13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня на прыёме ад імя Прэзідэнта Беларусі на стары Новы год адзначыў заслугі тых, хто рухае краіну наперад канкрэтнымі справамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цяперашняе мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка назваў добрай традыцыяй, якая нарадзілася ў суверэннай Беларусі. Традыцыйна ўжо прынята сустракаць стары Новы год і арганізоўваць з гэтай нагоды прыём ад імя Прэзідэнта, які, на радасць адным і засмучэнне другім, завяршае шэраг зімовых свят.
Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт сказаў:" Рады вас бачыць і ў вашай асобе перш за ўсё хачу падзякаваць за мінулы год вашым калегам, супрацоўнікам, падначаленым, вашым сябрам, родным і блізкім".
У першую чаргу кіраўнік дзяржавы адрасаваў словы ўдзячнасці прадстаўнікам СМІ, асабліва журналістам, экспертам і аналітыкам. "Вы заўсёды побач. Без перабольшання - абараняеце інтарэсы краіны на нашым інфармацыйным полі. Разам з ваеннымі. Хоць вы цяпер наперадзе, нават стаіце наперадзе нашых ваенных людзей".
"І гэта не даніна таму, што я на гэтым вечары і вас тут нямала. Не. Як я ўжо гаварыў, час няпросты цяпер. Што будзе заўтра, мы не ведаем. Я вам шчыра аб гэтым гавару, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Шэраг падзей навагодніх і пасля Новага года (не скажаш, што яны святочныя). Хто чакаў, што будуць такія падзеі? Ніхто не чакаў".
"Я вам шчыра гавару, валодаючы шматлікай інфармацыяй: я не ведаю, у які бок павернецца гэты ашалелы свет", - сказаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што ў гэтай сітуацыі прадстаўнікі СМІ, журналісты знаходзяцца на пярэднім краі. "Я абсалютна перакананы, што мы не паўторым таго, што было ў нас зусім нядаўна, (таму што. - Заўвага БЕЛТА) прыйшлі маладыя, вельмі крэатыўныя, як модна цяпер гаварыць, і вельмі прыгожыя людзі, асабліва жанчыны (у Год жанчыны гэта важна)", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што інфармацыйны парадак дня цяпер перагружаны вялікай колькасцю інтэрпрэтацый, не заўсёды карэктных, часта лжывых. "А вам трэба выходзіць пастаянна да людзей і гаварыць праўду. Праўду, якая, на жаль, не такая цікавая, як выдумка, не такая яркая, як фэйк, дыпфэйк і іншае", - заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускія журналісты працуюць сумленна, прафесіянальна, умела, адбіваючы інфармацыйныя ўкіды, мэта якіх - унесці разлад у жыццё грамадства. "Вам давяраюць людзі, і гэта вышэйшая ацэнка працы", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуўся да прадстаўнікоў сілавога блока, якія традыцыйна прысутнічаюць на прыёме. "Абсалютна перакананы: і госці сённяшняга вечара, і ўсе беларусы ведаюць, што мір і бяспека ў краіне трымаюцца перш за ўсё на плячах з пагонамі. Ведаюць, што кожны, хто прысвяціў сябе самаадданаму служэнню Беларусі, з'яўляецца эталонам доблесці і гонару. Я хачу таксама падзякаваць ваенным за іх службу і адданасць краіне і народу", - сказаў беларускі лідар.
"Па сутнасці, мы ўсе служым Айчыне, рухаючы Беларусь наперад канкрэтнымі справамі ў эканоміцы (урад у нас кіруе ў гэтым плане), адукацыі, ахове здароўя, культуры, спорце, дзяржаўным кіраванні. Гэта штодзённая праца", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што прадстаўнікі ўсіх пералічаных катэгорый у святочныя дні не адпачывалі, былі на пасту. "Асабліва мне спадабаўся ваш парыў па снегаачыстцы нашай краіны. Журналісты неяк жартам падавалі ўсё гэта. Але ў гэтым жарце ёсць доля праўды, і немалая доля. Вось так мы павінны быць заўсёды - адзіныя. Не ныць, не стагнаць (такія былі, вядома, няшмат, але былі)", - заўважыў Прэзідэнт.
"Тое, што мы працавалі, - гэта і ёсць наш патрыятызм. Гэта ўклад кожнага з нас не на сваім рабочым месцы, а на агульнай ніве. Мы разам змагаліся з гэтай праблемай і, як бачыце, перамаглі. Дай бог і далей так", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожны з прысутных на мерапрыемстве варты самых высокіх узнагарод і ўдзячнасці з боку Прэзідэнта. "Вы - людзі, якія праслаўляюць нашу краіну, абараняюць яе. Думаю, вы пастаянна будзеце сігналізаваць нашаму грамадству і тым, хто за межамі нашай краіны, што мы заўсёды будзем адзіныя і гатовы абараніць у любой сітуацыі нашу Айчыну", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Медалі, Падзякі Прэзідэнта і нагрудныя знакі да ганаровых званняў кіраўнік дзяржавы ўручыў супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі, выдатным дзяржаўным і спартыўным дзеячам.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны першы намеснік старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (НДТРК) Сяргей Гусачэнка і дырэктар Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" у Беларусі Вольга Шпілеўская.


Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта начальніку сектара па апрацоўцы фотаінфармацыі РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" Ірыне Ягоршынай, генеральнаму прадзюсару Беларускага радыё НДТРК Антону Васюкевічу, уласнаму карэспандэнту ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Максіму Вечаркову, галоўнаму дырэктару галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Першы інфармацыйны" НДТРК Наталлі Гарахавік і палітычнаму аглядальніку ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Яўгену Пуставому.




Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў нагрудныя знакі да ганаровых званняў. Звання "Заслужаны работнік сродкаў масавай інфармацыі" ўдастоены дырэктар - галоўны рэдактар установы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі "Выдавецкі дом "Беларусь сегодня" Дзмітрый Жук, звання "Заслужаны супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі" - старшыня КДБ Іван Тэртэль, звання - "Заслужаны майстар спорту" - спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Беларусі па скачках на батуце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастычных відах спорту Іван Літвіновіч.






