Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

30 Jun 2019

Лукашэнка выступае за павышэнне ўзроўню адносін Беларусі з Японіяй, асабліва ў інвестыцыйнай сферы

Лукашэнка выступае за павышэнне ўзроўню адносін Беларусі з Японіяй, асабліва ў інвестыцыйнай сферы

30 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за павышэнне ўзроўню адносін Беларусі з Японіяй, асабліва ў інвестыцыйнай сферы. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з міністрам па пытаннях аднаўлення Японіі, міністрам па каардынацыі комплекснай палітыкі па пераадоленні наступстваў аварыі на АЭС у Фукусіме Хіраміці Ватанабэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў той факт, што ў Беларусі рады візіту высокапастаўленага члена ўрада Японіі. "Гэта звязана з тым, што пара б нам ужо наладжваць добрыя, цёплыя, дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і Японіяй", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сур'ёзна цікавіцца развіццём Японіі і грамадства гэтай краіны. "Радуемся за вашы поспехі, перажываем, калі ў вас ёсць нейкія праблемы. Ваша краіна вельмі развітая, высокатэхналагічная. І ў гэтым я ў свой час пераканаўся асабіста. Гэта было 20 гадоў таму", - адзначыў Прэзідэнт.

"У нас прынята рашэнне аб тым, што, нягледзячы на геаграфічную адлегласць, мы з Японіяй павінны мець, асабліва ў сферы інвестыцыйнага супрацоўніцтва, вельмі цесныя адносіны. Калі ўрад Японіі гатовы на гэта, то мы зробім гэта вельмі хутка, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ў вашай дзяржавы ёсць інтарэс у гэтай частцы планеты - у Еўропе, вы можаце выкарыстоўваць Беларусь для рэалізацыі гэтых інтарэсаў".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што было б карысным пачаць з некалькіх сумесных інвестыцыйных праектаў у Беларусі для таго, каб бліжэй пазнаёміцца, стварыць аснову, фундамент адносін.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб сур'ёзным вопыце супрацоўніцтва з Японіяй, асабліва ў пытанні пераадолення розных катастроф. "Японія была першай краінай, якая працягнула нам руку дапамогі пасля чарнобыльскай катастрофы. Акрамя таго, што вы падтрымлівалі дзяржаву, наша насельніцтва ў чарнобыльскіх раёнах, мы вялі з вамі сумесныя навуковыя распрацоўкі па праблемах пераадолення катастрофы. І бачыце, так сталася, што гэтыя нашы сумесныя распрацоўкі спатрэбіліся Японіі, асабліва пасля "Фукусімы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Словам, мы адкрытыя для супрацоўніцтва. Калі добрая воля ўрада Японіі на гэта будзе, давайце пачынаць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Хіраміці Ватанабэ падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за запрашэнне наведаць цырымонію закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ён адзначыў, што гэты спартыўны форум садзейнічаў аб'яднанню краін і народаў. "Думаю, нам трэба яшчэ паглыбіць нашы дружалюбныя адносіны ў сферах культуры і спорту", - сказаў міністр.

Хіраміці Ватанабэ таксама выказаў удзячнасць беларускаму боку за аказаную дапамогу Японіі ў пераадоленні наступстваў разбуральнага землетрасення, якое адбылося ў сакавіку 2011 года на ўсходзе краіны. Землетрасенне выклікала цунамі каля ўсходняга ўзбярэжжа вострава Хансю і стала прычынай аварыі на атамнай электрастанцыі "Фукусіма-1".

З пачатку 1990-х гадоў і асабліва пасля аварыі на АЭС "Фукусіма-1" развіваецца ўзаемадзеянне з Японіяй па праблематыцы мінімізацыі наступстваў тэхнагенных і прыродных катастроф. У рамках японскай урадавай праграмы "Карані травы" беларускія медыцынскія ўстановы ў пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах атрымліваюць неабходнае абсталяванне. Штогадовы аб'ём фінансавання па гэтай лініі - $300-400 тыс., агульны аб'ём дапамогі перасягнуў $3 млн.

Пасля прыродных і тэхнагенных катастроф, якія адбыліся ў сакавіку 2011 года на паўночным усходзе Японіі, Беларусь аказала японскаму боку фінансавую дапамогу ў памеры $500 тыс. (сродкі накіраваны ў адрас Японскага таварыства Чырвонага Крыжа).

З 2012 года рэалізуецца праграма аздараўлення ў Беларусі дзяцей з прэфектур, якія пацярпелі ў выніку аварыі на АЭС "Фукусіма-1".

Створаны Сумесны камітэт па рэалізацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Японіі аб супрацоўніцтве ў галіне пераадолення наступстваў аварый на атамных электрастанцыях.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі