Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

2 Ліп 2021

"Мы будзем жыць і развівацца насуперак усім цяжкасцям" - Лукашэнка ўручыў дзяржузнагароды заслужаным дзеячам


2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цырымонія праходзіць напярэдадні самага важнага для краіны свята - Дня Незалежнасці. А таму асабліва пачэсная для прысутных і сведчыць аб іх вялікіх заслугах. Перш за ўсё гэта датычыцца тых, хто, выконваючы свой прафесійны абавязак, фактычна змагаўся за Радзіму, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Практычна гэтак жа, як нашы гераічныя продкі ў час Вялікай Айчыннай вайны, якая пачалася 80 гадоў таму, - сказаў беларускі лідар у пачатку цырымоніі. - Гэтак жа, як і ім, нам было нялёгка. Але, як і яны, мы дакладна ведалі, што пераможам. Таму што за намі - праўда. За намі - сапраўдная, а не прытворная любоў да сваёй зямлі. І адказнасць за яе", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што беларускае грамадства стараліся расхістаць знутры інфармацыйна, спрабавалі ўчыніць каляровую рэвалюцыю, спадзеючыся на бліцкрыг, спрабавалі дэмаралізаваць, глуміліся з беларускіх сімвалаў. "Але ўсё роўна пралічыліся, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер перайшлі да эканамічнага ўдушэння". Прэзідэнт нагадаў, што супраць краіны ўведзены сектаральныя санкцыі, прычым для гэтага выбрана сімвалічная дата - ноч на 22 чэрвеня, калі 80 гадоў таму напалі нацысты і пачалася вайна.

"Нас, беларусаў, хацелі пазбавіць святога - права на працу, адабраць у нашых дзяцей і старых кавалак хлеба, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Але, відаць, гэтыя людзі дрэнна ўлічылі акалічнасці і наогул дрэнна вучылі ў школе гісторыю. Беларусы ніколі не здаюцца. Цяжкасці нас толькі загартоўваюць, як сталь. Мы станем мацнейшымі і больш паспяховымі. Вы, запрошаныя ў гэту залу, лепшае таму пацвярджэнне".

Прэзідэнт адрасаваў словы асаблівай удзячнасці тым, хто носіць пагоны, і для каго прысяга, афіцэрскі гонар і воінскі абавязак - непахісная сістэма жыццёвых каардынат. Таксама ён падзякаваў дзяржаўным служачым, журналістам, суддзям, юрыстам, выдаўцам і прадстаўнікам грамадскіх арганізацый - тым, хто змагаецца на інфармацыйным фронце, цвёрда стаіць на варце ісціны і закона. Беларускі лідар выказаў удзячнасць вучоным і выкладчыкам, якія дапамагаюць студэнтам не толькі атрымаць прафесійныя веды, але і засвоіць галоўны жыццёвы ўрок - Радзіму не прадаваць. Кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў з уручэннем высокіх узнагарод і падзякаваў за работу сельскім працаўнікам, работнікам прамысловасці, будаўнікам.

"Людзей, як вы, называюць соллю зямлі. І я дакладна ведаю, што за кожным стаіць калектыў такіх жа прафесіяналаў-аднадумцаў. Гэта значыць, што мы будзем жыць і развівацца насуперак усім цяжкасцям і будзем шчаслівыя ў сваёй моцнай, працвітаючай Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт уручыў ордэн Пашаны дырэктару Бабруйскай узбуйненай друкарні імя А.Ц.Непагодзіна Уладзіміру Пасько, дырэктару філіяла "Будаўнічае ўпраўленне нумар 25" ААТ "Мінскпрамбуд" Канстанціну Шаміну і аператару машыннага даення сельскагаспадарчага прадпрыемства "Больцішкі" Воранаўскага раёна Данусі Вількель.

Ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўзнагароджаны намеснік начальніка ўзбраення Узброеных Сіл Сяргей Лях, начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення - намеснік начальніка Генеральнага штаба УС Аляксандр Шкірэнка і начальнік 602-й базы рамонту і захоўвання УС Алег Германаў.

Вялікая група прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ўдастоена ганаровых званняў. Звання заслужанага дзеяча культуры ўдастоена аглядальнік Беларускага тэлеграфнага агенцтва Аліна Грышкевіч, заслужанага дзеяча навукі - прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Гаін і дырэктар Інстытута прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі Пётр Кучынскі, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі - генеральны дырэктар ААТ "Малочны свет" Марына Анікеева, заслужанага будаўніка - генеральны дырэктар ААТ "Дарожна-будаўнічае ўпраўленне нумар 1" г.Рагачова Таццяна Балакірава, заслужанага юрыста - прафесар кафедры экалагічнага і аграрнага права БДУ Сяргей Балашэнка, заслужанага работніка прамысловасці - дырэктар ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод" Павел Пінігін.

Шэраг прадстаўнікоў універсітэтаў і каледжаў удастоены звання заслужанага работніка адукацыі, у іх ліку прафесар кафедры гісторыі беларускай дзяржаўнасці Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Канстанцін Баландзін, прарэктар па вучэбнай рабоце Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Наталля Канявалава, адміністратар народнага музея баявой і працоўнай славы Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва Ларыса Хацько.

Дыпломы аб прысваенні звання заслужанага спецыяліста Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь кіраўнік дзяржавы ўручыў начальніку Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва - памочніку міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Алегу Воінаву, памочніку міністра абароны па ідэалагічнай рабоце - начальніку ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леаніду Касінскаму, начальніку Ваеннай акадэміі Віктару Лісоўскаму.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі