21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзіміра Арлоўскага, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мытня - гэта перш за ўсё бюджэт. Я інфармаваны аб тым, што на працягу бягучага года вы, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, у гэтым плане нават прыбавілі да ўзроўню мінулага года - амаль на 3,5%. Гэта добры рост, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Тым не менш хацеў бы пачуць, якія ёсць праблемы ў гэтым плане".
"Нікуды не сышлі грубыя выпады ў эканамічных адносінах з боку краін Еўрапейскага саюза, Захаду ў цэлым. Ідзе пераарыентацыя таварапатоку на ўсход. Удаецца, не ўдаецца - якія ў гэтым плане праблемы?" - удакладніў беларускі лідар.
Як інфармуюць Прэзідэнта прэм'ер-міністр і ўрад, Беларусі ўдалося пераарыентаваць таварныя патокі на ўсход. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што адным са сведчанняў таго з'яўляюцца нядаўнія перагаворы з амерыканцамі. Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў аб пастаўцы беларускіх калійных угнаенняў для ЗША. Разам з тым беларускі бок не можа паставіць амерыканцам вялікія аб'ёмы, паколькі вырабленая прадукцыя ўжо закантрактавана на гэты год.
"Мы нават калі захацелі б паставіць (калій. - Заўвага БЕЛТА) кудысьці на іншыя, заходнія рынкі, проста гэтых аб'ёмаў няма - усё закантрактавана", - нагадаў беларускі лідар.




Ён таксама ўдакладніў, як складваецца сітуацыя з пастаўкамі тавараў з недружалюбных краін, якія ўвялі санкцыі супраць Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы абазначыў яшчэ адно пытанне, звязанае з пераарыентацыяй таварапатоку. Размова ідзе аб увядзенні Расіяй сістэмы пацвярджэння чакання тавараў (СПЧТ). "Як на нас уплываюць меры, якія прымае Расійская Федэрацыя з мэтай абароны свайго рынку, - так званая СПЧТ? У агульных рысах, вядома, я сачу за абстаноўкай і інфармаваны, што вам удалося наладзіць добрыя адносіны з Расіяй у плане ўвядзення вось гэтых мер і нашы перавозчыкі не адчуваюць нейкіх сур'ёзных праблем. Гэта добра", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мытная інфраструктура - як яна працуе на ўсходнім, заходнім напрамках? Што, можа, трэба зрабіць, каб работа была больш эфектыўнай?" - спытаў Уладзіміра Арлоўскага беларускі лідар.
Кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта далажыў Прэзідэнту, як у цяперашняй абстаноўцы фарміруюцца таварныя патокі на граніцы. "Цяпер 85% усяго беларускага экспарту і імпарту для беларускіх прадпрыемстваў - гэта ўсходні напрамак. У першую чаргу Кітай і іншыя краіны Азіі. Вядома, і Расійская Федэрацыя", - адзначыў ён.
Гаворачы аб паступленнях плацяжоў у дзяржаўны бюджэт, Уладзімір Арлоўскі звярнуў увагу, што рост амаль на 3,5% зафіксаваны за восем месяцаў. У гэтым месяцы паказчык росту пакуль знаходзіцца на адзнацы 5,2%.