30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае да 2030 года дасягнуць тавараабароту з Кыргызстанам у памеры $500 млн. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Кабінета Міністраў - кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Кыргызстана Адылбекам Касымаліевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы гатовы да ўсяго спектра супрацоўніцтва з Кыргызстанам. Мы з вялікай павагай ставімся да вас, урада вашага, народа. І мы гатовы дасягнуць таго ўзроўню тавараабароту, аб якім мы шэптам сёння размаўляем - гэта прыкладна 500 мільёнаў долараў. Я нават не хачу абазначаць дату. Да 2030-га дасягнём - будзе вельмі добра. Але зрабіць мы гэта можам і павінны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт указаў і на канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва з Кыргызстанам. Адзін з такіх напрамкаў - горназдабыўная прамысловасць, дзе ў Беларусі ёсць пэўныя кампетэнцыі.
"Мы гатовы працаваць па старых нашых кантрактах і праектах, якія былі характэрны для Беларусі з савецкіх часоў, удзельнічаць у вашых праектах. Асабліва нас цікавіць горназдабыўная прамысловасць, паколькі мы валодаем усім неабходным для здабычы і транспарціроўкі горных парод да фабрык перапрацоўкі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў час афіцыйнага візіту, які пачаўся 28 верасня, кіраўнік Кабінета Міністраў Кыргызстана правёў перагаворы з прэм'ер-міністрам Беларусі, дзе былі дасягнуты пэўныя дамоўленасці.
"Ведайце, што мы абавязкова выканаем усё тое, што мы паабяцалі нашым кыргызскім сябрам", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Адылбек Касымаліеў пагадзіўся, што ў бакоў ёсць усе магчымасці давесці тавараабарот да абазначанага ўзроўню ў памеры $500 млн. Ён адзначыў, што напярэдадні быў падпісаны шэраг дакументаў па развіцці супрацоўніцтва ў розных галінах, і галоўны з іх - дарожная карта да 2030 года.
Прэм'ер-міністр Кыргызстана таксама расказаў, што перад вылетам у Беларусь быў на сустрэчы ў Прэзідэнта краіны Садыра Жапарава. "Ён перадаў вам самыя цёплыя словы прывітання і вельмі станоўча ўспрыняў мой афіцыйны візіт у Беларусь", - адзначыў Адылбек Касымаліеў.