30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі паставіў напружаныя задачы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Тэма ўзаемадзеяння з краінамі Афрыкі часта абмяркоўваецца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, паколькі традыцыйныя экспартныя рынкі неабходна пашыраць. "І не толькі таму, што мы там пачалі прасядаць, асабліва ў плане экспарту нашай прадукцыі", - заўважыў Прэзідэнт.
Аднак ва ўрадзе перад нарадай былі сумненні наконт таго, ці ўдасца падрыхтавацца да мерапрыемства ў сціслыя тэрміны. "Хачу толькі папярэдзіць усіх членаў урада і тых, хто адказвае за напрамак супрацоўніцтва ў дадзеным выпадку з Афрыкай, - павінны быць гатовы з раніцы да вечара кожны дзень да даклада і абмеркавання тых ці іншых праблем", - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што збірае службовых асоб не для таго, каб тэарэтызаваць ці "разглядаць буйныя філасофскія праблемы", а для абмеркавання рэальнай работы. Таму на парадку дня мерапрыемства - цяперашні стан спраў у супрацоўніцтве з Афрыкай і прапановы на перспектыву.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад удзельнікаў нарады неабходны дадатковыя прапановы па развіцці супрацоўніцтва з Афрыкай. Асабліва гэта датычыцца такіх напрамкаў, як харчовая бяспека, пастаўкі прамысловай і ваенна-тэхнічнай прадукцыі, перспектывы стварэння сумесных зборачных вытворчасцей. Патрэбны таксама ініцыятывы ў сферах адукацыі і аховы здароўя. Напрыклад, у частцы ўзаемадзеяння па падрыхтоўцы кадраў.
"Катэгарычна вас папярэджваю, каб мы не сталі падобнымі да "празасядалых" - будзем цяпер тут адзін аднаму расказваць, што мы заўтра зробім. Давайце пачнём з таго, што зрабілі, чаму не зрабілі. А потым ужо аб планах", - сказаў Прэзідэнт.
"Афрыка для Беларусі - той жа Кітай 30 гадоў таму, рынак будучыні, куды трэба актыўна ісці і заваёўваць на ім свае нішы. Менавіта там рэзерв дыверсіфікацыі экспарту для базавых галін нашай эканомікі, такіх як сельская гаспадарка, машынабудаванне, вытворчасць угнаенняў і іншыя", - канстатаваў беларускі лідар.
Тэмпы росту ВУП гэтага кантынента перавышаюць сярэднесусветныя - больш як 4 працэнты супраць 3 працэнтаў у 2025 годзе, дэмаграфічнага росту - тым больш (2-3 працэнты прыросту ў год). А вось доля ў міжнародным гандлі пакуль неадэкватна нізкая - 2,6 працэнта сусветнага экспарту і 3 працэнты - імпарту. Гэта сведчыць аб тым, што там сціскаецца спружына адкладзенага попыту, адзначыў Прэзідэнт.





Плюс Афрыку можна назваць крыніцай па сыравінных рэсурсах. Тут знаходзіцца трэць сусветных запасаў карысных выкапняў, у тым ліку 8 працэнтаў усяго прыроднага газу, 12 працэнтаў нафты, 40 працэнтаў золата, да 90 працэнтаў хрому і плаціны. "Гэта сёння ператварае Афрыку ў лакаматыў, у счэпцы з якім можна рухацца наперад. Але менавіта ў моцнай счэпцы, а не спрабуючы заскочыць на апошнюю падножку адыходзячага поезда", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўрадам была прынята праграма дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі на 2024-2026 гады. Аднак Прэзідэнт ацаніў яе як вельмі лёгкую, ненапружаную. Напрыклад, тэмп росту экспарту тавараў - 107,2 працэнта пры сярэднім па краіне 97,5 працэнта. "Нібыта, нядрэнны рост, але лічбы вельмі заніжаны", - лічыць Прэзідэнт.
"Здавалася б, вось ён - шанц. Калі пайшлі справы, дык трэба сабраць рэзервы, падтрымаць лепшых і навучыць астатніх. А на самай справе? - спытаў кіраўнік дзяржавы. - Прыкмет сістэмнай работы я пакуль не бачу. Ніхто нічога не карэкціруе ні ў планах, ні ў метадах".
Тым часам у бягучым годзе "ачышчаны" экспарт з краінамі Афрыкі (без нафтапрадуктаў, угнаенняў і спецпрадукцыі) складае менш за чвэрць ад аб'ёму паставак - $130 млн.
Аднак жыццё падкідвае задачы без уліку ненапружаных планаў урада, канстатаваў Прэзідэнт. "Сітуацыя на нашых асноўных (экспартных. - Заўвага БЕЛТА) рынках цяпер складаная. Адтуль мы ні ў якім разе не сыдзем і будзем змагацца за свайго спажыўца. Але ў прадпрыемстваў і галін ужо не можа быць адгаворак, што ўсё закантрактавана, што нехта ў Расіі прапануе лепшую цану і гэтак далей, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Трэба ісці на далёкую дугу і там працаваць. Гэта сур'ёзная задача, і не толькі сённяшняга дня".
Для кіраўнікоў Прэзідэнт ставіць задачы забяспечыць загрузку магутнасцей, працоўныя месцы і зарплаты для людзей, нягледзячы на існуючыя цяжкасці. "Менавіта ў складаных сітуацыях!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пакуль жа на ўсе афрыканскія краіны прыпадае толькі 2 працэнты ад агульнага аб'ёму экспарту Беларусі (за 8 месяцаў мінулага года гэты паказчык быў на ўзроўні 1,9 працэнта).