Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

1 Feb 2021

Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржграніцы ў 2021 годзе

Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржграніцы ў 2021 годзе
Фота з архiва

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў сёння рашэнне на ахову дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2021 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як заявілі ў Дзяржпагранкамітэце, абстаноўка на беларускай граніцы на працягу 2020 года заставалася стабільнай і кантралюемай, пагроз пагранічнай бяспецы не выяўлена. Дзеючыя з пачатку года абмежаванні з-за пандэміі, нарошчванне шчыльнасці аховы граніцы і прыкрыцця рубяжоў прывялі да зніжэння проціпраўнай дзейнасці.

"Разам з тым на рубяжах Беларусі захаваліся рызыкі і выклікі пагранічнай бяспецы, звязаныя з незаконнай міграцыяй, кантрабандай і спробамі перасячэння граніцы радыкальна настроенымі асобамі. Тэрыторыя Беларусі па-ранейшаму выкарыстоўвалася для транзіту незаконных мігрантаў з нестабільных рэгіёнаў у краіны Еўрасаюза", - адзначылі ў ведамстве.

Як расказаў журналістам старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо, у гэтым годзе прадоўжыцца інжынернае абсталяванне дзяржграніцы, у тым ліку завершыцца работа па абазначэнні беларуска-ўкраінскага ўчастка з боку Беларусі ў межах Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Размова ідзе, у прыватнасці, пра ўвядзенне ў строй новай заставы ў раёне аграгарадка Глушкавічы.

Што датычыцца 2020-га года, то Анатоль Лапо адзначыў яго асаблівасць, абумоўленую пандэміяй і ўнутрыпалітычнымі падзеямі ў Беларусі. "Вядома, звонку мы таксама зведвалі націск. Я сакрэт не адкрыю, калі скажу, што мы не ўпусцілі ў Беларусь некалькі тысяч людзей, якія ў другім паўгоддзі ехалі з рознымі намерамі. Была і спроба дэстабілізацыі абстаноўкі на прыбалтыйскім напрамку, хацелі працягнуць "ланцуг". Мы гэтага не дапусцілі", - канстатаваў кіраўнік Дзяржпагранкамітэта.

Паводле яго слоў, работа ў гэтым напрамку прадоўжыцца і ў бягучым годзе, органы пагранічнай службы будуць гатовы адказаць на выклікі, абараніць рубяжы. "Граніца - жывы арганізм. Сёння на ўчастку спакойна, заўтра - аператыўная абстаноўка", - заўважыў Анатоль Лапо.

Як падкрэсліў Прэзідэнт, прымаючы з дакладам кіраўніка ДПК, Беларусь вымушана адказваць на выклікі і пагрозы. "Наша тут адказнасць не толькі за Беларусь, але і расіян. Трэба аддаць належнае, што ўсё ж такі ўзровень аховы нашымі пагранічнікамі зоны адказнасці перасягае любую граніцу ў свеце. Мы разумеем, што граніца - гэта люстэрка, твар любой дзяржавы. Я магу спрачацца з любым, што няма такой аховы дзяржаўнай граніцы ў свеце ў іншай дзяржавы, як у Беларусі. На гэтым узроўні ахову дзяржаўнай граніцы трэба і падтрымліваць".

Органы пагранслужбы выкрылі і спынілі 12 каналаў наркатрафіка, выявілі 45 асоб з прыкметамі датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці. Аднак у цэлым агульная колькасць парушальнікаў заканадаўства аб дзяржграніцы знізілася больш як у два разы - з 4 тыс. у 2019 годзе да 1,8 тыс. у 2020-м.

Сярод асноўных задач на 2021 год у Дзяржаўным пагранічным камітэце назвалі ўдасканаленне інжынернага і тэхнічнага абсталявання рубяжоў, а таксама прыбліжэнне да іх месцаў дыслакацыі падраздзяленняў. Прадоўжыцца актыўнае будаўніцтва сігналізацыйных комплексаў і ўстаноўка аўтаматызаваных пастоў тэхнічнага нагляду для надзейнага кантролю ахоўных участкаў.

Напрыклад, створаны на пагранічнай заставе "Хойнікі" цэнтр маніторынгу дае магчымасць дыстанцыйна кантраляваць звыш 100 км граніцы з Украінай пры дапамозе розных сістэм аховы і нагляду. У бягучым годзе яго магчымасці ўзрастуць у некалькі разоў.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі