Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

4 Jun 2020

"Мы вытрымаем і пераможам" - Лукашэнка арыентаваў урад на пераадоленне сучасных выклікаў


4 чэрвеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы новы склад урада, арыентаваў усіх на інтэнсіўную работу для пераадолення сучасных цяжкасцей і выклікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму палічыў патрэбным сабраць на нараду ўсіх новых кандыдатаў, а таксама тых кіраўнікоў, якія прадоўжаць працаваць на ранейшых пасадах. "Стан спраў, што складваецца ва ўсім свеце, а значыць, і ў нашай краіне, вы ўсе ведаеце. Вялікая колькасць новых выклікаў, якія сканцэнтраваліся ў сціслы перыяд часу, патрабуюць максімальнай мабілізацыі намаганняў усіх дзяржаўных органаў і найперш урада, - сказаў ён. - Гэта мацнейшая праверка нашай стойкасці і захавання дзяржавы. Мы павінны вытрымаць гэта. І мы вытрымаем, не першы раз, і пераможам".

Папярэдні склад Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Сяргея Румаса прапрацаваў тры гады. "За гэты час удалося захаваць збалансаванасць у эканоміцы па большасці паказчыкаў. Сумесна з Нацыянальным банкам забяспечана ўстойлівасць на фінансавым рынку, выраслі даходы насельніцтва, рэалізаваны шэраг значных інвестыцыйных і інфраструктурных праектаў", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер мала не дапусціць спаду эканомікі і ўзроўню жыцця людзей. "Неабходна ўмець не толькі працаваць у складаных і непрадказальных умовах, але і бачыць шляхі развіцця там, дзе іх не бачаць іншыя. А калі стаіць пытанне нашай выжывальнасці, мы ўсе павінны зразумець і ўбачыць гэтыя шляхі, - адзначыў Прэзідэнт. - Выхопліваць і выкарыстоўваць кожны шанц, кожную магчымасць для руху. Для гэтага нам трэба без прыкрас ацаніць праведзеную работу: што дасягнута на сёння, а што не, сумленна адказаць на пытанне: "Чаму?", зрабіць высновы і вызначыць увесь спектр задач, якія стаяць перад намі - і неадкладных, і сярэднетэрміновых, і стратэгічнага характару". Асаблівую ўвагу новаму складу ўрада варта засяродзіць на вырашэнні задач, якія стаяць перад сферамі, найбольш блізкімі да людзей, - жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўніцтва, аграрная галіна.

"Нам трэба заняцца самым сур'ёзным чынам пытаннямі рэгіянальнай палітыкі, каб падцягнуць да вялікіх гарадоў раёны, якія адстаюць ад узроўню і якасці жыцця. Прыкладна тое, што мы пачалі рабіць па Віцебскай вобласці. Гэта задача не толькі мясцовых улад. І ўраду трэба будзе сістэмна вырашаць гэту праблему. У нас жа кампактная, кіруемая краіна, - сказаў Прэзідэнт - Помніце, што ўсе прапанаваныя рашэнні павінны праходзіць праз прызму ацэнкі іх уплыву на патрэбы і запатрабаванні чалавека - дастойныя рабочыя месцы, узрастаючыя даходы, даступныя цэны на тавары і паслугі".

Па многіх пытаннях у дзяржаве ўжо былі прыняты неабходныя рашэнні, і новым кіраўнікам трэба неадкладна пачаць іх выкананне, а таксама сфарміраваць свае прапановы. "Я вельмі разлічваю, што праграма дзейнасці ўрада комплексна ахопіць шляхі вырашэння ўсіх пастаўленых перад краінай задач і ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй тэрміны будзе прадстаўлена парламенту", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі