5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з рабочай групай па аналізе дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) абазначыў асноўныя напрамкі, якія патрабуюць прыярытэтнай увагі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што зроблена для ўстаранення выяўленых рабочай групай недахопаў і што прапануецца зрабіць, калі не ўсе яны былі ліквідаваны.
Прэзідэнт вылучыў тры асноўныя напрамкі Акадэміі навук, якія патрабуюць прыярытэтнай увагі: практыкаарыентаванасць навуковых даследаванняў, укараненне распрацовак у эканоміку і сацыяльную сферу, а таксама імпартазамяшчэнне і экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пад практыкаарыентаванасцю маецца на ўвазе эфектыўнасць узаемадзеяння навукі і прамысловасці, сельскай гаспадаркі, медыцыны, транспарту і іншых сфер. "Паколькі важны і такі аспект: ці бачаць практыкі ў навуцы фундамент для свайго развіцця? Наколькі рэзультатыўна яны ўзаемадзейнічаюць з вучонымі?" - пацікавіўся ён.
Гаворачы пра ўкараненне распрацовак у эканоміку і сацыяльную сферу, Прэзідэнт спытаў, што перашкаджае росту навукаёмістасці ВУП.
"І трэцяе - імпартазамяшчэнне і экспарт навукова-тэхнічнай прадукцыі. Наколькі наша Акадэмія ўключана ў вырашэнне гэтых задач?" - абазначыў яшчэ адно пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў дакладах яму патрэбна рэальная карціна, якая складваецца ў айчыннай навуцы, - перш за ўсё, у Акадэміі. Тут важна пачуць, якія меры па ўдасканаленні дзейнасці прыняты і якія прапановы па яе далейшай рабоце падрыхтаваны.
"Ад вынікаў сённяшняй нарады залежыць, якія арганізацыйныя, магчыма, кадравыя і іншыя рашэнні будуць прыняты. Вы добра ведаеце, што ў навуковай сферы так заведзена - усе найважнейшыя рашэнні прымаюцца калегіяльна, што мы і робім", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што адобраныя на нарадзе падыходы ўжо восенню разгорнуцца ў канкрэтныя мерапрыемствы, якія трэба будзе абмеркаваць і зацвердзіць на сустрэчы з навуковай грамадскасцю.
"Тое, што з навуковай грамадскасцю мы павінны абмеркаваць праблемы развіцця навукі (і будучыні нашай навукі), - гэта дакладна. Што мы і зробім у бліжэйшы час - у гэтым годзе дакладна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў на нарадзе кіраўнік рабочай групы старшыня Камітэта дзяржкантролю (КДК) Васіль Герасімаў, дзейнасць гэтай групы была пабудавана ў два этапы. На першым вывучаліся вынікі работы Акадэміі навук па пытаннях практыкаарыентаванасці распрацовак, укаранення іх у галіны эканомікі, уключаючы вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі. На другім этапе аналізавалася эфектыўнасць арганізацыйных структур Акадэміі навук.
Рабочая група выявіла шэраг недахопаў, якія і абазначыў у сваім дакладзе Васіль Герасімаў. У прыватнасці, размова ішла аб тым, што не ўсе напрамкі навуковай дзейнасці забяспечваюць уклад у развіццё вытворчасці і экспарту. Паводле слоў старшыні КДК, патрабуе ўдасканалення і методыка ацэнкі рэзультатыўнасці навукова-тэхнічных праграм.