Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

26 Лют 2019

Магчымыя змяненні ў пытаннях прызыву ў армію вынесены на нараду ў Прэзідэнта

Магчымыя змяненні ў пытаннях прызыву ў армію вынесены на нараду ў Прэзідэнта

26 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Магчымыя змяненні ў пытаннях прызыву ў армію абмяркоўваюцца на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі з пастаяннымі членамі Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Традыцыйна ў такім складзе мы збіраемся для вырашэння актуальных пытанняў забеспячэння бяспекі дзяржавы. Сёння нам трэба абмеркаваць тэму камплектавання Узброеных Сіл і іншых войскаў асабовым складам. Прасцей кажучы, размова пойдзе аб прызыве на тэрміновую службу нашай моладзі", - адзначыў у пачатку нарады кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што згодна з Канстытуцыяй Беларусі абарона краіны - гэта свяшчэнны абавязак грамадзяніна. "Кожны мужчына павінен умець пастаяць за сваю краіну, сваю сям'ю. І рабіць гэта ён павінен эфектыўна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Некалі практычна кожны беларус служыў у арміі. Гэта было прэстыжна, таму юнакі імкнуліся папоўніць рады Узброеных Сіл. Аднак на працягу шэрага гадоў для прызыўнікоў уводзіліся розныя адтэрміноўкі, і сёння ў нас іх больш, чым у любой іншай дзяржаве, асабліва ў суседніх".

Прэзідэнт канстатаваў, што праявіліся наступствы так званай дэмаграфічнай ямы 90-х гадоў. "І выйдзем мы з гэтай ямы толькі прыкладна да 2025 года", - сказаў ён.

За апошнія 10 гадоў колькасць прызыўнікоў, якія стаяць на ўліку, скарацілася амаль у два разы, і ў мінулым годзе паказчыкі камплектавання войскаў маладым папаўненнем не былі выкананы. "Значыць, нашы юнакі не прайшлі армейскую школу, якая дае навыкі абароны Айчыны, а гэта звязана непасрэдна з нацыянальнай бяспекай Беларусі", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя меры па змяненні цяперашняй сітуацыі прыняты ўжо. У мінулым годзе былі адменены адтэрміноўкі для шэрага катэгорый, у тым ліку пракурорскім работнікам і судмедэкспертам. "Даадтэрміноўваліся да таго, што людзі, якія працуюць практычна ў ваенізаваных падраздзяленнях, атрымлівалі адтэрміноўкі. Калі сілавое ведамства, дык хаця б пачатковую падрыхтоўку ў арміі трэба прайсці. Больш таго, пракуроры і судмедэксперты расследуюць крымінальныя справы, якія датычацца ваеннаслужачых. Іх цяжка будзе расследаваць, калі ты знутры не ведаеш службы", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Адначасова ён заявіў, што названыя меры не прынеслі жаданага выніку, а 80 працэнтаў прызыўнікоў вызваляецца ад службы ў арміі для прадаўжэння адукацыі ў ВНУ.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ўрад падрыхтаваў праект дакумента па адпаведных пытаннях. Плануецца таксама ўвесці меры, якія садзейнічаюць павышэнню адказнасці за ўхіленне ад службы, а з іншага боку - зацікаўленасці грамадзян у выкананні воінскага абавязку.

"Сёння абмяркуем гэтыя прапановы і прымем па іх рашэнне. Але трэба мець на ўвазе, што ў адзін момант нам будзе цяжка прыняць усе рашэнні. Хоць у нас і ёсць праблема з камплектаваннем Узброеных Сіл, тым не менш яна не катастрафічная. Гэта дае нам магчымасць ісці крок за крокам, прымаючы рашэнні па дасягненні канчатковай мэты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама неабходна падумаць над абмежаваннямі, звязанымі са станам здароўя прызыўнікоў: "Прынцып тут адзін: хлопец не павінен служыць у арміі, калі ў яго сапраўды ёсць сур'ёзныя медыцынскія проціпаказанні для нясення службы".

"Калі чалавек не можа выконваць свой воінскі абавязак, ні ў якім разе яго не трэба прызываць у армію. Мы падумаем, як па-за арміяй навучыць яго карыстацца зброяй і ўмець абараняць сваю сям'ю ў цяжкай сітуацыі. Але ёсць сітуацыя, і аб гэтым многія гавораць, што па нейкіх надуманых медыцынскіх прычынах, тыпу плоскаступнёвасці, мы не прызываем у армію ваеннаслужачых. Ёсць і шмат іншых выдуманых паказанняў, па якіх мужык не павінен служыць у арміі. Трэба разабрацца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі