годзе беларускія ўлады плануюць павялічыць на 10 працэнтаў. Сярод важных партнёраў у Афрыцы, куды пастаўляецца беларуская прадукцыя, - ПАР, Зімбабвэ, Ангола, Алжыр, Егіпет і Кенія.

Да чаго Лукашэнка заклікаў Захад

Аляксандр Лукашэнка некалькі гадоў таму рабіў візіты ў Егіпет, Судан. Яшчэ раней актыўна развіваліся адносіны з Лівіяй, аднак гэтаму працэсу перашкодзілі грамадзянская вайна і палітычная нестабільнасць у гэтай краіне, якія сталі ў тым ліку вынікам умяшання Захаду ва ўнутраныя справы гэтай краіны. Узаемныя інтарэсы ёсць і з іншымі афрыканскімі краінамі. А з улікам стабільна высокага росту эканомік, якія развіваюцца, значнасць беларускай прысутнасці на афрыканскім рынку толькі павышаецца.

"Сёння толькі лянівы не ідзе ў Афрыку. Для кожнага дзелавога чалавека там ёсць сфера дзейнасці. Упэўнены, развіццё нашай планеты без падключэння да гэтага Афрыканскага кантынента немагчыма. Менавіта там асноўныя рэсурсы і рэзервы зямлі. Вельмі несправядліва, што сёння Афрыка знаходзіцца на такім узроўні развіцця, ніжэйшым, чым Еўропа, і сёння гэта несправядлівасць пачынае ўстараняцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка амаль 10 гадоў таму, прымаючы даверчыя граматы ў паслоў замежных дзяржаў.

За прысутнасць у Паўднёваафрыканскім рэгіёне сёння ў прамым сэнсе змагаюцца ўсе сусветныя лідары, пачынаючы з ЗША, Кітая і Расіі. Такая ўвага да афрыканскіх краін сведчыць аб тым, што сюды трэба прыходзіць сур'ёзна і надоўга. Менавіта на гэта нацэлена Беларусь, развіваючы адносіны з Зімбабвэ.

Некалькі гадоў таму тут узялі курс на мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі. Вопыт Беларусі аказаўся запатрабаваным. За 2018-2022 гады МТЗ паставіў у Зімбабвэ больш як 1,8 тыс. адзінак тэхнікі. Прычым беларусы не проста прадалі ў Зімбабвэ свае трактары і запчасткі да іх, але і абучылі мясцовых фермераў ваджэнню і абслугоўванню гэтай тэхнікі. На бізнес-форуме ў Харарэ, які прайшоў напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Зімбабвэ, МТЗ дамовіўся аб пастаўках у 2023-2024 гадах яшчэ больш як 3,5 тыс. трактароў.

Цяпер Беларусь прапрацоўвае з Зімбабвэ стварэнне своеасаблівага хаба ў Афрыцы для гандлю сваёй прадукцыяй. Мясцовыя вытворцы не спраўляюцца з запатрабаваннямі, якія існуюць у насельніцтва. Прадукты харчавання, тэхніка, адзенне, тыя ж угнаенні - гэтага ўсяго тут не хапае. І Беларусь можа гэта ўсё прапанаваць.

Адкрыццё бізнес-форуму наведаў першы віцэ-прэзідэнт Зімбабвэ Канстанціна Чывенга. Разам з міністрам прамысловасці і гандлю ён прадэгуставаў і беларускае марожанае. Дарэчы, у яго дабавілі апельсінавы сок з вырашчаных у Зімбабвэ фруктаў. Таму атрыманы ў выніку ласунак ужо сам па сабе плён супрацоўніцтва дзвюх краін. Як гаворыцца, далей - больш.

"У Зімбабвэ існуе вялікая колькасць магчымасцей для інвесціравання ў самыя розныя галіны, такія як сельская гаспадарка, горназдабыўная прамысловасць, турызм, энергетыка, транспарт, адукацыя і многія іншыя. І я прашу нашых партнёраў з Беларусі разгледзець магчымасці інвесціраваць у нашы прадпрыемствы, паколькі ў гэтай краіне нашым прыярытэтам з'яўляецца аблягчэнне ўмоў для вядзення бізнесу. Сёння я рады быў даведацца, што нашы беларускія партнёры гатовы інвесціраваць у развіццё прамысловага супрацоўніцтва з Зімбабвэ", - сказаў Канстанціна Чывенга.

Менавіта такіх падыходаў не хапала афрыканскім краінам з боку заходніх дзяржаваў. Таму Аляксандр Лукашэнка і заклікаў іх не ўкладвацца ў новую зброю, а падтрымліваць Афрыканскі кантынент: "Яны абадралі і паставілі на калені ўсю Афрыку. Яны працуюць на іх за капейку. Вось у чым галоўная прычына - няроўнасць. Таму трэба раскашэліцца еўрапейцам, амерыканцам, кітайцам і расіянам не на зброю, а ўкласціся ў гэтыя краіны, стварыць там нармальную сітуацыю. У Афрыцы ўсё можа расці".

Чым цікавыя адна адной дзяржавы Беларусь і Зімбабвэ

Хоць Зімбабвэ і не багатая з пункту гледжання эканомікі краіна, але ў ёй жывуць людзі, якія вельмі рады і гатовы супрацоўнічаць з бізнесам з Беларусі. Таму і беларускага Прэзідэнта тут сустракалі асабліва цёпла і каларытна - з танцамі, бубнамі і кракадзілам. Цацачны кракадзіл у руках у людзей аказаўся не проста так. Справа ў тым, што лідар Зімбабвэ мае мянушку Кракадзіл: яе ён атрымаў яшчэ ў часы антыкаланіяльнай вайны за схільнасць да рашучых дзеянняў, жорсткасць і палітычную хватку.

Беларусі ёсць што прапанаваць зімбабвійскім партнёрам у дапаўненне да праектаў, якія ўжо рэалізуюцца. Гэта грузавая, пасажырская, дарожна-будаўнічая тэхніка, тавары народнага спажывання, прадукты харчавання, фармацэўтычная прадукцыя і шмат іншага. Прэзідэнт Зімбабвійскай нацыянальнай гандлёвай палаты Майк Камунгерэму заявіў, што яго краіна атрымала вялікую выгаду ад двухбаковых адносін з Беларуссю ў самых розных галінах. Гэта сельская гаспадарка, горназдабыўная прамысловасць, энергетыка, развіццё інфраструктуры, навука, тэхналогіі і інавацыі. Нядзіўна, што пасля гэтага Мінск і Харарэ сталі гарадамі-пабрацімамі.

Адначасова Беларусі цікавая прадукцыя, якая вырабляецца ў Зімбабвэ. Больш таго, з'яўляючыся членам Еўразійскага эканамічнага саюза, Беларусь гатова стаць мостам паміж Еўразіяй і поўднем Афрыкі.

Патэнцыял у афрыканскага рынку для беларускіх тавараў і паслуг вялікі. У першую чаргу гэта датычыцца тэхналогій у сельскай гаспадарцы. Ад 60 працэнтаў да 80 працэнтаў насельніцтва ў краінах Афрыкі занята менавіта ў аграсектары. Таму мадэрнізацыя і механізацыя гэтай галіны, забеспячэнне харчовай бяспекі адыгрываюць там важную ролю. Асабліва ў цяперашніх крызісных умовах.

"Акрамя таго, іх цікавяць тэхналогіі, нашы напрацоўкі ў гэтай сферы, у тым ліку звязаныя з IT, кантролем за пасевамі, кантролем за статкамі, іншыя тэхналогіі, якія ў нас ёсць. Безумоўна, сектар здабыўной прамысловасці з'яўляецца для нас перспектыўным. Беларускую кар'ерную тэхніку там ведаюць, на ёй працуюць. Акрамя таго, ёсць попыт на паслугі ў сферы адукацыі. На сённяшні момант у Беларусі навучаецца амаль 1,6 тыс. студэнтаў з афрыканскіх краін. Міністэрства адукацыі сумесна з МЗС і пасольствамі праводзіць планамерную работу па нарошчванні афрыканскіх студэнтаў, якія навучаюцца тут: па медыцынскіх спецыяльнасцях, тэхнічных, сельскагаспадарчых", - расказаў Юрый Нікалайчык.

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Зімбабвэ

Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Эмерсан Мнангагва дамовіліся, што інвестыцыйныя і кааперацыйныя праекты стануць асновай прадаўжэння супрацоўніцтва.

"У галіне прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і здабычы карысных выкапняў. Мы таксама дамовіліся, што гэтыя кантракты і нашы дамоўленасці, якіх мы сёння дасягнулі, стануць асновай для прадаўжэння нашага супрацоўніцтва", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Раніцай наступнага дня мясцовая друкаваная прэса актыўна цытавала словы Аляксандра Лукашэнкі, які канкрэтна выказаўся аб дзеяннях Захаду. Прэзідэнт заўважыў, што Зімбабвэ багата на карысныя выкапні, а таму спакойнага жыцця гэтай краіне ніхто не дасць. І ў гэтым у тым ліку прычына санкцый. "Санкцыі амерыканцы ўвялі супраць вас не таму, што вы не дэмакратычныя. А таму, што вы вырашылі ўзяць пад кантроль сваю краіну і карысныя выкапні. Вы не пускаеце сюды розных міжнародных прайдохаў і жулікаў, каб яны карысталіся вашымі нетрамі. У гэтым прычына санкцый. Вас зноў, як гэта было ў мінулыя стагоддзі, хочуць паставіць на калені. А Прэзідэнт і ўлада Зімбабвэ гэтага не хочуць. Вось адсюль санкцыі", - сказаў ён.

"Вас будуць моцна расхістваць, каб пасеяць смуту ў вашым грамадстве, вас будуць ставіць на калені. Але вы павінны вытрымаць. І вы вытрымаеце, калі вы будзеце адзіныя, калі не дапусціце ўнутры краіны сутыкнення ўласнага народа з-за нейкіх палітычных амбіцый або ілюзорных абяцанняў Захаду і Амерыкі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нам чаго б гэта ні каштавала трэба прайсці гэты складаны перыяд у жыцці нашай планеты. Беражыце мір! Не здолееце гэта зрабіць - зноў трапіце пад каланіяльны прыгнёт".

І пад канец цікавы факт. Краіна Зімбабвэ геаграфічна размешчана паміж рэкамі Замбезі і Лімпапо. Так, гэта тая самая Лімпапо, на берагі якой спяшаўся трапіць да пацыентаў доктар Айбаліт са знаёмага кожнаму твора Карнея Чукоўскага. А таму Зімбабвэ ўжо не здаецца нейкай далёкай краінай, а наадварот, блізкай і нават роднай - казка ж родам з дзяцінства.

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі