Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

5 Dec 2019

Лукашэнка: у Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган

Лукашэнка: у Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган
5 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння важны і ў той жа час урачысты дзень у палітычным жыцці нашай краіны. Мы вітаем у Палацы Незалежнасці дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Гэта наш Палац Незалежнасці і толькі потым - рабочая рэзідэнцыя Прэзідэнта. Сёння мы падводзім вынікі і дзякуем за работу мінуламу складу дэпутацкага корпуса", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён сказаў, што, мяркуючы па публікацыях у СМІ і меркаваннях некаторых дэпутатаў, нехта чакае ад Аляксандра Лукашэнкі заяў. У сувязі з гэтым ён заявіў: "Гэта не форма для глабальных заяў. Вы ведаеце, што ёсць такая форма работы, як Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту, дзе робяцца нейкія істотныя заявы".

Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, традыцыя такіх сустрэч з дэпутатамі пакуль не ўкаранілася і толькі ўстанаўліваецца. На сустрэчы размова пойдзе аб некаторых ацэнках і важных пытаннях. "Мы пагаворым аб надзённых пытаннях нашай дзяржавы. Тут - эліта нашага грамадства. Вас выбралі людзі, у вас за спінай выбаршчыкі. Даказвайце людзям справай, што вы дастойныя гэтага высокага звання", - заявіў Прэзідэнт.

Ён лічыць сімвалічным, што праведзеныя парламенцкія выбары супалі са знакавым для краіны годам. "У 2019-м мы адзначалі 25-годдзе Канстытуцыі - дакумента, які адыгрывае найважнейшую ролю ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"З прыняццем Асноўнага закона мы юрыдычна замацавалі шматвяковыя традыцыі беларусаў, якія заўсёды імкнуліся да справядлівасці, незалежнасці і мірнай стваральнай працы на сваёй зямлі, удзельнічалі амаль ва ўсіх вядомых у гісторыі відах і формах народнага прадстаўніцтва. Вытокі беларускага парламентарызму бяруць свой пачатак у Полацкім вечы, сеймах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, Дзяржаўнай думе Расійскай імперыі, дзейнасці ўсебеларускіх з'ездаў Саветаў і скліканняў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Фарміраванне сучаснага парламента праходзіла ў даволі няпросты перыяд: "Першыя гады перабудовы, развал Савецкага Саюза балюча ўдарылі па ўсіх сферах жыццядзейнасці краіны. Бадай, самым цяжкім выпрабаваннем стала несправядлівасць, з якой сутыкнуўся народ у эпоху перамен. Людзям, якія ўсё жыццё сумленна працавалі, не было на што жыць і не было чаго пакінуць сваім дзецям. Па факту краіна стаяла на краі бездані".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтых умовах на плечы беларускага народа лёг груз адказнасці за вырашэнне найскладанейшых задач: аказаўшыся без залатога запасу, нафты і газу, неабходна было стварыць новую эканамічную мадэль. "Нафта і газ былі рэсурсамі ўсёй вялікай краіны. І Беларусь у савецкі перыяд часу ўклала нямала, каб прабурыць там, у Сібіры, свідравіны, здабыць нафту, газ", - сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў савецкі час здабываемую ў Беларусі нафту экспартавалі. Цяпер адсутнасць нафты з'яўляецца вялікай праблемай для краіны.

Прэзідэнт адзначыў, што тады трэба было захаваць агульнанародную ўласнасць, неабходна было замацаваць сацыяльную накіраванасць унутранай палітыкі дзяржавы, устанавіць прававы парадак і спыніць экстрэмізм і бандытызм. У гэтым умовах трэба было будаваць краіну, наводзіць парадак, і парадак быў наведзены.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што таксама трэба было выбудаваць новыя дыпламатычныя ўзаемаадносіны, разлічваць не было на каго. Беларусь хутка прызналі замежныя дзяржавы. Трэба было таксама вызначыцца з новай дзяржаўнай сімволікай, якая аб'ядноўвае грамадства. "Трэба было спыніць распальванне нацыянальнай варожасці і вырашыць важнае для людзей моўнае пытанне і шмат іншых праблем. Іншымі словамі - пабудаваць моцную, жыццяздольную дзяржаву", - рэзюмаваў ён.

"Для стварэння новай, сапраўды дэмакратычнай палітычнай мадэлі абставіны патрабавалі прыняцця хуткіх, бескампрамісных рашэнняў і прававога замацавання адпаведных паўнамоцтваў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І толькі дзякуючы сваёй мудрасці і гатоўнасці ўзяць на сябе адказнасць за будучыню краіны беларусы прынялі гэтыя найважнейшыя рашэнні на ўсенародных рэферэндумах. Прагаласавалі за цвёрдую ўладу, стабільнасць і законнасць. У краіне быў сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што стварэнне двухпалатнага парламента - Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь - забяспечыла паслядоўнае і эфектыўнае правядзенне намечаных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

"Завяршаючы гэта гістарычнае адступленне, скажу галоўнае. Вядома, з гадамі негатыў забываецца. З пункту гледжання праблем, з якімі сутыкнулася краіна ў 1990-я, сёння многім беларусам, напэўна, нават у думках не хочацца вяртацца ў той час. І гэта нармальна. Правільней трымацца за лепшыя моманты, а адмоўны вопыт успрымаць з удзячнасцю, - лічыць Прэзідэнт. - Для мяне як кіраўніка дзяржавы самым светлым успамінам тых гадоў назаўсёды застанецца падтрымка нашага народа".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі