Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

6 Май 2021

"Нам патрэбны сапраўды дзяржаўныя людзі" - у Лукашэнкі зноў абмяркоўваюць заканадаўства аб дзяржслужбе


6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзякуючы выбудаванай вертыкалі ўлады і выканальніцкай дысцыпліне сістэма дзяржаўнага кіравання функцыянуе дакладна і зладжана нават у самых няпростых сітуацыях. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях удасканалення заканадаўства аб дзяржаўнай службе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржаўная служба з'яўляецца важнейшым грамадскім інстытутам і ад яе эфектыўнасці залежыць непасрэдна паспяховае развіццё краіны, павышэнне якасці і ўзроўню жыцця грамадзян.

"За больш як чвэрць стагоддзя з моманту атрымання незалежнасці нам удалося выбудаваць стройную вертыкаль улады, сфарміраваны кампактны дзяржаўны апарат, забяспечана неабходная выканальніцкая дысцыпліна. У выніку нават у самых няпростых сітуацыях сістэма дзяржкіравання функцыянуе дакладна і зладжана. Лепшым пацвярджэннем таго з'яўляецца кансалідацыя дзяржслужачых і іх работа ва ўмовах мінулага года. Гэта была ўсё ж такі лакмусавая паперка", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, на бягучым этапе размова не ідзе аб кардынальным зломе старой сістэмы або рэфармаванні дзяржаўнай службы, асноўная задача - надаць імпульс яе далейшаму развіццю. "Лічу, што самае важнае ў сувязі з гэтым - кадры. Нам трэба прыцягнуць у дзяржапарат не проста кваліфікаваных і мэтанакіраваных спецыялістаў, здольных аператыўна вырашаць важныя задачы. Нам патрэбны сапраўды дзяржаўныя людзі. Будуць кадры - тады будзе і сістэма працаваць. Паступаючы на службу, чалавек павінен разумець, што яго галоўны абавязак - служыць краіне і беларускаму народу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Таму асаблівае значэнне набывае маральна-этычнае аблічча дзяржслужачага, яго паводзіны як на рабоце, так і ў побыце, заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў у новым законе ўвесці знакі адрознення для дзяржаўных служачых накшталт значкоў дэпутата. "Нам трэба ў законе дакладна прадугледзець, каб кожны дзяржаўны служачы ў грамадстве, у штодзённым жыцці нечым вылучаўся. Дапусцім, значок дзяржаўнага сцяга, - прапанаваў Прэзідэнт. - Калі ты дзяржаўны служачы, ты павінен знешне вылучацца ў грамадстве для таго, каб да цябе маглі звярнуцца людзі за дапамогай, парадай, падтрымкай і проста з табой пагаварыць. Менш будуць бегаць у прыёмныя і менш будуць пісаць пісем. І другое - гэта тэст для любога дзяржаўнага служачага: ён павінен ганарыцца тым, што ён дзяржаўны служачы. У адваротным выпадку не трэба яму быць дзяржаўным служачым".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што забеспячэнне высокага статусу і прэстыжнасці прафесіі немагчыма без замацавання сацыяльна-прававых гарантый. Аднак гэтыя гарантыі павінны строга суадносіцца з абавязкамі і адказнасцю кожнага супрацоўніка, дадаў Прэзідэнт. "І тут не павінна быць нейкага перабору: калі дзяржслужачы, значыць, растапырыў пальцы, як некаторыя ў нас іпэшнікі, айцішнікі і іншыя прыхільнікі алігархату. Ён проста павінен быць сціплым, прыстойным чалавекам і ў плане матэрыяльнага забеспячэння. Дзяржслужачы - гэта не значыць, што ў 10 разоў зарплата вышэйшая. Але ўсё павінна быць дастойна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Каб не было гэтага кантрасту, як у савецкія часы пры Гарбачове: сакратарам райкамаў, абкамаў і іншым зарплату паднялі ў два разы і адразу выклікалі агрэсію ў народа, таму што народ жыў няпроста. Гэта значыць вось тут прывязка павінна быць да народа".

З іншага боку, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, і беднымі дзяржаўныя служачыя таксама не павінны хадзіць. "Тады, можа, менш і карупцыі будзе. Хоць я не прыхільнік таго, што, калі некаму даць вялікую зарплату, значыць, ён хабары зусім перастане браць. Заўсёды грошай мала. Але ўжо будзе думаць: "Вазьму хабар - не толькі выганяць, пасадзяць. А тут усё ж такі нармальная зарплата і служба". Таму гэтыя пытанні трэба дакладна вызначыць і абазначыць", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заявіў: статус дзяржслужачага падымецца высока, але і патрабаванні будуць адпаведныя. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы гаварыў яшчэ на Усебеларускім народным сходзе. У якасці адмоўнага прыкладу выканальніцкай дысцыпліны Прэзідэнт прывёў работу па перарэгістрацыі некамерцыйных арганізацый. "Ужо больш за месяц прайшло - я не бачу рэакцыі з боку Адміністрацыі Прэзідэнта і прысутных. Вы што, чакаеце новай хвалі? Нам палітолагі ўжо, нашы прыхільнікі (дэпутаты і іншыя) пальцам паказваюць, патрабуюць ужо: "Вы "зачысціце" грамадства, мы бачым, што адбывалася". А чаго мы чакаем? Вы ж ведаеце, што праз гэтыя структуры ідзе фінансаванне гэтых бандытаў унутры краіны", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

На вырашэнне абазначаных Прэзідэнтам задач і накіраваны праект новага закона "Аб дзяржаўнай службе". Работа над ім вялася некалькі гадоў. У снежні мінулага года дэпутаты прынялі законапраект у першым чытанні. "Да яго разгляду ў другім чытанні мы дамовіліся абмеркаваць яшчэ раз ключавыя палажэнні гэтага дакумента разам з падрыхтаванымі ў мэтах яго развіцця праектамі ўказаў. Нам трэба быць абсалютна ўпэўненымі ў правільнасці задаваемых напрамкаў развіцця дзяржслужбы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пацікавіўся, наколькі новы закон будзе адпавядаць бягучым і перспектыўным патрабаванням дзяржавы і грамадства, якія прадугледжаны падыходы для дасягнення балансу дысцыпліны, адказнасці дзяржслужачых і павышэння прэстыжу дзяржаўнай службы. "Яшчэ раз падкрэслю свае патрабаванні: правы і абавязкі дзяржслужачых, правілы іх паводзін павінны быць накшталт ваенных, а, можа, недзе нават і вышэйшымі. Але палку перагнуць, вядома, ні ў якім разе нельга", - заявіў беларускі лідар.

Як далажыў на нарадзе кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, дзеючы закон аб дзяржаўнай службе прыняты ў 2003 годзе. "Улічваючы тое, як змяніўся свет, якія выклікі ставіць перад дзяржавай час, мы бачым, што пытанне ўдасканалення дзяржаўнай службы актуальнае як ніколі, - сказаў ён. - Падзеі мінулага года паказалі, што выбудаваная сістэма дзяржаўнага кіравання эфектыўная і моцная. Але не менш моцныя ўзрастаючыя ў апошнія гады пагрозы і рызыкі, якія патрабуюць прыняцця адпаведных мер для абароны нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту".

Ігар Сергяенка нагадаў, што тры гады таму па даручэнні кіраўніка дзяржавы была створана рабочая група і ў далейшым на пляцоўках Савета Рэспублікі, Адміністрацыі Прэзідэнта, Акадэміі кіравання не раз праходзілі абмеркаванні новай рэдакцыі закона аб дзяржслужбе і распрацаваных у мэтах яе развіцця праектаў указаў. "Заканадаўчыя навелы накіраваны на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў, прэстыжу дзяржаўнай службы і, што немалаважна, якасці падбору дзяржаўных служачых", - падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Паводле яго слоў, адным з нязменных прынцыповых патрабаванняў да сістэмы застаецца тое, што ў ёй павінны працаваць выключна прафесіяналы, адданыя сваёй краіне.

Праект новага закона аб дзяржаўнай службе быў падрыхтаваны па даручэнні Прэзідэнта, дадзеным яшчэ ў ліпені 2018 года. Законапраект распрацавала міжведамасная рабочая група, у склад якой уваходзілі як прадстаўнікі дзяржаўных органаў, так і вучоныя і эксперты, якія не з'яўляюцца дзяржаўнымі служачымі.

У праекце закона замацоўваецца цэласная сістэма дзяржаўнай службы, якая складаецца з дзяржаўнай грамадзянскай службы, ваеннай службы, службы ў ваенізаваных арганізацыях. На думку распрацоўшчыкаў, гэта будзе садзейнічаць устараненню супярэчнасцей у прававым рэгуляванні, а таксама закладзе фундамент для збліжэння і выпрацоўкі ўніфікаваных падыходаў у рэгламентацыі розных відаў дзяржаўнай службы.

У дакуменце прадугледжаны агульныя для ўсіх дзяржаўных служачых нормы, якія вызначаюць прынцыпы дзяржаўнай службы і паняцці. Уводзіцца рэестр дзяржаўных грамадзянскіх пасад і ўдасканальваецца існуючая сістэма класаў дзяржаўных служачых. Рэестр дасць магчымасць дыферэнцыраваць грамадзянскія пасады і адпаведную ім аплату працы ў залежнасці ад узроўню дзяржаўнага органа, ускладаемых на грамадзянскага служачага паўнамоцтваў, узроўню кваліфікацыі, стажу грамадзянскай службы. У гэтых мэтах падрыхтаваны праект указа аб дзяржаўных грамадзянскіх пасадах.

Прадугледжваецца таксама ўзмацненне дысцыпліны і адказнасці грамадзянскіх служачых у мэтах збліжэння іх прававога статусу з ваеннаслужачымі. У прыватнасці, вызначаецца паняцце службовай дысцыпліны грамадзянскіх служачых і спосабы яе забеспячэння па аналогіі з патрабаваннем воінскіх статутаў і статутаў ваенізаваных арганізацый, замацоўваюцца агульныя патрабаванні да этычных паводзін грамадзянскіх служачых па аналогіі з палажэннямі дзеючых дысцыплінарных статутаў, якія распаўсюджваюць сваё дзеянне як на службовыя паводзіны, так і на паводзіны ў побыце. Для гэтых мэт у якасці дадатку да закона распрацаваны агульныя патрабаванні службовай этыкі дзяржаўных грамадзянскіх служачых. Невыкананне патрабаванняў службовай этыкі прывядзе да прымянення да грамадзянскага служачага мер дысцыплінарнага ўздзеяння.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі