Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

7 Лют 2020

Момант ісціны - Лукашэнка і Пуцін сёння ў Сочы зноў паспрабуюць дамовіцца па праблемных пытаннях

Момант ісціны - Лукашэнка і Пуцін сёння ў Сочы зноў паспрабуюць дамовіцца па праблемных пытаннях
Фота з архiва

7 лютага, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў сочынскай Краснай Паляне правядзе перагаворы са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Кіраўнік беларускай дзяржавы прыбыў у Сочы напярэдадні.

У прэс-службе беларускага лідара расказалі, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць шырокі комплекс пытанняў, якія стаяць на парадку дня беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Прэс-служба Крамля ў сваю чаргу паведамляе, што прэзідэнты абмяркуюць актуальныя тэмы двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ў кантэксце інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы.

Варта адзначыць, што прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустракаюцца даволі часта як у двухбаковым фармаце, так і на інтэграцыйных пляцоўках, а пры неабходнасці сазвоньваюцца для абмеркавання бягучых пытанняў. Апошнім часам медыйны інтарэс да перагавораў кіраўнікоў дзяржаў асабліва вырас у сувязі з праблемамі, якія ўзніклі ў супрацоўніцтве.

На працягу мінулага года ўрады Беларусі і Расіі распрацоўвалі інтэграцыйны пакет - тры дзясяткі дарожных карт па розных напрамках, аднак на пачатак 2020 года засталіся неўрэгуляванымі важныя для Беларусі практычныя пытанні, у тым ліку якія знаходзяцца па-за плоскасцю інтэграцыі. Асноўны клубок спрэчак звязаны з фарміраваннем цэн і пастаўкамі расійскай вуглевадароднай сыравіны. Тут таксама прысутнічае фактар падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі, з-за якога толькі ў 2019 годзе Беларусь страціла амаль $330 млн, у тым ліку страты бюджэту склалі $130 млн, нафтаперапрацоўчых заводаў - амаль $200 млн.

Акрамя таго, пакуль не канчаткова ўрэгулявана пытанне аб кампенсацыі расійскім бокам за пастаўленую ў красавіку па трубаправодзе "Дружба" брудную нафту. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы - Мазырскі НПЗ і ААТ "Нафтан" - вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты, урон быў нанесены і трубаправоднай сістэме.

"Гэта адбываецца рэгулярна на працягу ўжо 13 гадоў"

Як паведамлялася, напярэдадні візіту ў Расію Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду на тэму забеспячэння эфектыўнай работы паліўна-энергетычнага комплексу краіны. "Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць шэраг мер па выкананні прагнозных паказчыкаў і, няма чаго ўтойваць, пераадоленні тых негатыўных тэндэнцый, якія намеціліся ў нашай эканоміцы ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце і перш за ўсё ва ўзаемаадносінах з Расіяй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта не толькі вузкія пытанні. Яны ва ўсіх на слыху - тыпу паставак нафты, газу, прадуктовыя войны, якія, на жаль, сталі прывычнымі ў апошні час".

Прэзідэнт канстатаваў, што рознагалоссі па энергетычных пытаннях з бліжэйшым партнёрам - Расіяй - адбываюцца рэгулярна на працягу ўжо 13 гадоў, нягледзячы на ўзаемныя абавязацельствы. "Хоць пры іх падпісанні нам былі дадзены цвёрдыя гарантыі. Напрыклад, у гэтым годзе Расія абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 млн т нафты - па 2 млн кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тыс. - адна чвэрць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь у студзені працавала над пастаўкамі нафты з расійскай групай кампаній "Сафмар" па цане без прэміі, у той час як іншыя расійскія пастаўшчыкі патрабавалі да цаны на нафту заплаціць яшчэ і дадатковую прэмію. "І на тоне гэта 15-16$. А памножце на 24 млн т. Гэта вялікія грошы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка ў адным з нядаўніх выступленняў.

Ёсць прэтэнзіі ў беларускага боку і ў пытанні паставак расійскага газу. Прэзідэнт ужо не раз за апошні час нагадваў, што раней пры продажы "Белтрансгаза" была дамоўленасць і абяцанне на працягу наступных некалькіх гадоў выраўняць для Беларусі цэнавыя ўмовы з Расіяй. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што прынцыповае тут пытанне не цаны, а роўных канкурэнтных умоў.

На папярэдніх шматгадзінных перагаворах з Уладзімірам Пуціным 7 снежня ў Сочы Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Роўныя ўмовы - больш нічога не трэба. Мы не просім, як некаторыя кажуць, танны газ, танную нафту. Мы гатовы і па $200 газ купляць і нафту купляць не па $63 за бараль".

Дарэчы, цана расійскага газу для Беларусі ў 2019 годзе складала $127 за 1 тыс. куб.м, і аб новым кантракце і цане бакі павінны былі дамовіцца яшчэ летам мінулага года. Але гэта ўдалося зрабіць толькі напярэдадні Новага года, і то па цане толькі на студзень-люты з захаваннем мінулагодняга ўзроўню, хоць беларускі бок разлічваў на паэтапнае зніжэнне.

"Альтэрнатыўныя пастаўкі - не блеф"

Сітуацыя з пастаўкамі энергарэсурсаў вымусіла Беларусь шукаць альтэрнатыўныя крыніцы. Прамое даручэнне ўраду наконт гэтага даў Аляксандр Лукашэнка. Разглядаюцца самыя розныя варыянты паставак, уключаючы трубаправодны і чыгуначны транспарт. Тэма публічна ўжо абмяркоўвалася з высокімі службовымі асобамі сумежных краін-транзітараў - прэм'ер-міністрам Латвіі Крыш'янісам Карыньшам і міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам у час іх нядаўніх візітаў у Беларусь.

Вядуцца актыўныя перагаворы і з патэнцыяльнымі пастаўшчыкамі. Напрыклад, з Казахстанам. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліваў, што работа з альтэрнатыўнымі расійскім пастаўкамі нафты - гэта не блеф, і расказаў аб магчымых маршрутах. Адзін з іх - праз парты на Балтыцы, і такім чынам ужо закуплена партыя нарвежскай нафты. Яшчэ адзін балтыйскі маршрут - з Гданьска па адной з нітак нафтаправода "Дружба", які для гэтага неабходна будзе запусціць у рэверсным рэжыме. "Я Пуціну адкрыта сказаў: на першым этапе, калі мы з палякамі дамовімся, будзем рэверсам пастаўляць па адной з трох труб", - адзначаў кіраўнік дзяржавы ў канцы студзеня.

Трэці напрамак, і ён ужо раней быў апрабаваны - пастаўкі праз Украіну з Чорнага мора.

"І чацвёрты - гэта Расія. Мы не адмаўляемся ад гэтай нафты. Але такім чынам адбудзецца дыверсіфікацыя паставак. Гэта значыць, мы не з адной краіны, ад манаполіі, будзем атрымліваць нафту", - заяўляў Прэзідэнт.

Раней таксама паведамлялася аб гатоўнасці шэрага буйных ігракоў на нафтавым рынку пастаўляць адпаведную сыравіну ў Беларусь. У іх ліку партнёры на Блізкім Усходзе і нават ЗША. "Нашы вытворцы энергарэсурсаў гатовы забяспечыць вас неабходнай нафтай на 100 працэнтаў па канкурэнтных цэнах. Мы самыя буйныя вытворцы энергарэсурсаў у свеце. І ўсё, што вам патрэбна, - звярнуцца да нас", - сказаў 1 лютага пасля сустрэчы ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа.

У цэлым Прэзідэнт ставіць задачу імкнуцца да таго, каб 30-40 працэнтаў патрабуемых аб'ёмаў нафты закупляць у Расіі і прыкладна па трэці завозіць з Балтыкі і праз Украіну.

"Настаў момант ісціны"

Аб маючых адбыцца чарговых перагаворах з кіраўніцтвам Расіі стала вядома 4 лютага. Прэзідэнт Беларусі расказаў аб гэтым журналістам у час наведвання прадпрыемства ў Добрушы. "Я так разумею, і пра гэта яму буду гаварыць адкрыта, - нейкі момант ісціны настаў. Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй. - Заўвага БЕЛТА). Мы былі архітэктарамі гэтых адносін, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар'еры. Мы ж не вечныя. Што мы пакінем пасля сябе - вось у чым пытанне", - заявіў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што Беларусь хоча самых цёплых, добрых і дружалюбных адносін з брацкім народам Расіі, але ўказаў на шэраг праблемных пытанняў, якія застаюцца ў міждзяржаўным супрацоўніцтве. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на вялікі дысбаланс у беларуска-расійскім тавараабароце: "У нас сёння адмоўнае сальда ў знешнім гандлі з Расіяй $9 млрд. Гэта значыць яны ў нас прадаюць на $9 млрд больш, чым купляюць. Дык хто каго корміць? Спецыялісты гэта разумеюць".

У цэлым кіраўнік дзяржавы яшчэ раз заклікаў да канструктыўнага супрацоўніцтва. "Трэба наладжваць адносіны. Нам трэба перадаць новаму пакаленню тое, што мы зрабілі (у мінулыя гады па развіцці двухбаковых адносін з Расіяй. - Заўвага БЕЛТА), прытым у дастойным выглядзе", - рэзюмаваў ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі